Старшыня Рады БНР распавяла пра асабістае і нацыянальнае на сваім жыццёвым шляху.
Як легендарная старшыня Рады БНР зарабіла свае першыя грошы? Ці шкадуе, што бацькі пераехалі на Захад у 1944-м? Што варта зрабіць, каб моладзь масава не пакідала Беларусь і… ці трэба тут наогул нешта рабіць?
За сваё бурлівае жыцця спадарыня Івонка шмат напісала і раздала безліч інтэрв’ю на розныя тэмы: ад жыцця дыяспары да палітычнай пазіцыі Рады БНР, якую яна ўзначальвае з 1997 года. Шмат звестак пра асабісты лёс ды шляхі сям’і Івонкі Сурвілы сабрана ў кнізе “Дарога”.
Журналісты budzma.by вырашылі задаць некалькі асабістых пытанняў: пра грошы, замежныя мовы, мастацтва і нават паразважаць, што было б, каб Івонка Сурвіла рэалізоўвала сябе ў вольнай беларускай Беларусі.
“Цяжка не было, але… Не мела ніколі вольнага часу”
— Калі ў 1944-м ваша сям’я пакінула Беларусь, гэта было рашэнне старэйшага пакалення, то бок бацькоў. Калі б вы былі на той момант ужо ў старэйшым веку і вырашалі цалкам самастойна, ці з’ехалі б перад наступам бальшавікоў?
— У 1944-м годзе “старэйшаму пакаленню” ў нашай сям’і, гэта значыць майму Тату, было 33 гады… мне было восем. Але я дакладна ведала, што наша сям’я перажыла падчас першага прыходу бальшавікоў у Заходнюю Беларусь, і вельмі ўдзячная маім бацькам, што адважыліся з малымі дзецьмі — сястрычцы не было і года — пакінуць свой край. У тых умовах не было іншага выйсця.
— Ці памятаеце, як зарабілі свае першыя грошы ў жыцці? Ці было гэта цяжка? Якія былі эмоцыі?
— Так, добра памятаю. У дзевяць гадоў у Даніі звязала касцюмчык нованароджанаму дзіцятку, і мне за гэта заплацілі… Падчас навучання ў сярэдняй школе ў Францыі заўсёды давала прыватныя ўрокі малодшым вучням. У сямнаццаць гадоў зарабіла дастаткова грошаў за два тыдні, гледзячы двух амерыканскіх хлопчыкаў падчас іх побыту на вакацыях у Парыжы, што змагла ўпершыню заплаціць з вялікім задавальненнем за груз цэглы на будову нашай хаты. Падчас студэнцкіх гадоў заўсёды працавала таксама: улетку і ў суботах ды нядзелі, каб пакрыць кошт студэнцкай сталоўкі і цягніка да ўніверсітэта. Цяжка не было, але, безумоўна, не мела ніколі вольнага часу.
“Быць чужынцам найлепш у Канадзе”
— Вы жылі ў Даніі, у Францыі, у Іспаніі, у Канадзе — у якой з гэтых краінаў да беларусаў агулам і да вашых блізкіх у прыватнасці ставіліся найлепш? А ў якой, магчыма, найгорш?
— З любоўю згадваю ўсе краіны, дзе я жыла. Быць чужынцам найлепш у Канадзе. Тут, магчыма, найбольш паважаюцца правы чалавека. Дзяржаўная палітыка мультыкультуралізму спрычынілася да гэтага. Таксама вельмі ўдзячная канадцам за гасціннасць, з якой яны сустракалі нашых дзетак пасля Чарнобыльскай бяды ды імі апекаваліся. За гэта ўсе мы маем быць удзячныя Канадзе.
З’ехаўшы пасля вайны ў Данію, я моцна палюбіла гэты маленькі, але цудоўны край, дзе пазнаёмілася з такой колькасцю добрых людзей. У Францыі было найцяжэй. Вельмі шчодра ставілася да чужынцаў Іспанія. Муж заўсёды з удзячнасцю згадваў гэты край, які дазволіў яму здабыць адукацыю і працаваць для Беларусі. Але жыццё там не было лёгкае.
