Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Разарваць замкнутае кола зможа толькі дэмантаж аўтарытарнай сістэмы

01.08.2019 политика
Разарваць замкнутае кола зможа толькі дэмантаж аўтарытарнай сістэмы

Мы хацiм ведаць, як улада 25 гадоў распараджалася народнымі грашыма.

З савецкага часу помніцца, як у любой установе ў разгар працоўнага дня раптоўна ў пакой заяўляліся нахрапістыя цёткі, якія важна называліся «камісіяй», і, не зважаючы на прысутных, выкрыквалі нумары, перапісвалі мэблю і абсталяванне. Працэс называўся планавай інвентарызацыйнай зверкай, пiша Сяргей Законнікаў для sn-plus.com.

У разважаннях беларускага правіцеля апошнім часам таксама загучала тэма наладжвання зверкі і праверкі дасягнутага. На пасяджэнні Вышэйшага еўразійскага эканамічнага савета А. Лукашэнка сказаў: «Я предложил, чтобы Нурсултан Абишович (Назарбаев) занялся, в том числе, и ревизией всего того, что мы сделали или не сделали в союзе, начиная с кадрового состава нашей комиссии и заканчивая стратегическими направлениями нашей деятельности».

Што ж, падводзіць вынікі карысна, бо без гэтага нельга асэнсавана рухацца наперад. Але я мяркую, што беларускае насельніцтва больш цікавіць не стан Еўразійскага саюза, а ўсё ж унутраныя рэаліі нашай суверэннай краіны — захаванне законнасці, правоў і свабод чалавека, узровень падрыхтаванасці і сумленнасці службоўцаў, дасягненні ва ўсіх сферах гаспадарання, адпаведнасць у аплаце працы і ў памерах пенсій розных катэгорый грамадзян.

Пра неабходнасць аналізу дзяржаўнай грунтоўнасці і самадастатковасці Беларусі, вызначэння якасці працы кіруючых кадраў я гавару і пішу часта. Тое ж тычыцца і правядзення глабальнай інвентарызацыі уражваючых асабістых матэрыяльных набыткаў прадстаўнікоў уладных структур. Але ж кожны такі напамін — «глас вопиющего в пустыне». Аўтарытарызм існуе толькі ў рэжыме татальнай сакрэтнасці. Памылкі і пралікі рэжыму, якія прынеслі вялікія страты краіне, схаваны ад насельніцтва.

Грамадзяне хацелі б ведаць: як улада 25 гадоў распараджалася бюджэтнымі (народнымі!) грашыма, колькі іх укладзена ў кожную галіну, што атрымана ў выніку? Нас цікавяць суадносіны ўзроўняў дабрабыту службоўцаў і простых працаўнікоў.

У гісторыі Беларусі яшчэ не было перыяду, каб начальнікі так высока, як цяпер, ацэньвалі ўласную працу і так абразліва нізка — намаганні мільёнаў грамадзян. Параўнанне прыбыткаў прадстаўнікоў улады, іх родзічаў, сяброў з надта сціплым матэрыяльным станам звычайных сем’яў шакіруе.

Пасля краху СССР першым этапам раскрадання агульнанароднага багацця мясцовымі начальнікамі стала выдача пазык. У пачатку незалежнасці Беларусі, калі панаваў арганізацыйны хаос, усе, хто быў ва ўладзе ці блізка да яе, нахапалі шмат крэдытных грошай, бо ведалі, што аддаваць ім давядзецца толькі капейкі ці наогул усё будзе спісана. Простым людзям грошай дзяржава тады не пазычала. Калі я звярнуўся ў банк з просьбаю выдаць тры тысячы рублёў для завяршэння будаўніцтва лецішча, мне адказалі, што трэба стаць у чаргу і чакаць паўгода або год. Давялося абыходзіцца ўласнымі рэсурсамі, сваёй галавою і рукамі.

З усталяваннем аўтарытарызму пачаўся другі этап прысабечвання багацця народа, які працягваецца. Штодзённыя арышты службоўцаў паказваюць, што няма ніводнай сферы дзейнасці, дзе б не было карупцыі. Словы правіцеля: «Коррупция — это не для Беларуси», — гучаць здзекам над сумленнымі грамадзянамі.

Кормячыся з рук злодзеяў, іх абаронцы ціснуць на гуманізм: «Вы што, зноў хочаце, як гэта зрабіў Ленін у 1917 годзе, наладзіць адстрэл багатых?»

