Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Як сям’я філёлягаў зладзіла пасьпяховы бізнэс на вывучэньні славянскіх моваў

20.08.2019 общество

Нават Зоя-манікюрніца загаварыла па-беларуску.

У 2014 годзе двое выпускнікоў філфаку (яна — з хутара Даўнары ў Менскай вобласьці, ён — з малюсенькага раённага цэнтру Кіраўску ў Магілёўскай вобласьці) з дачкой на руках, якой быў тады год, вырашаюць пачаць на «вясельныя» грошы ўласны бізнэс у Менску. І ў іх усё атрымліваецца.

Радыё Свабода паразмаўляла з героямі гэтай казкі — Ірынай і Аляксеем Зімневымі, уладальнікамі Цэнтру сучасных моў і культур, якому сёлета спаўняецца ўжо 5 год.

«У нас бізнэс-плян быў на аркушы блякноціка!»

«Мы былі такія бязглуздыя, што калі цяпер я гляджу назад, то думаю, што мы не маглі стартаваць, — узгадвае Аляксей Зімнеў. — Не сыходзіцца матэматыка! Мы не павінны былі выжыць!»

«У нас бізнэс-плян быў на аркушы блякноціка! — дадае Ірына. — І я прыкідвала: колькі нам спатрэбіцца грошай на мэблю? Гм, ну, прыкладна... 2000. Вось так!»

Цяпер Цэнтар — гэта вядомыя, прафэсійныя курсы, чые сэртыфікаты прызнаюць у сьвеце. Сталыя вучні прыводзяць сюды сваіх дзяцей і ўнукаў, выпускнікі філфаку прыходзяць сюды працаваць. А летась Цэнтар вучыў беларускай мове ўсю кампанію Velcom.

«Нядаўна па тэлевізары была імпрэза, прысьвечаная перайменаваньню Velcom у А1, — кажа Ірына. — І там адзін з супрацоўнікаў, які ў нас вучыўся, па-беларуску даваў інтэрвію! Я кажу: „Як прыемна слухаць, клясна вывучыў!“»

Гэта цяпер у кампаніі 40 супрацоўнікаў і 15 аўдыторыяў, а калісьці Аляксей і Ірына пачыналі ўдваіх.

«Спачатку я тут была асноўным выкладчыкам, прыбіральніцай, мэнэджэркай... Усімі», — пералічвае Ірына.

«Мы самі шпалеры клеілі. Ня ў гэтым пакоі, вядома. Там бы вы адразу зразумелі, дзе мы клеілі, — сьмяецца Аляксей. — Затое цікавыя, насамрэч, былі часы. Ляціш а 7 раніцы на працу, бо трэба надрукаваць нейкім студэнтам матэрыял. Іра ляціць, таму што трэба прыбрацца. Пасьля мяняемся — я сяджу зь дзіцем, Іра нешта выкладае. Пасьля мне трэба тут лямпачку памяняць, я вылятаю назад. Гэтая мітусьня была бясконцая, быў пажар, было ўсё такое страшнае. Але ўрэшце ўсё неяк сьцішылася, зрабілася лягічным».

«У цябе ж ёсьць правы на трактар — не прападзеш»

Бацькі Ірыну з Аляксеем заўсёды падтрымлівалі: ніхто не прапаноўваў патраціць «вясельныя» грошы на машыну ў крэдыт, не заклікаў «быць разумнымі».

«Яны заўсёды заўзелі за нас, — кажа Аляксей. — Тата тэлефанаваў кожны дзень, і ў яго было запісана, колькі ў нас на ўчорашні дзень было студэнтаў, а колькі на сёньняшні. Я яму кажу: „51!“ Тата кажа: „О, учора 47 было. Добры дзень сёньня, выдатна ўсё прайшло. Ну, давайце!“»

«Мама падаравала мне 2500 даляраў, — кажа Ірына. — Адкладала вельмі доўга, пасьля кажа: „Я табе нічога ніколі нармальнага не дарыла, а зараз я назьбірала і ўпэўненая, што вы ўкладзяце грошы ў карысную справу“. Цяпер мы маме дапамагаем. Але ж добра, што яна долю не папрасіла (сьмяецца). Бо на той момант гэта была, напэўна, чвэрць нашага статутнага капіталу».

