Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Найстарэйшая беларуская арганізацыя ў ЗША адзначае 70-гадовы юбілей

31.07.2019 политика
Найстарэйшая беларуская арганізацыя ў ЗША адзначае 70-гадовы юбілей

Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне (БАЗА) было ўтворанае паваеннай хваляй беларускай эміграцыі ў ліпені 1947 года.

Асноўнымі мэтамі было захаваньне нацыянальнай ідэнтычнасьці, уплыў на амэрыканскіх палітыкаў з мэтай спрыяньня дасягненьня незалежнасьці Беларусі, змаганьне за дэмакратыю і правы чалавека на Бацькаўшчыне.

За сем дзесяцігодзьдзяў актывісты БАЗА правялі сотні культурніцкіх мерапрыемстваў і палітычных акцый, некалькі дзесяцігодзьдзяў арганізацыя выдае газэту "Беларус".

Вось як ацэньвае Радыё Свабода вынікі дзейнасьці цяперашняя старшыня Галоўнай Управы БАЗА Натальля Федарэнка:

— Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне зрабіла шмат для пашырэньня беларускай пазнавальнасьці і захаваньня беларускай культуры. Дзякуючы актыўнасьці беларусаў у эміграцыі і, у прыватнасьці, у Амэрыцы, імя Беларусі загучала мацней на розных узроўнях міжнароднай камунікацыі. Актывісты БАЗА працягваюць трымаць кантакт з урадавымі ўстановамі ЗША для аб’ектыўнага асьвятленьня падзеяў у Беларусі з мэтай падтрымкі беларускага народа. Важным дасягненьнем нашай працы лічым кантакт з беларусамі на Бацькаўшчыне. Мы стала падтрымліваем розныя сацыяльныя, літаратурныя і творчыя праекты ў Беларусі, пашыраем кантакты з беларускімі актывістамі, запрашаем іх у госьці дзеля культурнага і адукацыйнага абмену.

Натальля Федарэнка

— За сем дзесяцігодзьдзяў у працы БАЗА ўдзельнічалі некалькі пакаленьняў эмігрантаў — пачынаючы з заснавальнікаў, тых, хто прыехаў у Амэрыку ў канцы 1940-х гадоў. Яшчэ нядаўна арганізацыю ўзначальваў Антось Шукелойць — легенда беларускай дыяспары. З БАЗА зьвязаныя такія дзеячы дыяспары. як Вітаўт Кіпель, Янка Запруднік, Ала Орса-Рамана, Вячка Сітанкевіч. Ці існуе пераемнасьць паміж старой і новай плынямі эміграцыі?

— Пераемнасьць, безумоўна, існуе. Для мяне асабіста — гэта гонар працягваць працу людзей, якія стварылі беларускі сусьвет у Амэрыцы. Да сёньня існуе беларускі цэнтар у Брукліне пры саборы Сьв. Кірылы Тураўскага, дзе пачыналася Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне, і дзе сёньня працягвае сваю дзейнасьць.

Ужо шмат людзей адышлі ад сваіх справаў: зьмянялася царкоўнае і БАЗА-ўскае кіраўніцтва, а царква стаіць і цэнтар працуе. Канешне, як і ў любым грамадзтве, моладзь імкнецца шукаць новыя шляхі разьвіцьця, а вопытныя старэйшыя засьцерагаюць ад памылак, што часам прыводзіць да сутыкненьняў меркаваньняў і ідэй. Але паразуменьне, як вядома, існуе там, дзе людзі хочуць і намагаюцца паразумецца.

Дзякуючы нашым старэйшым, што цярпліва ставяцца да новых ідэяў ад маладзёнаў, і дзякуючы моладзі, што паважліва прыслухоўваецца да старэйшых сябраў, мы надалей працуем на карысьць беларушчыны.

Найбольшая розьніца паміж старымі і маладымі сёньня — гэта палярнасьць сьветаўспрыняцьця ў старэйшых, і яе адсутнасьць у маладых.

Жыцьцё многіх старых беларусаў прайшло ў змаганьні за права беларусамі звацца на Бацькаўшчыне ці ў замежжы, і гэты стэрэатып у паводзінах не заўсёды зразумелы сёньняшняй моладзі. Маладзёны, у сваю чаргу, жадаюць сябраваць ці мець карысныя стасункі з усім сусьветам, што не заўсёды зразумела старым.

Пікет актывістаў беларускай дыяспары ў Вашынгтоне

— Юбілей — нагода для беларусаў яшчэ раз сабрацца вялікай грамадой, але ў Нью-Ёрку ў гэтыя дні яно адзначацца ня будзе.

— Сьвяткаваньне вырашана правесьці ў кастрычніку, у час, калі ня будзе вялікай сьпекі і будуць вялікія выходныя па амэрыканскім календары. Чакаем пабачыць сябраў з розных куткоў Амэрыкі.

Да словаў Натальлі Фэдарэнкі варта дадаць, што філіі БАЗА існуюць у шмат якіх штатах Амэрыкі, а актывісты Задзіночаньня маюць трывалыя кантакты з палітыкамі, у тым ліку сэнатарамі і кангрэсмэнамі.

Да прыкладу, кіраўнік Вашынгтонскага адзьдзелу Вячаслаў Бортнік зьяўляецца афіцыйным прадстаўніком БАЗА ва Ўсходне- і Цэнтральна-Eўрапейскай Кааліцыі (CEEC). Заснаваная ў 1994 годзе, Кааліцыя абʼядноўвае 18 нацыянальных сяброўскіх арганізацый, якія прадстаўляюць інтарэсы амэрыканцаў армянскага, беларускага, баўгарскага, вугорскага, грузінскага, латвійскага, літоўскага, польскага, румынскага, славацкага, украінскага, чэскага і эстонскага паходжаньня.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]