Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Ім давядзецца трымаць адказ па «дармаедскім дэкрэце»

16.07.2019 политика
Ім давядзецца трымаць адказ па «дармаедскім дэкрэце»

Змаганне беларусаў з «дармаедскім дэкрэтам» дакладна ўвойдзе ў гісторыю.

У адрозненне ад іншых прыкладаў, калі дзяржава рашуча наступала на правы грамадзянаў, у 2017 годзе беларусы дабіліся выніка, які можна назваць перамогай. На вуліцы гарадоў, прычым больш ярка сябе праявілі жыхары абласных і раённых цэнтраў, выйшлі людзі, якія раней не праяўлялі вялікага інтарэсу да палітыкі. З прыняццем дэкрэту “аб дармаедстве” на авансцэне з’явіліся іншыя грамадзяне – тыя, хто не асабліва сачыў за палітычнымі падзеямі ў краіне.

Што падштурхнула беларусаў змагацца за свае правы? Найбольш папулярным адказам на гэтае пытанне з’яўляецца тое, што абурэнне было выклікана спробай дзяржавы “бессаромна залезці ў кішэню”. То бок, масавы выхад на вуліцу суайчыннікаў быў справакаваны натуральным жаданнем абараніць і без таго сціплы ўзровень дабрабыту, захаваць у сям’і апошнюю капейчыну.

Разлік уладаў на тое, што з увядзеннем дэкрэту атрымаецца распаліць нянавісць працуючых афіцыйна беларусаў да суайчыннікаў, якія не маюць працы, праваліўся. Аказалася, што першая версія дэкрэта ў той ці іншай ступені датычылася амаль усіх сем’яў, у якіх калі не сын ці дачка, то пляменнік дакладна зараблялі грошы за мяжой, неафіцыйнымі падпрацоўкамі ці жылі за кошт атрымання сродкаў за прадастаўленне жылля ў арэнду.

Словам, выкручваліся як маглі ва ўмовах недарынкавай эканомікі. І дзяржава, замест спрыяння гэтым катэгорыям насельніцтва, паспрабавала дзейнічаць у рэчышчы грубых рэпрэсіўных мер. Цалкам заканамерна, што такая спроба лабавой атакі выклікала адпор грамадства. Накал супрацьстаяння быў такі, што нават да вярхушкі краіны дайшло, што на вуліцах гарадоў – дэлегаты ад народу, якіх падтрымлівае абсалютная большасць насельніцтва.

Калі да пераходу пратэстаў у стадыю агульнанацыянальнай барацьбы засталося літаральна пару крокаў, улады ўключылі заднюю перадачу. Градус напружання адразу панізіўся, але непрыманне народам ініцыятываў кіраўніцтва краіны засталося. І незадаволенасць нікуды не падзелася.

Другой прычынай пратэстаў у 2017 годзе было пачуццё крыўды, якую нанеслі распрацоўшчыкі дэкрэту беларусам. Па-першае, большасць людзей, якія трапілі ў базу дармаедаў, пазбавіліся працы не па сваёй віне, а праз неэфектыўную беларускую гаспадарку. Па-другое, вінаваціць грамадзян у “няўдзеле ў фінансаванні дзяржаўных выдаткаў” маглі толькі дылетанты, якія не ведаюць, што практычна кожны дарослы чалавек калі не плаціць дарожны збор за аўтамабіль, падатак на зямлю, то дакладна карыстаецца мабільнай сувяззю і набывае тавары ў крамах. А за гэтыя паслугі па змаўчанні бярэцца падатак на дадатковую вартасць.

Але, дзякуючы ўладам, народ атрымаў асновы фінансавай пісьменнасці. Цяпер практычна кожны беларус ведае, што ён удзельнічае ў фінансаванні дзяржвыдаткаў, нават калі камусьці зверху падаецца, што гэта не так. Па-трэцяе, у беларускай традыцыйнай культуры дармаедства як сацыяльная з’ява адназначна ацэньваецца негатыўна. У нас нават апошнія выпівохі стараюцца падпрацаваць ці на гаспадарцы суседзяў, ці зборам бутэлек. Таму прагназаваць сацыяльны выбух у 2017 было досыць лёгка.

У 2019 годзе ўлады не адмаўляюцца ад ідэі кантролю за людзьмі, якія не маюць афіцыйнай працы. Але робяць гэта больш хітра – праз ціск на беспрацоўных уласнікаў жылля, якім з кастрычніка гэтага году будзе падвышаная плата за шэраг пазіцый камунальных плацяжоў.

У гэтай сувязі асабліва захапляе дзейнасць гамяльчанкі Марыі Тарасенкі, якая разам з юрыстамі РЭП, у судовым парадку дабіваецца скасавання дэкрэту. Дакументальная база збіраецца, як і матэрыялы для Камітэта ААН па правах чалавека. Так што, беларускай дзяржаве трымаць адказ па “дармаедскім дэкрэце” давядзецца.

Мікола Бянько, «Радыё Рацыя»

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]