Палякі - пра беларускі антыбальшавіцкі рух у Савецкай Беларусі.
У кастрычніку 1923 года з польскага Аддзелу бяспекі ў Вільні ў Дэпартамент бяспекі ў Варшаве была накіравана інфармацыя пра сітуацыю ў Савецкай Беларусі. У справаздачы, сярод іншага, адзначалася ўзмацненне партызанскага руху на тэрыторыі БССР, паведамляе racyja.com.
Касцяк Першага Беларускага партызанскага аддзела на чале з Лукашам Сяменікам (у цэнтры). Па правую руку ад яго – Юрка Моніч. За атаманам – Васіль Муха. Вёска Вялікае Стахава, 1919 год.
Дакумент захоўваецца ў Цэнтральным вайсковым архіве ў Рэмбертове (Польшча). У ім утрымліваюцца звесткі пра кіраўніцтва, колькасны склад партызанскіх атрадаў ды іншае:
На тэрыторыі Савецкай Беларусі апошнім часам узмацніўся партызанскі рух:
1/ У раёне Ігумена.
2/ У раёне Слуцка, каля „Сухой Мілі” ў т. зв. Качым Балоце” месцы папярэдняй схованкі атамана „Зялёнага Дуба”, бальшавіцкія ўлады дагэтуль не адважваюцца высылаць у тыя ваколіцы карэспандэнцыю.
3/ У раёне „Дуброўскіх Хутароў” дзейнічае аддзел пад камандваннем капітана ПАДГОРСКАГА, які ў сутычцы 15-20 жніўня гэтага года панёс вялікія страты ў людзях, цяпер засталося 16-ць, пераважна „зялёнадубцаў”.
4/ У раёнах мястэчка Любань дзейнічае аддзел капітана „УШАРАВА” /мянушка/, які налічвае 30-ць чалавек.
25 жніўня гэтага года аддзел заняў мястэчка Любань Бабруйскага павета, дзе ўтрымаўся некалькі дзён.
5/ У Мазырскім павеце дзейнічае аддзел старога атамана БАБРА, які ў 1921 г. загадаў адрэзаць сабе руку, калі адна з камуністак жадаючы яго нейтралізаваць, укалола атручанай шпількай. Аддзел „БАБРА” складаецца з 32-х выпрабаваных чалавек і прадстаўляе для бальшавіцкай улады вялікую небяспеку.
6/ У раёне мястэчка Пухавічы /у накірунку Бабруйска/ дзейнічае аддзел атамана „ЧОРТА” /мянушка/, які налічвае 40 чалавек.
7/ У Барысаўскім павеце аддзел паручніка МОНІЧА, які складаецца з 25 чалавек. Гэты аддзел нядаўна здзейсніў напад на станцыю Крупкі, дзе забраў грошы, а таксама знішчыў тэлеграф. Другі напад быў здзейснены на станцыю Прыяміна, дзе ў аднаго з агентаў „Внешторга” забрана значная сума ў амерыканскіх далярах.
8/ У раёне Лепеля дзейнічае аддзел пад кіраўніцтвам капітана БАНДАРОЎСКАГА, жонку якога забілі бальшавікі і разрабавалі маёмасць /каля м. Узла/.