На розных пляцоўках у сеціве, а таксама ў прэсе пачалі зьяўляцца інфэрнальныя артыкулы з коштамі збораў у школу.
Таньней за 750 рублёў на дзіцёнка я шчэ падлікаў не сустракала, але бачыла і 890, і тысячу.
У мяне ў сям’і — два школьнікі. Гэта значыць, што я і ў «папіццот» не ўкладуся, калі буду зьбірацца як сьлед. Але што там артыкулы з коштамі! У мэтро зьявілася рэкляма: «Набываеш сшыткі сёньня, а плаціш праз 80 дзён!» О, шчасьце беларускай сям’і — набыць школьныя сшыткі ў такую смачную растэрміноўку! Не заплечнік, ня кеды з ботамі, не аэраплян, ня хатні андронны калайдэр — сшыткі ў клетку і лінейку! У растэрміноўку! Ачумець, які атракцыён нечуванай шчодрасьці.
І добра б, каб на дабро. А то ж пяць-шэсьць крэдытных сшыткаў сапсуюцца, пакуль дзіця іх правільна падпіша, зьмясьціўшы слова «сшытак» па новых правілах, альбо ў цэнтры, альбо зьлева, альбо, як саскочыць у нашых мэтадыстаў вёрстка ў інструкцыі, дык і справа. Паляцяць і дзёньнікі: «Як ты падпісаў дзёньнік! Я сказала, нікому нічога не падпісваць, пакуль ня будзе ўказаньняў! Дзёньнік — гэта дакумэнт вучня! Перапісаць! Наноў перапісаць! Яшчэ раз перапісаць!»
Не падыдуць і вокладкі на нефарматныя падручнікі, іх трэба будзе падразаць, падмотваць скотчам, яны будуць туды-сюды боўтацца на кніжках і замест таго, каб абараняць паліграфію, дадаваць у школьную паўсядзённасьць элемэнт непазьбежнага хаосу і татальнай нязручнасьці ўсяго.
Усё павінна быць нязручным — гэта закон. Ад збораў у школу павінны вочы на лоб вылезьці — гэта аксіёма. Школа павінна насунуцца як насланьне, як сызыфаў камень, як танталавы пакуты — неадменна і адчувальна. Букеты толькі сьвежыя крамныя, а хто прыйдзе зь венікам з дачы, стаць у апошні шэраг, каб не псаваць карцінку! Што гэта за калготкі ў дрыпсачку, толькі белыя! У кедах на лінейку! Аааа, дайце мне вады і карвалол, у кедах на лінейку! Марш дамоў за туфлікамі! Першае верасьня рухне і не адбудзецца, калі ў кедах на лінейку прыйсьці!
У новых падручніках задачак і практыкаваньняў да кожнага параграфа — вобмаль. Два-тры. Гэта каб набывалі дадатковыя сшыткі па астранамічных коштах. Не набыць — немагчыма. Ладна, каб гэтыя сшыткі рабілі вучэбны працэс разнастайным, цікавым ці дынамічным. Не! Настаўнік сядзе за стол запаўняць чарговую верасьнёўскую паперчыну зь бясконцага шэрагу паперчын, а дзеці ўткнуць насы ў дадатковы сшытак і будуць так-сяк рабіць дадатковыя практыкаваньні, якія па лёгіцы павінны былі быць у бясплатным падручніку. Вы бачылі малюнкі ў працоўных сшытках па МХК? Абняць і плакаць. У дадатак да сшыткаў трэба прыкладаць бясплатную лупу, а лепей мікраскоп. Каляровы — з функцыяй аднаўленьня адценьняў.
У школьных нагавіцах для хлопчыкаў будзе жудасна тугі гузік, расшпіліць які без дапамогі настаўніцы немагчыма — так і пабяжыш у прыбіральню, штаны ў руках, насаромеўшыся ўшчэнт перад сваёй Марыяй Іванаўнай. Спадніцы дзяўчат будуць пашытыя з такой тканіны, якую трэба кожную раніцу прасаваць праз мокрую анучку. Кашулі будуць замурзвацца за першы ж урок, бо кашулі ж пастэльных тонаў, а дзеці і сьвет вакол іх — не пастэльных. Заплечнікі будуць валяцца ў праходах клясы, бо не паставіць, не павесіць, габарыты то там ня лезуць, то тут не падыходзяць. І гэта ўсё — не меней як за 750 рублёў.
Я не магу зразумець, нашто нам гэта. Які выхаваўчы аспэкт тоіцца ў гэтым дарагім і ганебным маратоне збораў у школу. Чаму туды нельга пайсьці ў кедах і летняй сукенцы з дачным букетам. Як мы дажыліся да таго, што на школьныя сшыткі трэба браць банкаўскі крэдыт.
Ганна Севярынец, «Радыё Свабода»