Калі Канада намагалася знайсці перакладчыкаў з ангельскай на французскую мову дзеля сваёй палітыкі двухмоўя, у 1969 годзе мы вырашылі скарыстацца гэтым. Таму і перабраліся за акіян. У адрозненне ад іншых беларускіх эмігрантаў, для якіх пачаткі не заўсёды былі лёгкімі, нас вельмі добра тут прынялі. Аплацілі пераезд, далі добры гатэль на першыя два тыдні, і, прыляцеўшы ў Атаву, я на заўтра ўжо была на працы. Жывучы ды працуючы ў Атаве, мы змаглі зрабіць шмат добрага для Беларусі.
“Французскую я ведала лепш за родную”
— У кнізе “Дарога” вы пісалі, што ўсё жыццё працавалі з мовамі ў якасці журналіста і перакладчыка: з французскай, ангельскай, іспанскай, ну і, зразумела, роднай беларускай. Гэта была любоў да моваў або прафесійная неабходнасць?
— Я пайшла навучацца ў Вышэйшую нацыянальную школу мастацтва ў Парыжы і перайшла ў Сарбону толькі тады, калі ўсвядоміла, наколькі цяжкае і складанае жыццё мастака ў Парыжы. Мовы я любіла, таму асаблівых цяжкасцяў не мела. Між іншым, перакладала не з французскай мовы, а на французскую.
У Канадзе лічыцца, што чалавек можа прафесійна перакладаць толькі на родную мову, а французскую я ведала лепш за родную. Але, па шчырасці, усё жыццё шкадавала, што не магла прысвяціць больш часу мастацтву. Так, можна сказаць, што мовы былі для мяне прафесійнай неабходнасцю.
— Якая мова вам найбольш падабаецца, апрача беларускай, а якую лічыце найбольш складанай?
— Апрача лаціны, люблю ўсе мовы. Але ж мовы — як пясок між пальцаў. Трэба іх практыкаваць, каб не страціць. Вельмі люблю дацкую, але калі еду ў Данію, то ўжо ёсць патрэба ў пары дзён, каб да яе прывыкнуць. Беларуская найбольш мілагучная, безумоўна, заўсёды будзе на першым месцы. Французская на другім.
“Прыярытэтам была неабходнасць, а не ўласнае шчасце”
— Вы пісалі, што бацька застаўся ў Францыі, бо адтуль, маўляў, “і пешкі можна было дайсці да Беларусі”, але вы абралі Канаду, чаму?
— У Канаду мы прыехалі амаль выпадкова. Пакінулі Іспанію, якую моцна любілі, з надзеяй, што тут будзе лягчэй выгадаваць нашых дзяўчатак. З часам гэты выбар аказаўся слушным. Шмат чаго мы тут асягнулі для Беларусі, чаго не асягнулі б у Еўропе.
— З маленства вы захапляліся мастацтвам, але прафесійная дзейнасць была больш звязаная з журналістыкай, перакладамі, выкладчыцкай дзейнасцю, а ўрэшце — з грамадскім жыццём і палітыкай. Ці не шкадуеце, што цалкам не прысвяцілі сябе жывапісу?
— Мастацтвам я захаплялася ўсё жыццё і дагэтуль лічу, што ў іншых абставінах — у беларускай Беларусі — прысвяціла б жыццё мастацтву. Але тут трэба было выбіраць. І падчас выбару часцяком прыярытэтам была неабходнасць, а не ўласнае шчасце ці задавальненне. Але, дзякаваць Богу, стварыла крыху добрых працаў. Не наракаю.
“Мы доўгі час былі адзіным голасам нашага народа”
— Ад 1997 года вы ачольваеце Раду БНР. Якое дасягненне ці дасягненні за гэты час вы лічыце галоўнымі? Чаму?
