Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Што чыталі продкі беларусаў

14.06.2019 общество
Што чыталі продкі беларусаў

Традыцыі пісьменства на беларускіх землях былі ўспрыняты старажытнымі асветнікамі яшчэ ад дзейнасці Кірыла і Мяфодзія.

Ці можна даведацца, якая кніга была першай у Беларусі? Хто яе напісаў? Дзе? Калі? Як ствараліся першыя кнігі? Якія таямніцы яны і зараз захоўваюць на паліцах сусветнавядомых бібліятэк ад Парыжа да Кітая? Расказвае вядучы навуковы супрацоўнік Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі, кандыдат філалагічных навук Ірына Будзько, пiша onliner.by.

Першыя кнігі на тэрыторыі сучаснай Беларусі

Мала дайшло да нас артэфактаў гісторыі, якія па сваёй знакавасці і культурнай каштоўнасці пераважваюць старажытныя рукапісы... Традыцыі пісьменства на беларускіх землях былі ўспрыняты старажытнымі асветнікамі яшчэ ад дзейнасці святых братоў Кірыла і Мяфодзія, стваральнікаў славянскай азбукі і перакладчыкаў Евангельскіх тэкстаў на зразумелую для славян мову.

Большасць рукапісаў, якія дайшлі да нас з часоў Сярэднявечча, — гэта творы сакральнага характару: Евангеллі (каля чвэрці ўсіх зарэгістраваных старажытных помнікаў пісьменнасці), Псалтыры, зборнікі царкоўных песнапенняў, манастырскія статуты і г. д. І сёння дакладна невядома, якія тэксты былі першымі з перакладзеных на стараславянскую мову Кірылам і Мяфодзіем. Вядома толькі, што гэта былі ўрыўкі са старажытнагрэчаскіх Евангелляў і Псалтыроў, якія мелі практычнае прызначэнне і выкарыстоўваліся падчас царкоўных службаў. Кананічны тэкст размяшчаўся ў іх не ў храналагічным парадку, а ў парадку чытання па днях года, таму такія Евангеллі і Псалтыры называліся апракаснымі (ад грэчаскага apracos — тыднёвы). Менавіта апракаснае Евангелле пачалі перакладаць святыя браты на стараславянскую мову.

Пачынаючы з ХІ ст. колькасць старажытных рукапісаў, якія распаўсюджваліся на ўсходнеславянскіх землях, павялічвалася з неверагоднай хуткасцю. Пры цэрквах і манастырах ствараліся скрыпторыі — своеасаблівыя лабараторыі па перапісванні святых тэкстаў. І хаця аднаму чалавеку трэба было 8—10 месяцаў, каб перапісаць кнігу (бо першыя кнігі былі напісаны ўставам, кожная літара выпісвалася вельмі дасканала, старонкі аздабляліся арнаментам, малюнкамі, загалоўнымі літарамі — ініцыялямі), ужо ў першыя стагоддзі пасля прыняцця хрысціянства колькасць рукапісных кніг на землях Старажытнай Русі налічвала тысячы асобнікаў.

Землі гістарычнай Беларусі былі таксама ўключаны ў працэс успрыняцця новай веры, пісьменства, новай культуры. На шляху распаўсюджання хрысціянства ў хуткім часе ўзвысіліся на землях усходніх славян тры Сафійскія саборы: Кіеўскі, Полацкі, Наўгародскі. У пабудаваных цэрквах вяліся службы, чыталася літургія па старажытных рукапісах — спачатку завезеных з поўдня славянства, потым перапісаных мясцовымі кніжнікамі.

Полацкае Евангелле, ХІІ ст.

Пачэснае месца сярод старажытных кніг, створаных на беларускіх землях і дайшоўшых да нашых дзён, займае Полацкае Евангелле ХІІ ст. (магчыма, пачатку ХІІІ ст.):

1-я старонка Полацкага Евангелля

Кніга створана па візантыйскіх узорах, але выглядае больш сціпла. Няма сумневу, што перапісчык быў родам з Полаччыны. Тэкст напісаны буйнымі правільнымі (устаўнымі) літарамі, уяўляе сабой поўнае апракаснае Евангелле (хаця на сённяшні дзень захаваліся толькі дзве трэція рукапісу). На палях помніка зроблены пазнейшыя прыпіскі паўуставам і скорапісам, якія датуюцца XIV і XVI ст. З прыпісак мы даведваемся аб фактах перадачы зямельнай маёмасці полацкаму Свята-Троіцкаму манастыру, у якім і захоўвалася доўгі час святыня, выконваючы ролю напрастольнага Евангелля.

