Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Як 27 ліпеня 1990 году людзі віталі «дэпутатаў незалежнасьці»

27.07.2019 общество
Як 27 ліпеня 1990 году людзі віталі «дэпутатаў незалежнасьці»

У гэты дзень 29 гадоў таму беларускі парлямэнт прыняў Дэклярацыю аб дзяржаўным сувэрэнітэце БССР.

За дакумэнт прагаласавалі 229 дэпутатаў пры ніводным «супраць» або «ўстрымаўся», паведамляе «Радыё Свабода».

Першы крок да рэальнай незалежнасьці

На архіўных відэакадрах апэратара Сяргея Чырыка відаць, як людзі вітаюць аплядысмэнтамі дэпутатаў фракцыі БНФ, якія, нягледзячы на прэсінг камуністычнай большасьці здолелі наблізіць савецкую рэспубліку да рэальнай незалежнасьці. Сярод народных выбраньнікаў, якія выйшлі да людзей ля Дома ўраду, — Зянон Пазьняк, Міхась Ткачоў, Сяргей Навумчык, Алег Трусаў, Юрась Беленькі, Галіна Сямдзянава, Лявон Баршчэўскі, Валянцін Голубеў, Сяргей Антончык ды іншыя. З выступаў вынікае, што яны яшчэ самі да канца ня вераць, што зрабілі гісторыю.

Тая дэклярацыя фактычна мела рэкамэндацыйны характар. Але менавіта яе прыняцьце стала першым сур’ёзным юрыдычным крокам у кірунку сувэрэннай Беларусі.

Крыху больш чым праз год, 25 жніўня 1991-га, неўзабаве пасьля правалу путчу камуністычных рэваншыстаў у Маскве, Вярхоўны Савет Беларусі 12-га скліканьня надаў дакумэнту статус канстытуцыйнага закону.

У верасьні таго ж году ў сувязі зь перайменаваньнем БССР у Рэспубліку Беларусь адпаведныя зьмены былі ўнесеныя ў назву і тэкст дэклярацыі. 15 сакавіка 1994-га ў разьвіцьцё палажэньняў дэклярацыі прынялі новую Канстытуцыю.

Цягам 1991-1996 гадоў 27 ліпеня адзначалася як галоўнае дзяржаўнае сьвята — Дзень Незалежнасьці Рэспублікі Беларусь. Пасьля лістападаўскага рэфэрэндуму 1996 году дату перанесьлі на 3 ліпеня — дня вызваленьня Менску ад гітлераўцаў.

Навумчык: «Спрацаваў псыхалягічны прыём Пазьняка»

Яшчэ 30 траўня 1990 году Сойм БНФ на ініцыятыву старшыні Беларускага Народнага Фронту Зянона Пазьняка была агучаная галоўная палітычная мэта арганізацыі — дамагацца поўнай незалежнасьці Беларусі, успамінае дэпутат Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня Сяргей Навумчык. Рэалізаваць гэта даручалася, у першую чаргу, фронтаўскім дэпутатам у Вярхоўным Савеце. Пачалася распрацоўка тэксту дакумэнту.

У сярэдзіне чэрвеня 1990-га пра сувэрэнітэт заявіў Вярхоўны Савет РСФСР на чале з Барысам Ельцыным. Кіраўнік Савецкага Саюзу Міхаіл Гарбачоў, каб зьняць напружаньне, дазволіў старшыням парлямэнтаў іншых рэспублік прыняць аналягічныя дакумэнты — з умовай, што гэта будзе фармальнасьць, якая ні да чога не абавязвае.

Вярхоўны Савет БССР стварыў працоўную групу, старшыня якой Леанід Козік сам зьвярнуўся да Зянона Пазьняка, каб ягоная каманда падзялілася хоць якімі напрацоўкамі. Першапачатковы варыянт быў нашмат большы і падрабязьнейшы, чым прыняты пазьней: камуністы, карыстаючыся большасьцю ў камісіі, пачалі выкідаць «лішняе».

