Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Мінск-Масква: Транзіт улады, ці Нас чакае вайна за Беларусь?

06.06.2019 политика
Мінск-Масква: Транзіт улады, ці Нас чакае вайна за Беларусь?

Для Пуціна Лукашэнка «шасцёрка».

Ёсць рэальнасць – і ёсць беларуская палітыка.

Рэальнасць такая: беларусы, якія разумеюць небяспеку, што пагражае краіне, збіраюць подпісы за выхад з дамовы «Аб саюзной дзяржаве», а кіраўнік Рэспублікі Беларусь вядзе перамовы з кіраўніком Расійскай Федэрацыі аб паглыбленні інтэграцыі да той, якая б задавальняла кіраўніка РФ, глыбіні. Да такой глыбіні, на якой Беларусь і Расія зліваюцца ў адну дзяржаву.

«Расія не пасягае на нашу незалежнасць! Пуцін – мой сябар!» – супакойвае беларусаў беларускі палітык Лукашэнка.

«Навошта Пуціну Беларусь, калі гэта эканамічна не выгадна? Расіі выгадней мець на захадзе краіну-саюзніцу, чым губернію РФ, так што страта незалежнасці нас не чакае», – падпяваюць Лукашэнку ўсялякія (і не толькі прыкарытныя) баюны. Ім з той жа Расіі кажуць (як нядаўна сказаў гэта дасведчаны ў расійскай палітыцы, у яе крамлёўскім закуліссі галоўны рэдактар радыё «Эхо Москвы» А. Венедзіктаў): «Трэба разумець, што расійская эліта лічыць, што Расія, Украіна і Беларусь — адзін народ. Трэба разумець, што ад гэтай ідэі ніхто не адмовіўся, што гэта не проста капрыз Пуціна, а меркаванне бальшыні расійскай эліты, таму гісторыя «глыбокай інтэграцыі» і паскорылася», – а яны гэтага не хочуць чуць. Чаму? Бо ім напляваць на тое, будзе Беларусь, ці не! У іх свае, «наднацыянальныя» інтарэсы.

Я не кажу, што яны не любяць Беларусь. Магчыма, любяць. За што яе не любіць? Але ім не баліць.

Мне баліць. Невыносна. Беларусь ува мне крывёй сцякае – з цяжка, амаль насмерць параненай мовай, гісторый, культурай. І праз гэты боль я ведаю пра тое, што нас чакае, болей, чым усе Лукашэнкавы баюны разам узятыя.

Нас чакае вайна за Беларусь. Вайна на выжыванне. Яна ўжо ідзе – і нават прызначаная дата падпісання ўмоваў капітуляцыі ў гэтай вайне: 21 чэрвеня. За дзень да пачатку той вайны, якую назвалі Вялікай Айчыннай. А на 20 чэрвеня кіраўнік РФ прызначыў «прямую линию». Гэты наўпроставы псіхалагічны ціск – складнік гібрыднай вайны.

Усё гэта можна было б лічыць выпадковым, але не ў сённяшняй сітуацыі. Яна ўвогуле нагадвае прадваенную сітуацыю 1941 года. Пасля падпісання дамовы аб ненападзенні («саюзнай дамовы») паміж СССР і Нямеччынай савецкая прапаганда два гады даводзіла савецкім людзям, што Сталін і Гітлер – сябры. 21 чэрвеня немцы ўжо ў Брэсце, раніцай 22-го яны страляюць, а Сталін кажа, што гэта не вайна, а правакацыя. Дарэчы, каб пазбегнуць вайны, каб застацца ў Крамлі, а не апынуцца за Уралам, куды перасяліць яго разам з СССР збіраўся ягоны «сябар», Сталін спрабаваў адкупіцца. Прапаноўваў Гітлеру забраць Украіну, Прыбалтыку, Бесарабію, Букавіну, Карэлію… «Сябра» такая прапанова не задаволіла – і зімой 41-га нямецкія войскі былі пад Масквой.

Чаму, калі СССР меў самую вялікую ў свеце армію, у якой хапала танкаў, самалётаў, гармат?.. Таму што народ, забаюканы песнямі пра сяброўства і братэрства, не быў гатовы да супраціву.

Чаму Гітлера не задаволіла тэрыторыя Украіны, якую Сталін аддаваў яму без вайны? Таму што апроч тэрыторый, Гітлеру яшчэ быў патрэбны помнік. Як герою, як волату, які адрадзіў імперыю, як вызваліцелю Еўропы ад камунізму – і ўрэшце, як месіі. Гэтакай бачыў ён сваю гістарычную ролю.

Пуцін пачаў вайну з Украінай не толькі таму, што яму патрэбны Крым. Больш за тое: Крым яму зусім не патрэбны. Як не патрэбная і Беларусь. Яму патрэбны помнік. Усё астатняе ў Пуціна ёсць.

Помнікі – псіхічная хвароба ўлады. І пракляцце народа, на крыві якога яны паўстаюць.

У самым пачатку свайго прэзідэнтства Пуцін прапанаваў беларусам далучыцца да РФ дабраахвотна (цалкам ці губерніямі), цяпер – праз ціск. Ніколі ад гэтай палітыкі ён не адступаў, і калі напачатку яна была звязаная толькі з імперскімі амбіцыямі, дык цяпер яшчэ і з асабістым інтарэсам. З помнікам збіральніку раскіданых праз прыкры гістарычны выпадак «исконно русских земель», герою, волату, які адрадзіў імперыю. З гэтага спалучэння вялікадзяржаўнага з асабістым і вынікае цяперашняя пагроза нашай незалежнасці.

