Што вы, лукашэнкі, можаце супрацьпаставіць гэтаму?
«Где русский язык, там Россия!» – заяўляюць з Крамля, і гэта ці не ўся руская ідэя, якая «апраўдвае» і вайну з Украінай, і «паглыбленне інтэграцыі» з Беларуссю.
У такім разе: дзе Беларусь? Па ідэі, яна мусіць быць там, дзе беларуская мова. «Дзе беларуская мова, там Беларусь!»
А калі мовы няма…
У Смаргоні, куды мае бацькі пераехалі з Крэва, было дзве школы. №1, якую называлі «беларускай», і №2, якую называлі «рускай». У рускую аддавалі сваіх дзяцей усе гарадскія начальнікі і вайскоўцы.
У беларускай школе таксама былі дзеці вайскоўцаў, бо ісці да яе ад ваеннага гарадка было ўдвая бліжэй. Па заявах бацькоў дзеці іх вызваляліся ў беларускай школе ад беларускай мовы. У некаторых рэспубліках СССР працэдура вызвалення ад вывучэння нацыянальнай мовы была даволі складаная, але ў Беларусі – гранічна спрошчаная.
Мой настаўнік беларускай мовы і літаратуры абураўся: «Ну як так? Гэта ж знявага! Прыніжэнне не толькі мовы, але і нас, як беларусаў! Калі не патрэбная мова, дык, выходзіць, і мы не патрэбныя?..»
Дырэктар рускай школы, выступаючы на раённай нарадзе па адукацыі, назваў майго настаўніка, які быў проста настаўнікам беларускай мовы, нацыяналістам. Выступаў той дырэктар, дарэчы, так, як мае звычку выступаць Лукашэнка: прамаўляючы беларускія словы тады, калі трэба беларускае прынізіць, зняважыць.
Майму настаўніку не далі дапрацаваць да пенсіі. Калі мы пайшлі да дырэктара нашай беларускай школы (удваіх, я і Зоя Ярмалінская) нашага настаўніка беларускай мовы бараніць, дырэктар паслаў нас на «чистом руском языке».
Я адчуў сябе зняважаным…
Тады мне было 13. Зараз 73. І як тады, і як праз усё маё жыццё, гэтак і цяпер мяне ў маёй Беларусі зневажалі і зневажаюць за тое, што я хачу быць беларусам.
Мне ўсе начальнікі казалі: «Будзь! Хто табе замінае? Ты ў пашпарце беларус! Кнігі па-беларуску пішаш! Вядомым беларускім паэтам цябе называюць! Дык і будзь паэтам – не лезь у нацыяналісты!..»
Казалі так, як на «чистом русском языке» пасылаюць. Зневажаючы.
Начальнікаў усё болела, рускіх школ для іх дзяцей, будучых начальнікаў, пачало не хапаць – і яны зрабілі ўсе школы рускімі. І адбылося гэта тады, калі начальнікамі сталі не кадры, прысланыя з Масквы, а самародкі. Свае, тутэйшыя. І першы самародак заявіў, што беларуская мова бедная, на ёй багатым не станеш.
Прынізіў. Зняважыў. Няхай бы аднаго мяне, я прывык. Але ж і народ! І я падумаў: «Ну, зараз! Мільёны маіх настаўнікаў, усе беларусы выгукнуць: “Прыніжэнне! Знявага!..»
Але і народ, аказалася, прывык.
Урэшце гэта прывяло да таго, да чаго йшло, да чаго непазбежна мусіла прывесці. Да абсалютнай неабароненасці перад «русским миром» з ягонымі «скрепами», з ідэяй, якая ў падмурку «скрепов», з лозунгам, які павесілі на танкі і рушалі на Украіну: «Где русский язык, там Россия!»
Што вы, усе лукашэнкі, колькі вас ёсць (а ён не адзін: вы ўсе ў адміністрацыі, у саўміне, ва ўсёй уладнай вярхушцы і яе абслузе – ён!) можаце супрацьпаставіць гэтаму? «Беларусь там, дзе трактар «Беларусь»? Я разумею, што вы і не збіраецеся супрацьстаяць, але ўсё ж? Якую беларускую ідэю?..
Ніякую! Вы ўсе ведаеце, што пахаваўшы нацыянальную мову, вы пахавалі і нацыянальную ідэю! Таму і кажаце, што яе няма! Што яна і не патрэбная…
На лозунг: «Где русский язык, там Россия!» – мог быць толькі адзін адказ: «Дзе беларуская мова, там Беларусь!» А вы талдычылі, што мова – гэта другасна. Спачатку – трактар, а пасля – мова. І ўрэшце сказалі: «Наш язык – это русский язык!» Тады ўжо дагаворвайце: «Наш мир – это русский мир». Як яно ў вас ёсць.
Вы здраднікі! І ўсе папярэднія словы я напісаў толькі дзеля таго, каб, азірнуўшыся на ўсіх вас, вам гэта сказаць. Вы здрадзілі нашай крэўнасці, нашаму мінуламу, продкам! І нашай будучыні, нашым нашчадкам вы таксама здрадзілі!
Бадай бы вас зямля беларуская не прыняла! З яе непазбежна, як не аднойчы ўжо было, зноў прарасце Беларусь, але вы не можаце быць нават гноем для новых парасткаў.