Полацкае Евангелле — самы старажытны рукапісны тэкст, які дайшоў да нас з тых, што ўзніклі на беларускіх землях у часы Сярэднявечча (старэйшае за яго толькі Тураўскае Евангелле ХІ ст., але ад яго захавалася ўсяго 11 аркушаў). Евангельскі тэкст напісаны на пергаміне, тонка вырабленай скуры маладых цялят. Нягледзячы на амаль тысячу гадоў, якія аддзяляюць нас ад моманту стварэння гэтай кнігі, мы можам адзначыць вельмі добрую ступень захаванасці помніка. Калі б матэрыялам для пісьма служыла папера, то, канешне, да сённяшніх дзён кніга не дайшла б. Пергамін быў вельмі трывалым матэрыялам, на ім добра захаваліся напісаныя літары і малюнкі, толькі чарніла зараз ужо не чорнае, а з бураватым адценнем. Службы вяліся пры свячах, святар мог трымаць свечку ў руцэ, расплаўлены воск мог капнуць на старонку, тонкая скура пад уздзеяннем цяпла губляла цэльнасць, на старонках заставаліся няроўнасці, дзірачкі... Іх можна разгледзіць і сёння:

У якасці ўпрыгожанняў выкарыстаны арнамент візантыйскага характару, ініцыялі напісаны чырвонай фарбай, часам сустракаецца і сіні колер. Сярод загалоўных літар трапляюцца В, П, Р, зрэдку Ч.

Некаторыя найбольш простыя элементы арнаменту выкарыстоўваюцца і ў якасці полевых знакаў. Са знакаў прыпынку ўжывалася толькі кропка, якая ставілася пасярэдзіне радка і абазначала канец цэльнага фрагмента. Як і ва ўсіх помніках пісьменнасці таго часу, словы пісаліся без прабелаў і пераносіліся на наступны радок без знакаў пераносу, што значна ўскладняе чытанне і разуменне тэксту. На першай старонцы ў якасці ўпрыгожання калісьці быў арнамент з выкарыстаннем срэбра, якое з часам акіслілася і пачарнела.

Як ужо адзначалася, рукапіс добра захаваўся і з’яўляецца першай кнігай беларускіх земляў, якая дайшла да нас фактычна ў поўным аб’ёме. Полацкае Евангелле выкарыстоўвалася ў якасці напрастольнага, з моманту стварэння захоўвалася ў манастыры ў Полацку, адкуль было вывезена падчас вайны з Іванам Грозным у XVI ст. На некалькі стагоддзяў сляды помніка губляюцца. Кніга згадваецца толькі ў ХІХ ст. у пераліку адной з прыватных расійскіх бібліятэк. Неўзабаве рукапіс выкупіла Расійская нацыянальная бібліятэка імя М. Я. Салтыкова-Шчадрына, дзе помнік захоўваецца і па сённяшні дзень.

Падчас вандраванняў праз стагоддзі старажытная кніга рассыпалася на асобныя аркушы. Некаторыя з іх зніклі, некаторыя былі знойдзены ў іншай калекцыі і захоўваюцца зараз у Маскве пад назвай «Листки Ундольского». Асабліва пацярпела другая частка Полацкага Евангелля, там не хапае большасці старонак. У ХІХ ст. кніга была пераплецена нанава, і апошнія старонкі пераблытаны. У рукапісе не хапае большасці нядзельных чытанняў, з чаго можна зрабіць выснову, што старонкі з гэтымі чытаннямі выкарыстоўваліся для правядзення набажэнства ў іншых цэрквах.

Перапісванне старажытных кніг — справа высакародная, адказная і богаўгодная. Старонка такога рукапісу, як Полацкае Евангелле, нагадвала ікону, а перапісчык — іканапісца. Кожная літара выпісвалася вельмі дасканала. Але час ад часу сярод строга выпісаных у адпаведнасці з канонам літар сустракаюцца тыя, што абазначалі гукі з роднай гаворкі перапісчыка.

У тэксце Полацкага Евангелля выступае, напрыклад, з’ява цокання — змяшэнне ў маўленні гукаў ц і ч і супадзенне іх у адным гуку: наричаѥтьсѧ, наричаемыи, чѧта, чатѣ, члвцьскаго, чловцскъ, въ оцесѣ, личемѣри, пцѣте сѧ, концина, вдовича, отроца, въ сконцаниѥ, притца, отричати сѧ, отроца (параўн. отроча), рьчите (замест рците), оцѣсти, четверичею, очетъ (але ёсць і оцетъ), и скрьжьцеть зоубы (с. 316). Бясспрэчным доказам беларускага паходжання перапісчыка служаць таксама выпадкі акання. Іх няшмат, на ўвесь тэкст усяго 3—4, але яны ёсць: арамаѳы, араматы, праказа (с. 174), параўн. проказа (с. 312), скарпия (с. 237), параўн. скорпию (с. 308). Сустракаецца і зацвярдзелы р: оумроша (замест тэксталагічна адпаведнага оумрѣша), тръхъ, горко, продоша (замест прѣдоша), гороуще (замест горѧще), што пацвярджаецца варыянтнасцю напісання займенніка ѥтери/ѥтеры/ѥтеръ, а таксама варыянтамі напісання лицемѣръ і лицемѣри, мрътвыхъ і мьртвыихъ. Гіпермяккасць названага гука таксама характэрна для полацка-смаленскіх гаворак: ѿ трѧпезы, на трѧпезѣ.