— Само існаванне Рады, 100-гадовае існаванне — вялікае дасягненне нашага народа. Удзячная за тыя 22 гады, якія мне было дадзена прысвяціць Радзе. Што да самой працы — УСЁ важнае. Мы доўгі час былі адзіным голасам нашага народа ў навакольным свеце, калі Масква хавала, што Беларусь наогул існуе на Зямлі, былі адзіным “агеньчыкам надзеі” для Быкава і для той часткі нашага народа, якая верыла ў ідэалы 25-га сакавіка! Усё рабілі, каб свет не забыўся пра прыгнечаны чужынцамі народ. Бераглі нашу мову, нашу спадчыну, нашы каштоўнасці. Наш прыгожы вокліч “Жыве Беларусь!” таксама ёсць дасягненнем Рады.
— Як выглядае звычайны працоўны дзень старшыні Рады БНР?
— Перадусім непрадказальны! Да ўсяго, што трэба зрабіць, штодня дадаецца яшчэ нешта.
— Доўгі час вы разам з роднымі і калегамі даводзілі замежнікам праўду пра Беларусь, а часам і наогул сведчылі пра тое, што гэта не Расія, а цалкам асобны край са сваёй мовай, гісторыяй, культурай. Ці ёсць такая патрэба цяпер? Няўжо Беларусь — дагэтуль terra incognita для тых жа канадцаў?
— Так, яшчэ ёсць шмат “анальфабэтаў” (непісьменных людзей — аўт.) у свеце, якім цяжка зразумець постсавецкую рэчаіснасць ці адрозніць Савецкі Саюз ад Расіі. Для іх і мы, і ўкраінцы, і прыбалты, і армяне, і грузіны — усё гэта расійцы. Да іх трэба дадаць русафілаў, якія надзвычайна актыўныя ў некаторых краінах свету.
Канадцы сапраўды адкрылі Беларусь дзякуючы нашай праграме па дапамозе дзеткам “Канадскі фонд дапамогі ахвярам Чарнобыля ў Беларусі”, у рамках якой працавала 42 аддзелы ад акіяна да акіяна ў Канадзе. Terra incognita — вынік імперыялізму нашага суседа, але таксама і нядбайнасці нашага народа.
“Толькі дома табе ніхто не скажа: “Не падабаецца — едзь дадому!”
— У інтэрв’ю для “Радыё Свабода” вы раілі маладым беларусам не з’язджаць з краіны, калі ад іх гэта залежыць. Ці магчыма ў сучасным свеце без “жалезных заслонаў” утрымаць моладзь на Радзіме? Ці трэба гэта наогул?
— Моладзь і старэйшыя кандыдаты на эміграцыю не асэнсоўваюць, што значыць быць у кожнай краіне чужынцам. Пакуль забяспечваюць першыя чалавечыя патрэбы, усё ў парадку. Але раптам з’яўляюцца новыя патрэбы, амбіцыі, пытанні. На гэтую тэму можна было б цэлыя кнігі пісаць. Толькі ў сябе дома табе ніхто не скажа: “Калі не падабаецца — едзь дадому!” Як пісаў Адам Міцкевіч, “толькі той ведае, як моцна любіць свой край, хто яго страціў”.
— Як мае выглядаць Беларусь, каб з яе не толькі не з’язджала карэннае насельніцтва, але і каб для замежнікаў наш край стаўся прывабным?
— Карэннае насельніцтва з’язджае толькі таму, што ў дадзены момант не можа задаволіць сваіх элементарных патрэбаў у сябе дома. З гэтага і варта пачынаць. Даць нашаму здольнаму і працавітаму народу магчымасць жыць па-людску, нармальна, так, як жывуць іншыя народы Еўропы. Для гэтага толькі патрэбная свая ўлада, для якой прыярытэтам быў бы дабрабыт свайго ж народа.
Замежнікі заўсёды любілі наш народ: гасцінны, добры, разумны. Дастаткова забяспечыць тут нармальныя ўмовы побыту для турыстаў, каб Беларусь стала такой жа прывабнай, як суседзі, а мо і болей.