Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Як лавілі «кісу» ў цёмным памяшканні

03.04.2009 общество
Як лавілі «кісу» ў цёмным памяшканні

Рыжым не можа без сенсацый. Цяжка ўспомніць хоць бы нейкі месяц, калі тут не было ніякіх выбрыкаў.

Гэтым разам у якасці ньюсмейкера адзначыўся не абы хто, а міністр унутраных спраў. Парушыўшы доўгае маўчанне, ён даў нарэшце ітэрв’ю па самай гучнай справе. Распавёў “Комсомольской правде” пра тое, як ідзе расследванне па факце выбуху. Таго, што прагрымеў у натоўпе падчас канцэрту з нагоды афіцыйнага ліпеньскага свята. Шчыраванні галоўнага міліцэйскага начальніка шмат каго ў краіне проста агаломшылі.

Не, злачынства не раскрытае. Расследванне ўсё яшчэ не скончана. Але затое поспехі, на ягоны погляд, значныя. І пра тое ніхто лепш за яго не скажа. Варта прыслухацца, як гучаць дакладна вывераныя і загаддзя ўзважаныя фармулёўкі. Адказная асоба – лішняга не скажа. “К расследованию взрыва мы подключили очень много специалистов из других стран. Когда им показали взрывное устройство, замаскированное в упаковке сока “Садочок”, то все однозначно заявили: минскому взрывному устройству вообще нет аналогов в мире. Ни один зарубежный специалист никогда еще с ними не сталкивался”.

Вось так. Розныя недасведчаныя людзі нецярпліва тупалі нагамі, патрабуючы канкрэтных вынікаў. А міліцыя цярпліва, крок за крокам, ішла па слядах таго злачынства. Падключыла “очень много специалистов из других стран”. Паказала ім той злашчасны пакунак з-пад соку. Адмыслоўцы былі ўражаны: ды гэтаму “вообще нет аналогов в мире”. Вядома, ад іх не эмоцый чакалі. Але што з іх узяць. Замежнік ён і ў Афрыцы замежнік. Зусім іншая размова – свае, тутэйшыя.

Бездапаможнасць іншаземцаў на следства ніяк не паўплывала. І яно, следства, дало міністру пэўныя высновы. “Уже не секрет, что взрывное устройство, которое мы обнаружили в Минске, в народе называют “киса”. Вось яна, неадольная бездань паміж сваімі і чужымі. Замежныя адмыслоўцы лыпаюць вачыма і мармычуць нешта няўцямнае пра тое, што начынню ў свеце аналагаў няма. А ў нашым народзе – гэта ўсім вядомая рэч. І назва ў яе адпаведная – “кіса”.

А далей у згаданым інтэрв’ю і ўвогуле нейкі несусветны жах. Нават знакаміты Хічкок да такога наўрад бы ці дадумаўся. “Правда, сварить 30 грамм такой смеси – это угроза для жизни человека, а в нашем случае речь идет о 700 граммах! Кто бы раньше не пытался сделать что-то подобное – все взрывались”. А шмат хто тут яшчэ здзіўляўся, чаму гэта на дрэвах увесь час вісіць нейкае ашмоцце? А гэта, як высветліў пільны генерал, яны начамі тое пякельнае хлёбава варылі. Толькі нікому не ўдалося даварыць. “Все взрывались”!..

Але знайшоўся нейкі д’ябальскі кухар, якому пашчасціла ў паветра не ўзляцець. Ажно 700 грамаў наварыў. Няўжо ва ўсім свеце адзін такі зух? Не, і тут у генерала-аналітыка свой адметны погляд. Як і на той ліпеньскі выбух. “Первоначально у нас было несколько версий. Это террористический акт, покушение на жизнь высших должностных руководителей, хулиганство.В настоящее время мы пришли к тому, что некоторые из них несостоятельны. И сейчас мы рассматриваем две версии. Первая – взрыв по неустановленным причинам мог совершить одиночка. Вторая – на территории нашей страны может действовать глубоко законспирированная организация, которая преследует определенные цели”.

Гэта ж куды пацэліў генерал! Чытаючы ягоны пераказ няўклюдных версій тутэйшых Пінкертонаў, немагчыма было нават зразумець, дзеля чаго пагадзіўся ён на інтэрв’ю. Пасля таго, як ледзь не з усёй краіны знялі адбіткі пальцаў, дапыталі і зняважылі процьму сумленных грамадзян, з гэткімі “вынікамі” расследвання варта было б хавацца падалей ад усялякіх журналістаў. А тут – шчыруе ў шматтыражным выданні. Напэўна ж ёсць нейкая звышзадача, калі ні з чым ідзе да масавага чытача, які хіба што пасмяяцца можа з ўсіх вышэйзгаданых міліцэйскіх намаганняў.

У цёмных сутарэннях дыктатуры ніякая “кіса” не ловіцца. Бракуе прафесіяналаў. Усіх, каго маглі, даўно паразганялі. Сілавыя структуры змагаюцца пераважна з нязгоднымі і непаслухмянымі. А тыя, хто яшчэ займаецца сапраўднымі злачынствамі, наўрад ці зловяць датычных да выбуху. У якім напрамку міліцыянты і спецслужбы не скіроўвалі б сваю буйную дзейнасць, яна чамусьці ўпарта выкручваецца ў бок усё той жа апазіцыі. Адзінае, што вартае ўвагі ў недарэчным інтэрв’ю, гэта згадка пра тое, што “на территории нашей страны может действовать глубоко законспирированная организация”. Амаль дакладная цытата з рапарту даваеннага НКВД таварышу Сталіну. Такімі высновамі знянацку не кідаюцца. Тады, выдумаўшы нейкі Саюз вызвалення, яны вынішчылі тут усю інтэлігенцыю. Да гэтага часу краіна не можа ачуняць. І зноў – вялікая спакуса.

А людзі здзіўляліся, чаму яны ў Дзень Волі звезлі ў Мінск такія сілы, снайпераў расставілі на дахах, ды яшчэ спіраль Бруна ў горад прыцягнулі. Няма чаго здзіўляцца. Калі ў краіне дзейнічае глыбока заканспіраваная арганізацыя, усё тое дарэчы.

Крызіс паглыбляецца. Незадаволенасць расце. І рэжыму на ўсякі выпадак нейкія задумкі трэба мець у запасе. Хто ведае, як усё павернецца. І міліцэйскае інтэрв’ю ў кантэксце ўсіх падзей апошніх дзён можна зразумець. Толькі наўрад ці выканае яно тую звышзадачу, дзеля якой было агучана. Мітусяцца таварышы. Чуюць набліжэнне тэктанічных зрухаў. А звыклыя пасады не хочацца нікому пакідаць.

І таму зноў кіпіць д’ябальскае варыва. Не на канспіратыўнай кухні віртуальнага злачынцы. А ў галовах тых, хто напампоўвае краіну страхам, падазронасцю, нянавісцю. Толькі дарэмна яны рыхтуюць так старанна ідэалагічнае абгрунтаванне сваіх рэжымных фокусаў. Праект не пройдзе. Яшчэ адзін падпал Рэйхстагу Еўропе не патрэбны. Краіна тут не тая. І стагоддзе – зусім іншае.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]