Нічога падобнага. Ёсць эфектыўныя метады і спосабы, каб дасягнуць нармальнага эканамічнага і сацыяльнага ўладкавання ў грамадстве. Найперш павінны працаваць законы! Галоўнае — стварыць аднолькавыя ўмовы для самарэалізацыі любога грамадзяніна, зыходзячы з яго разумовых і фізічных магчымасцяў, узроўню адукацыі і інтэлектуальнага развіцця. А далей усё залежыць ад канкрэтнага чалавека, ад яго настойлівасці, працавітасці, стараннасці.

Што тычыцца сучасных заможных людзей, то яны дзеляцца на цынічных злодзеяў-карупцыянераў, махляроў, жулікаў і на тых, хто нажыў багацце сумленным шляхам, развіваючы бізнес у прававых рамках.

Не трэба наладжваць экспрапрыяцыю, якую правялі бальшавікі пасля кастрычніцкага перавароту, пазбаўляць аўтарытарную «эліту» маёмасці, рахункаў. Хай карыстаюцца і не калоцяцца ад страху.

Але ўсё нажытае шляхам карупцыі, крадзяжамі павінна быць выяўлена і абкладзена выплатамі з прыбыткаў злачынцы да канца яго жыцця. Зрабіць глабальную інвентарызацыю ў межах Беларусі нескладана. Непамерная раскоша многіх людзей, якія афіцыйна не маюць значных прыбыткаў, практычна навідавоку — ад райцэнтраў да сталіцы. Калі ўлада трымае пад кантролем кожнага апазіцыянера, то чаму б пільны позірк не звярнуць на карупцыянераў, злодзеяў?

Прытым крымінальная маёмасць у Беларусі і за мяжой, за якую не будзе поўнасцю выплачана сума запазычанасці, не перадаецца ў спадчыну дзецям і іншым родзічам, а адразу пераходзіць у бюджэт дзяржавы. Такі падыход да праблемы, які практыкуецца ў свеце, быў бы правільным і справядлівым!

Усіх, хто крадзе, раскашуецца за кошт хворых дзяцей, інвалідаў і старых людзей, знішчае здароўе нацыі, замінае лепшай будучыні Беларусі, я лічу марадзёрамі.

Яшчэ нядаўна многія службоўцы ўсчалі крык і з пенай на вуснах даказвалі, што лічыць чужое багацце — неэтычна. Але раптам генеральны пракурор А. Канюк стаў разважаць зусім па-іншаму: «Президент говорил о том, что люди должны знать о чиновниках: что у них есть, за что они живут, какие у них строения, машины и т.д. Это мировая практика, ничего удивительного здесь нет. Смотрю сайты, российские, украинские, там видно, что есть у президента, у Зеленского».

Няўжо дайшло? Асабіста я — сумняваюся. Калі прыпячэ, то службоўцы імгненна прыкідваюцца рахманымі авечкамі: мы не супраць адкрытасці… Але яе як не было, так і няма. Палата прадстаўнікоў прыняла ў першым чытанні закон «О персональных данных».

Калі ў карупцыі, крадзяжах удзельнічаюць чыноўнікі вышэйшага рангу, супрацоўнікі следчых камітэтаў, міліцыі, КДБ, якія праходзяць праверку і адбор, вучацца ў Акадэміі кіравання, часта прызначаюцца самім правіцелем, то атрымліваецца замкнутае кола. Разарваць яго зможа толькі дэмантаж аўтарытарнай сістэмы.

Правіцель і чыноўнікі займаюцца дэмагогіяй, казыраюць «прыгожымі» выразамі. Нядаўна У. Сямашка размахнуўся ў красамоўстве: «Чтобы дети и внуки не испытывали никаких проблем, жили полной жизнью, могли удовлетворить все свои потребности».

Я адразу ўспомніў, як савецкія прапагандысты вучылі, што на вышэйшай фазе камунізму будзе прынцып «От каждого — по его способностям, каждому — по его потребностям». Калі чыноўнік і дыпламат меў на ўвазе начальніцкіх дзяцей і ўнукаў, то яны, дзякуючы «ўвішным» дзядам і бацькам, у сучасным «дзікім капіталізме» ўжо ўвайшлі ў «камунізм»! А вось з нашымі, якіх значна болей, ёсць праблема. У стаўленні да іх не спрацоўвае нават сацыялістычная формула «От каждого — по способностям, каждому — по труду».

Як ні круці, а ўсё ўпіраецца ў нізкі маральны стан канкрэтных кіраўнікоў, у іх разбэшчанасць і ўсёдазволенасць. Тыя, хто павінен быць прыкладам для грамадзян, самі парушаюць прававыя і жыццёвыя нормы.

Заклік да сумлення ніяк не спрацоўвае. А таму дзейсным сродкам можа стаць аздараўленчая глабальная інвентарызацыя. Вось толькі хто будзе яе праводзіць у аўтарытарнай, карумпіраванай краіне?

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]