Паступленьне на філялягічны факультэт было ўласнай Ірынінай ініцыятывай — ані ў кога са старэйшага пакаленьня ў яе сям’і вышэйшай адукацыі няма. Бацька супакойваў: не паступіш — нічога страшнага, у цябе ж ёсьць правы на трактар, не прападзеш. Але Ірына зь дзяцінства хацела быць настаўніцай беларускай мовы.

«Нас з малодшым братам бацькі адправілі на хутар да бабулі, калі мне было чатыры, а яму тры, бо ў нашай вёсцы ў Дзяржынскім раёне не было садочка. На хутары вялікая гаспадарка — мы кароў ганялі, там былі сьвіньні, куры, індыкі, гусі. І бабуля клясна размаўляла па-беларуску, у яе русізмаў увогуле не было, у яе былі палянізмы. Але гэта ўсё адно была смачная беларуская мова».

Для Аляксея справа была не ў пакліканьні: галоўнае — перабрацца ў Менск. Да таго ж БДУ здаваўся прэстыжным месцам для навучаньня. Сам ён заўсёды хацеў займацца бізнэсам. Праўда, першыя дзьве спробы скончыліся паразай: інтэрнэт-краму дзіцячых тавараў прыйшлося прадаць, каб выйсьці «ў нуль», а вэлапракат увогуле пратрымаўся тыдзень.

«Праз тыдзень у нас скралі велікі. Проста зрэзалі замкі і скралі. Такая хісткая бізнэс-мадэль атрымалася», — сьмеючыся, кажа Аляксей.

«Таму што мяне не было!» — дадае Ірына.

Пазнаёміліся акурат на філялёгіі: ён быў на курс маладзейшы, вучыўся зь яе братам. Сустрэліся, калі разам рыхтавалі студэнцкую вечарыну.

«Пасьля ўсё як у тумане, у нас двое дзяцей...» — сьмяюцца Зімневы.

«Прыходзяць бацькі і кажуць: „Дзіця ненавідзіць беларускую мову“»

Ажаніліся, калі ўнівэрсытэт скончыла Ірына. Першая дачка нарадзілася, калі ўнівэрсытэт скончыў Аляксей. Яшчэ праз год адчыніўся Цэнтар славянскіх моў і культур, які пасьпяхова існуе ўжо пяты год.

За гэты час праз Цэнтар прайшло больш за 7000 студэнтаў. Абсалютная большасьць зь іх вучыць польскую мову: для паступленьня ў ВНУ, для сталага пераезду ў Польшчу, для таго, каб атрымаць «карту паляка».

«Так, нехта кажа, што „карта паляка“ — гэта здрада. Але я так ня думаю. У мяне ў самой ёсьць „карта паляка“, у мяне бацькі, і дзяды, і прадзеды — усе па нацыянальнасьці палякі. Яны захавалі гэта, яны не перапісваліся ў савецкія часы рускімі ці беларусамі. Але ж я лічу сябе беларускай полькай: я ў жыцьці размаўляю па-беларуску, я раблю шмат чаго для Беларусі і беларускай мовы. Але ж так, ёсьць і „картапалячнікі“ ў вельмі нэгатыўным сэнсе, яны так і кажуць: „Беларусь — гэта лайно“ і „Я еду ў Польшчу, ужо заўтра выяжджаю, але мне ня трэба польская мова, дайце толькі сьпіс пытаньняў, каб карту атрымаць“».

Беларуская мова, на жаль, такім попытам не карыстаецца: часьцей за ўсё на курсе вучацца дзеці, каб лепш напісаць дыктоўку для паступленьня ў гімназію.

«Да нас прыходзяць часта бацькі і кажуць: „Дзіця ненавідзіць беларускую мову“, — шкадуе Ірына. — І гэта не дзіця вінаватае, гэта мову выкладаюць абы-як, ёй не захопліваюць».