Вось што мусім мы ўсвядоміць, вось з чаго павінны сыходзіць, калі хочам абараніць Беларусь, адстаяць яе як суверэнную дзяржаву.

Ёсць яшчэ адна прычына, па якой Пуцін будзе дамагацца далучэння Беларусі да Расійскай Федэрацыі. Гэта праблема прэзідэнцкіх выбараў 2024 года, у якіх паводле Канстытуцыі цяперашні кіраўнік РФ не можа ўдзельнічаць. Шмат хто сцвярджае (як той жа галоўны рэдактар радыё «Эхо Москвы» А. Венедзіктаў), што захаваць уладу Пуцін можа прасцей, без «саюзнай дзяржавы». Ён можа змяніць Канстытуцыю, як Лукашэнка змяніў.

Так, можа. Але рабіць гэтага ён не стане. І якраз таму, што гэта зрабіў Лукашэнка.

Апошнюю тэзу можна было б не ўдакладняць, але ўдакладню. Нельга не ўлічваць характар Пуціна, ягоную псіхалогію. Ён чалавек «понятий». Ён, калі скарыстацца тэрміналогіяй крымінальнага свету, у якім жывуць сёння і расійская, і беларуская ўлады, – «пахан». Лукашэнка для яго, – па той жа крымінальнай тэрміналогіі, – «мужык». Калі не «казел» ці «шасцёрка». І пахан не можа дзейнічаць тымі ж спосабамі, гуляць тымі ж краплёнымі картамі, якімі гуляюць «шасцёркі». У яго свой крап. Імперскі, а не местачковы. І сёння крап гэты – «саюзная дзяржава». З подпісам Лукашэнкі пад дамовай аб стварэнні такой дзяржавы.

Вось дзе сапраўдная палітычная гульня. І не толькі, нават не столькі з Лукашэнкам, колькі з Захадам.

Праблема «2024» не толькі праблема Пуціна. Гэта (што вельмі важна) – праблема ўсяго ягонага алігархату, якому трэба захаваць нахапанае, засланіцца ад магчымага рускага бунту, «слепого и беспощадного». Дык вось «саюзная дзяржава» – найлепшая заслона. «Дабраахвотна» далучаная Беларусь – гэта нават не анексаваны Крым. Уявіце, на якую вышыню – з салютамі і пераможнымі маршамі – зноў уздымецца дух «русского мира»!

Дух гэты матэрыялізуецца ў вялізныя выдаткі, у эканамічныя страты? Так. Але хто ў Расіі дзеля «Мінскнаш!» будзе зважаць на эканоміку? Тым больш, што ўжо столькі ўбахана ў гэты інвестыцыйны праект. Таму мільярдам менш, мільярдам больш. Крымскі мост.

Размовы, якія пачаў Лукашэнка пра змены ў Канстытуцыі, ці нават пра новую Канстытуцыю, крок па «крымскім» мосце. Любыя змены ў Канстытуцыі – гэта рэферэндум, а мы маем вынікі трох папярэдніх рэферэндумаў. Праз іх не стала паўнавартаснага парламенту, незалежага суда, нацыянальнай сімволікі, беларускай мовы – цяпер можа не стаць самой Беларусі. І калі баюны мне баяць, што новая Канстытуцыя – крок да плаўнага «транзіту» ўлады, я з імі амаль згодны. Так, плаўнага. Так, транзіту. Але не ад аўтарытарызму да дэмакратыі, а з Мінска ў Маскву.

Некалі Лукашэнка марыў стаць прэзідэнтам у Маскве. Цяпер – транзітам – можа стаць віцэ-прэзідэнтам. Ці прэм’ер-міністрам. Але за Уралам – і то не надоўга. Так што па сутнасці перад ім пытанне: быць, ці не быць? Вось што стала вынікам ягонай “хітрай” (разумнае дзіцятка смокча дзве маткі) палітыкі, праз якую перад пытаннем быць ці не быць ён паставіў Беларусь.

Што яму рабіць, каб быць? Прапанаваць тэрыторыю?.. Гэта “зауральскі” варыянт. Іншы, – каб была Беларусь, – кінуць гуляць у “адзінага гаранта”, у “правадыра”, які ўсё вырашае за ўсіх. Кінуць гульні ў таямнічасць, сакрэтнасць, адкрыта сказаць грамадству пра тое, што насамрэч адбываецца, каб вывесці краіну з летаргічнага сну, каб народ гатовы быў да супраціву. Калі гэта страшна зрабіць самому, не замінаць тым, хто не баіцца, дапусціўшы ўсіх актыўных прадстаўнікоў грамадства да выбараў: парламенцкіх і прэзідэнцкіх. Калі прынята рашэнне мяняць Канстытуцыю, то ўжо сёння патлумачыць: як, у чым і для чаго? – і вынесці гэта на ўсенародае абмеркаванне… А калі хочацца помніка, дык помніць, што помнікі розныя бываюць. Да нейкіх кветкі носяць, а нейкія зносяць – і праклінаюць тых, каму былі яны пастаўленыя.

Уладзімір Някляеў, Facebook

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]