Як гэта было ўзгадвае першы кіраўнік незалежнай Беларусі.
Колішні старшыня Вярхоўнага Савету Станіслаў Шушкевіч, узгадваючы працэс прыняцця Дэкларацыі аб незалежнасці Рэспублікі Беларусь, гаворыць, што і сёння яго востра крытыкуюць за нібыта нерашучасць у дзеяннях і заігрываннях з камуністычнай наменклатурай.
Шушкевіч упэўнены, што яго дзеянні ў гэтым пытанні якраз былі слушнымі, толькі дзякуючы гэтаму ўдалося прыняць дакумент у парламенце:
– Вось гаворыць, што яны спадзяваліся на мяне. Не заігрываючы з наменклатурай нельга было прыняць Дэкларацыю аб незалежнасці. Я працаваў як навуковец, я вырашыў, што я знайду дзве постаці, якія пацягнуць інтэлігенцыю ў Вярхоўным Савеце. І такі партыйны Таразевіч Георгій Станіслававіч, я дарэчы напісаў яму выступленне, ён прасіў, каб мы разам гэта зрабілі. Ну а Платонава вучыць не трэба было, ён прэзідэнт Акадэміі навук, ён цудоўна выступіў. Такім чынам мы прынялі Дэкларацыю аб незалежнасці, - заявіў палітык «Радыё Рацыя».
27 ліпеня 1990 года Вярхоўны Савет БССР прыняў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце.
Гэты важны для нашай дзяржавы дакумент стаў першым афіцыйным крокам да незалежнасці Беларусі.
Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце абвясціла «поўны дзяржаўны суверэнітэт Рэспублікі Беларусь як вяршэнства, самастойнасць і паўнату дзяржаўнай улады рэспублікі ў межах яе тэрыторыі, правамоцнасць яе законаў, незалежнасць рэспублікі ў замежных стасунках».
Менавіта з гэтага дня пачаўся адлік новай гісторыі нашай краіны.
27 ліпеня было абвешчана Днём незалежнасці Беларусі.
25 жніўня 1991 года Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце атрымала статус канстытуцыйнага закона, на падставе якога былі ўнесеныя змены і дапаўненні ў Канстытуцыю 1978 года. Новая Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь была прынятая 15 сакавіка 1994 года.