На думку Аляксея, беларускую мову ўжо цяпер трэба выкладаць як замежную, пачынаючы з малюнкаў і песенек, а не з граматычных правілаў, бо дзеці, асабліва гарадзкія, часьцяком не разумеюць нават самых простых словаў, якімі тыя правілы тлумачацца ў падручніках. У выніку да мовы выпрацоўваецца агрэсіўнае стаўленьне.

Паўплывае і наяўнасьць якаснага беларускамоўнага кантэнту. Але пакуль у мэдыясфэры няма ані грошай, ані буйных імёнаў.

«У нас не такі ж узровень тэлебачаньня, як у той жа Ўкраіне. Яны спакойна могуць адмовіцца ад расейскамоўных каналаў, а ў нас, на жаль, калі зараз іх адключыць і мы будзем глядзець БТ-1, БТ-2, БТ-3, то ўсе будуць у шоку, гэта будзе бунт, будзе Плошча».

«Дарослай» беларускай групы ў Цэнтры няма, бо малая цікаўнасьць. Але ёсьць і выключныя прыклады асабістай матывацыі.

«Была гісторыя пра Зою-манікюрніцу, — узгадвае Ірына. — Да яе прыйшла нейкая беларускамоўная дзяўчына на манікюр, падзякавала і папрасіла запісаць на нейкі месяц. А Зоя па-беларуску не зразумела. Гэтая сытуацыя так тую бедную Зою зьбянтэжыла, яна пачала заганяцца, што яна беларуска і ня ведае беларускай мовы. І яна індывідуальна плаціла 40 рублёў за заняткі і вучылася беларускай мове».

«У мяне ёсьць гіпотэза, што людзі баяцца размаўляць па-беларуску з прычыны агрэсіўных беларускамоўных людзей, — разважае Аляксей. — Бо варта табе ў інтэрнэце выказацца з памылкамі, як цябе заплююць на Фэйсбуку, напішуць: „Беражыце мову, размаўляйце па-руску“. І ёсьць адчуваньне, што шмат хто насамрэч і ня хоча паўсюднай беларускай мовы, бо тады яны перастануць вылучацца. Яны раўнуюць».

Аляксей згадвае, як на філфаку малады хлапец-эколяг намагаўся чытаць лекцыі па-беларуску, хоць ня мусіў.

«І зь яго вельмі моцна кпілі на лекцыях, калі ён памыляўся, называлі „трасянік“, „трасяныч“. Ну, думаю, вы нелюдзі. Чалавек жа намагаецца», — абураецца Аляксей.

«У нас фанк-бізнэс, вольныя стасункі, якія лаюць у разумных кніжках па бізнэсе»

Ірына і Аляксей упэўненыя: рабіць сваю справу трэба так, каб асалоду атрымлівалі і кіраўнікі, і супрацоўнікі. Нават калі гэта значыць парушаць усе прынятыя законы кіраваньня.

«У нас такі фанк-бізнэс, — кажа Аляксей. — У разумных кніжках па бізнэсе такі падыход лаюць — маўляў, павінна быць субардынацыя. Але ў нас, здаецца, яе не існуе. У нас ніхто ні перад кім не трымціць, і я ад гэтага вельмі кайфую».

«Гэта не стандартнае для Беларусі месца працы, такая „бірузовая“ арганізацыя з гарызантальнай сыстэмай, — тлумачыць Ірына. — І зразумела, што ў Беларусі гэта цяжка зрабіць, бо ў нас людзі ўжо ня могуць без таго, каб іх ніхто ў плечы ня гнаў. Але ў нас усе дапамагаюць адзін аднаму».

«Мая задача — каб прыходзілі людзі, Ірына задача — каб яны былі шчасьлівыя, — працягвае Аляксей. — І галоўнае — ня лезьці на тэрыторыю адно аднаго і давяраць. Але, зноўку ж, гэта ня формула. Мы ня кажам: „Усе рабіце бізнэс з жонкамі!“ Не, ні ў якім разе. Гэта асабісты выпадак, толькі нашая гісторыя і больш нічыя іншая».

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]