Найбольшыя спрэчкі выклікалі дзьве пазыцыі. БНФ патрабаваў, каб дэклярацыя мела статус канстытуцыйнай сілы — палажэньне аб сувэрэнітэце вышэйшае за Канстытуцыю і законы СССР, якія дзейнічалі на тэрыторыі рэспублікі. Супраць паўстала намэнклятурная большасьць. Другі пункт — камуністы прапісалі ў дэклярацыі, што БССР падпісвае новую саюзную дамову, супраць чаго, у сваю чаргу, выступілі дэпутаты БНФ.

Пераканаць апанэнтаў не ўдалося. У перапынку паміж паседжаньнямі Пазьняк прапанаваў скарыстаць «псыхалягічны прыём», ведаючы, што часта камуністы галасавалі «за» толькі таму, што БНФ быў «супраць». Ён заявіў: паколькі фармулёўка пра канстытуцыйнасьць і непадпісаньне саюзнай дамовы не прымаецца, фронтаўцы пакідаюць Авальную залю і ў галасаваньні ўдзельнічаць ня будуць. Тактыка спрацавала: за дэклярацыю прагаласавалі аднадушна нават у адсутнасьць яе распрацоўнікаў.

Пасьля гэтага дэпутаты БНФ вярнуліся ў залю, а Пазьняк зачытаў заяву пра палітычную сытуацыю, заадно абвясьціўшы, што фракцыя БНФ пераходзіць у апазыцыю. 27 ліпеня 1990 году, акрамя таго, стала днём утварэньня апазыцыі БНФ як парлямэнцкай структуры.

Шут: Агучваўся варыянт «канфэдэрацыі рэспублік»

Распад Савецкага Саюзу набліжаўся, быў аб’ектыўнай непазьбежнасьцю — раней ці пазьней гэта павінна было здарыцца, перакананы яшчэ адзін дэпутат Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня Алесь Шут. Дэклярацыі, якія да гэтага абвясьцілі краіны Балтыі, падштурхнулі да дзеяньняў і тагачасную савецкую намэнклятуру.

На самой справе задача была іншая — з дапамогай камуністычнай прапаганды разьбіць і дыскрэдытаваць распачаты «парад сувэрэнітэтаў», паказаць, што без Масквы рэспублікам ня выжыць. Тыя захады ўрэшце прывялі да адваротнага эфэкту: ідэі незалежнасьці, насуперак чаканьням Крамля, умацаваліся ў галовах людзей, і абвешчаная 27 ліпеня Дэклярацыя аб дзяржаўным сувэрэнітэце БССР стала дакумэнтам, які трэба выконваць.

Адпачатку думкі наконт дзяржаўнага ўладкаваньня былі самыя розныя, уключна з тым, каб застацца ў складзе СССР на асаблівых правах ці атрымаць пэўны статус у «канфэдэрацыі рэспублік». Аднак прынятая Дэклярацыя аб сувэрэнітэце ўсё расставіла на месцы: Беларусь будзе дамагацца дзяржаўнай незалежнасьці.

Найперш трэба засяродзіцца на сваёй нацыянальнай культуры, гісторыі, традыцыяў. Акрамя таго, мелася на ўвазе, што ў большай ступені будуць выконвацца мясцовыя законы, накіраваныя на падтрымку тутэйшых людзей. Такая надзея была небеспадстаўная, бо Савецкі Саюз ужо ледзь ліпеў.

Тупіковасьць сытуацыі беларусы адчувалі на сабе — ні прадуктаў, ні тавараў, бракавала ўсяго. Неабходнасьць незалежных паводзінаў ад Масквы агучвалася рашуча і моцна. Што тычыцца Вярхоўнага Савету, то дэклярацыя была прынятая як пад уплывам вуліцы, так і па рэкамэндацыі тагачаснага кіраўніцтва СССР.

Ну і, само сабой, пад ціскам парлямэнцкай апазыцыі БНФ, якая выступіла калі не з дэмаршам, то з настойлівай прапановай дэпутатам добра падумаць і ўзяць на сябе адказнасьць за будучыню Беларусі. Таму прагаласавалі якраз з пазыцыі незалежнай краіны. Прынамсі ў той момант вялікіх пярэчаньняў не было, чаго ня скажаш пра падрыхтоўчы пэрыяд — там спрэчак хапала.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]