Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Незалежнай дзяржаве — незалежную царкву: створана кананічная база для беларускай аўтакефаліі

17.08.2019 общество

У Чарнігаве праходзіць форум у падтрымку беларускай аўтакефаліі.

Ва ўкраінскім горадзе Чарнігаў сёньня пачаўся форум беларускай і ўкраінскай інтэлігенцыі ў падтрымку стварэньня незалежнай праваслаўнай царквы ў Беларусі.

У форуме бяруць удзел больш за 100 дэлегатаў зь Беларусі і Ўкраіны.

Фото: «Радыё Свабода»

Кіраўнік Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы архіяпіскап Сьвятаслаў Логін мяркуе, што форум дапаможа беларускім грамадзянам асэнсаваць неабходнасьць зьменаў у рэлігійным жыцьці краіны:

«Гэта пэўны штуршок для людзей, каб яны пабачылі, што патрэбна нешта мяняць і што можна нешта зьмяніць. Галоўнае, каб людзі мелі больш інфармацыі пра царкву і рэлігію ў Беларусі — гістарычную і кананічную, і што можна ствараць грамады, і гэта законна», — сказаў «Свабодзе» архіяпіскап Сьвятаслаў Логін.

Фото: «Радыё Свабода»

Герарх дадаў, што беларуская нацыянальная царква можа атрымаць аўтакефалію ад Канстантынопалю толькі ў тым выпадку, калі яе прызнае дзяржава, а ўлады Беларусі стала адмаўляюць Беларускай аўтакефальнай царкве ў рэгістрацыі. Цяпер у Беларусі дзейнічаюць усяго некалькі прыходаў БАПЦ.

«Але ёсьць такія асяродкі падтрыманьня нашай царквы, якія, я мяркую, могуць перарасьці ў рэлігійныя грамады», — сказаў архіяпіскап.

Паводле архіяпіскапа Логіна, рух за стварэньне незалежнай нацыянальнай царквы ў Беларусі можа быць даволі хуткім:

«Галоўнае, каб наша царква легальна існавала, і тады мы можам данесьці слова людзям. Нават у меншасьці яна будзе хутка разбудоўвацца. Я бачу, як цяпер шмат людзей і асабліва моладзі прыходзіць на беларускамоўныя службы ў парафіях Маскоўскага патрыярхату, хаця ўсё робіцца для таго, каб іх не наведвалі — іх ладзяць а 7-й раніцы па суботах».

Фото: «Радыё Свабода»

Архіяпіскап Логін сьцьвярджае, што для стварэньня нацыянальнай царквы маюцца і кананічныя падставы:

«Ужо створаная і кананічная база для гэтага — цяпер мы маем рашэньне Канстантынопальскага сабору герархаў, у якім дакладна адзначаецца, што Беларусь ёсьць кананічнай тэрыторыяй Канстантынопальскага патрыярхату».

Архіяпіскап Сьвятаслаў Логін паведаміў, што Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква мае шчыльныя дачыненьні з Праваслаўнай царквой Украіны, якая падтрымлівае жаданьне БАПЦ атрымаць стус кананічнай нацыянальнай царквы. У прыватнасьці, беларускія сьвятары бясплатна атрымліваюць адукацыю ў духоўных сэмінарыях Украіны.

«Апроч таго, украінская царква дае нам магчымасьць служыць у іхных храмах, пасьвячаць сьвятароў, рабіць хіратоніі», — дадаў ён.

Фото: «Радыё Свабода»

Кіраўнік БАПЦ не выключае, што пасьля прызнаньня Канстантынопалем незалежнай беларускай царквы да яе могуць далучыцца і сьвятары зь беларускіх япархіяў Маскоўскага патрыярхату, як гэта адбываецца і ва Ўкраіне:

«Наколькі я ведаю настроі сьвятароў, вялікая іх частка хацела б быць у беларускай царкве. Некалькі гадоў таму адбыўся сход сьвятарства Менскай япархіі, і на ім была ўхвалена пастанова, каб надаць беларускаму Экзархату статус аўтаномнай царквы. Гэта значна б пашырыла правы: беларуская царква магла б абіраць свайго мітрапаліта (цяпер яго прызначае Масква), вырашаць пытаньні кананізацыі сьвятых, абрадавыя і моўныя пытаньні. Але, зразумела, што Масква баіцца надаваць аўтаномію беларускай царкве і яна засталася адзінай, якая ня мае ні аўтаноміі, ні аўтакефаліі», кажа архіяпіскап Логін.

Фото: «Радыё Свабода»

Сьвятаслаў Логін падкрэсьліў, што згодна з апостальскімі канонамі, кожны народ павінен мець першгерарха, а ў Беларусі ёсьць экзарх — прадстаўнік Маскоўскага патрыярхату.

«Вернікі і царква ў Беларусі ўшчэмленыя ў духоўным пытаньні. Але мне падаецца, што кожны народ мусіць адстойваць свае правы».

Фото: «Радыё Свабода»

Форум у Чарнігаве арганізаваны Рухам салідарнасьці «Разам».

У выніку дыскусіі яго ўдзельнікі ўхваляць заявы аб безумоўным праве беларускага народу на ўласную дзяржаўнасьць і неабходнасьці рэгістрацыі БАПЦ у Беларусі.

На форуме беларускія і ўкраінскія актывісты зь Кіева перадалі арганізатарам форуму 8-мэтровы бел-чырвона-белы сьцяг, на якім у часе акцыі ў Кіеве 27 ліпеня ўкраінцы напісалі свае пажаданьні беларускаму народу. Яго плянуюць неўзабаве прэзэнтаваць на адной з акцый у Менску.

Фото: «Радыё Свабода»

Алена Талстая, адна з арганізатараў форуму, паведаміла, што двух удзельнікаў форуму ня прапусьцілі праз мяжу зь Беларусі. Паводле яе, яны маюць забарону на выезд праз сваю грамадзянскую актыўнасьць.

«Адзін зь іх — Яўген Парчынскі з Наваполацку, які павінен быў выступіць з дакладам на форуме», — удакладніла Алена Талстая.

18 жніўня, у нядзелю ў Кацярыненскай царкве ў Чарнігаве адбудзецца служба за Беларусь.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]