Кім мог быць перапісчык гэтай кнігі? Ці адзін з перапісчыкаў? Гэта быў мясцовы жыхар, ураджэнец Полаччыны. Асоба адукаваная, дасведчаная ў візантыйскай традыцыі пісьма, з добрым густам... У адным з жыційных тэкстаў, напісаных акурат у той жа час і ў тым самым месцы, чытаем: «пачала кнігі пісаць сваімі рукамі і, беручы аплату, аддавала яе бедным...» Чытач пазнаў, напэўна, вядомыя радкі Жыція Святой і Прападобнай Еўфрасінні Полацкай... Канешне, версія гэта пакуль не падмацоўваецца навуковымі фактамі, але тое, што Полацкае Евангелле ўзнікла пад уплывам асветніцкай місіянерскай дзейнасці першай беларускай святой, не падлягае сумневу. Можа, не гэты канкрэтна тэкст, але шмат іншых кніг, па якіх служылі службы ў праваслаўных цэрквах, былі створаны ў выніку падзвіжніцтва Першай Святой зямлі беларускай.

Аршанскае Евангелле, ХІІІ ст.

Хацелася б спыніцца яшчэ на адным старажытным евангельскім тэксце — на Аршанскім Евангеллі ХІІІ ст. Рукапіс знік з аршанскай царквы ў час Напалеонаўскай вайны (французскія салдаты выкінулі кнігу проста на снег, перад гэтым здзёршы дарагі сярэбраны аклад). У цяперашні час помнік захоўваецца ў Кіеве ў бібліятэцы Кіеўскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Рукапіс моцна пашкоджаны, страчана большая яго частка, да нас дайшло толькі 142 аркушы без пачатку і канца.

У Аршанскім Евангеллі ёсць дзве мініяцюры з выявай евангелістаў Лукі і Матфея, дзве застаўкі і 310 ініцыялей, выкананых спецыяльнай чырвонай фарбай. Мініяцюры помніка вельмі падобныя да фрэсак Спаса-Еўфрасіньеўскага манастыра ў Полацку. Евангельскі тэкст напісаны на пергаміне ў два слупкі ўставам. Нетыповым для кніжнага ілюстрацыйнага мастацтва таго часу з’яўляецца выкарыстанне ў афармленні ініцыялей выяў звяроў.

У тэксце сустракаюцца ўжо згаданыя з’явы цокання і акання: ѿсеци ю, цвѣтца (польскаго), оцѣщающе.

«Дзесятаглаў», XVI ст.

Яшчэ адна старажытная кніга, якая ўражвае знешнім афармленнем, — гэта рукапіс XVI ст., які называецца «Дзесятаглаў». У ім змешчаны дзесяць біблейскіх кніг (адсюль і назва). Імя перапісчыка вядома дакладна — гэта Мацей Дзясяты, які вельмі доўга служыў у Вялікакняжацкай канцылярыі ў Вільні, сталіцы Вялікага Княства Літоўскага. Пасля доўгай і вернай службы, не маючы ўласнай сям’і, ён вырашыў звярнуцца ў Супрасльскі праваслаўны манастыр з просьбай аб тым, каб яму дазволілі правесці апошнія дні жыцця там у размовах з Богам. У якасці ахвяравальнага дару Мацей Дзясяты прапанаваў вельмі прыгожую кнігу, перапісаную ўласнаручна. На фотаздымках бачны старонкі Евангелля паводле Матфея, напісаныя залатой фарбай. На стварэнне гэтай кнігі перапісчык патраціў пяць гадоў. Арыгінал захоўваецца сёння ў Санкт-Пецярбургу.

Ужо некалькі гадоў у нашай рэспубліцы дзейнічае праект па вяртанні страчаных каштоўнасцей. Канешне, арыгінальныя старажытныя кнігі каштуюць вельмі дорага: ад соцень тысяч да мільёнаў еўра. Таму на сёння мы гаворым аб вяртанні старажытных фаліянтаў у выглядзе факсімільных выданняў. Тэхнічнае абсталяванне цяпер дазваляе амаль ідэальна ўзнавіць старажытную кнігу, якая фактычна не будзе адрознівацца ад арыгінала. І ў 2013 г. намаганнямі Беларускай Праваслаўнай Царквы было зроблена факсімільнае выданне Полацкага Евангелля ХІІ ст., гэтага знакавага помніка пісьменства беларусаў. Гэтая падзея стала першым крокам на шляху вяртання нашаму народу страчаных гістарычных каштоўнасцей.

Факсімільнае выданне Полацкага Евангелля ХІІ ст.
Фота: Вікіпедыя
Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]