Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Рада БНР: як склаліся лёсы дэмакратычных урадаў за мяжой

22.08.2019 общество

Некаторыя з іх перадалі ўладу легітымным прадстаўнікам сваіх краінаў.

22 жніўня 1992 году прэзідэнт Украінскай Народнай Рэспублікі ў выгнанні Мікола Плаўюк склаў паўнамоцтвы, перадаўшы іх прэзідэнту Украіны Леаніду Краўчуку. Гэта было часткаю збольшага сімвалічных працэсаў, што ў той час адбываліся ў некаторых краінах Усходняй Еўропы, якія толькі што аднавілі сваю незалежнасць. «Радыё Свабода» прапануе паглыбіцца ў гісторыю такой малавядомай палітычнай з’явы, як урад у выгнанні.

Што такое ўрад у выгнанні

Урадам у выгнанні звычайна называюць палітычную групу, якая прэтэндуе на кантроль над тэрыторыяй адпаведнай краіны, але з палітычных прычын вымушаная фізічна заставацца за межамі гэтай краіны — звычайна ў іншай краіне са згоды яе ўлад. Дастаткова часта такія ўрады фарміруюцца кіраўніцтвам, якое сапраўды нейкі час мела палітычны ўплыў і кантроль над тэрыторыяй, але ў выніку нейкіх палітычных падзей гэты кантроль страціла. Вядомыя прыклады з сусветнай гісторыі - урад Чан Кайшы ў Тайвані альбо ўрады ў выгнанні, створаныя канфедэратамі пасля таго, як тыя прайгралі ў Грамадзянскай вайне ў ЗША.

Рада Беларускай Народнай Рэспублікі ў выгнанні

Рада БНР лічыцца найстарэйшым у свеце ўрадам у выгнанні - яна старэйшая за ўрады незалежнага Тыбета альбо дарэвалюцыйнага Ірана. У выгнанні Рада БНР застаецца з 1919 года, калі на тэрыторыі Беларусі ўсталявалася бальшавіцкая ўлада.

Кіраўнічыя органы БНР у розныя гады мелі сядзібу ў Літве, Нямеччыне, Латвіі, Чэхіі. У тыя часы Рада БНР спрабавала данесці да свету інфармацыю аб існаванні беларускага народа, аб яго правах на сваю незалежную дзяржаву. Пасля Другой сусветнай вайны Рада аднавіла сваё існаванне ў эміграцыі.

Намаганнямі Рады БНР былі створаны культурныя цэнтры для беларусаў у замежжы (у Лондане, Нью-Ёрку, у Нямеччыне), адстойваліся інтарэсы беларусаў у ЗША, была створана беларуская служба «Радыё Свабода», у 80-е гады збіраліся грошы на дапамогу ахвярам выбуху на Чарнобыльскай АЭС.

Пасля абвяшчэння Беларуссю незалежнасці ў 1991 годзе выказваліся прапановы перадаць сімвалічныя паўнамоцтвы Рады БНР ураду незалежнай Беларусі. Аднак тады Рада БНР прыняла рашэнне пачакаць. Пасля прыходу да ўлады ў 1994 годзе Аляксандра Лукашэнкі Рада БНР ад гэтай ідэі адмовілася і працягвае сваё існаванне як урад у выгнанні.

Урад Грузінскай Дэмакратычнай Рэспублікі ў выгнанні

Незалежная грузінская дзяржава была створана тады ж, калі і БНР, але пратрымалася некалькі даўжэй — да 1921 года, калі тэрыторыю краіны занялі бальшавіцкія войскі.

Усю сваю нядоўгую гісторыю дзяржава кантралявалася сацыял-дэмакратычнай партыяй Грузіі, таму ў савецкай гістарыяграфіі часам сустракаўся тэрмін «меншавіцкая Грузія».

Адразу пасля захопу краіны бальшавіцкім войскам кіраўнікі незалежнай Грузіі арганізавалі ўрад у выгнанні, які да 1954 года знаходзіўся ў Францыі і зваўся Нацыянальным урадам Грузіі. Урад у выгнанні разам з камітэтам па аднаўленні незалежнасці Грузіі, які дзейнічаў у самой краіне, змог падняць паўстанне ў жніўні 1924 года. Гэтае паўстанне было апошняй спробай аказаць збройны супраціў савецкай уладзе да пачатку Другой сусветнай вайны — у выніку яно было задушанае, а яго ўдзельнікі або забітыя, або арыштаваныя.

Пра спадчыну першай грузінскай рэспублікі ўзгадалі ўжо напярэдадні аднаўлення незалежнасці Грузіі ў 1980-я гады. Дзень абвяшчэння першай рэспублікі стаў дзяржаўным святам, якое грузіны і сёння святкуюць. Тады ж было прынятае і рашэнне вярнуць старую дзяржаўную сімволіку — сцяг і герб першай грузінскай рэспублікі выкарыстоўваліся да 2004 года, калі іх замянілі на сучасныя, натхнёныя сімваламі сярэднявечнай Грузіі. У адрозненне ад Украіны, ніякай перадачы паўнамоцтваў не адбылося, бо на момант абвяшчэння незалежнасці Грузіі ад СССР урад у выгнанні ўжо не існаваў.

Дыпламатычныя місіі краін Балтыі

У адрозненне ад сваіх суседзяў, у Літвы, Латвіі і Эстоніі склалася крыху іншая сітуацыя — многія краіны света (асабліва на Захадзе) не прызнавалі анэксіі гэтых краін СССР.

Амбасады балтыйскіх краін працягвалі сваю працу ў ЗША да аднаўлення іх незалежнасці. ЗША на працягу ўсёй акупацыі не прызнавалі савецкую ўладу ў краінах Балтыі, а ўсе фінансавыя актывы, якія належалі даваенным урадам гэтых краін, былі замарожаныя, каб пазбегнуць перадачы іх СССР.

Такім чынам, Літва і Латвія не мелі сваіх урадаў у выгнанні - гэтую ролю выконвалі даваенныя дыпламатычныя місіі, якія моцна супрацоўнічалі з дыяспарай і падтрымлівалі ўцекачоў з Літвы і Латвіі ў пасляваенныя гады. Толькі Эстонія мела свой урад у выгнанні - ён меў сядзібу ў Осла і меў пераважна сімвалічную функцыю, бо ўсе дыпламатычныя адносіны падтрымліваліся эстонскім кансулатам у Нью-Ёрку. Самі дыпламатычныя місіі Эстоніі не прызнавалі гэты ўрад — тым не менш, калі Эстонія аднавіла сваю незалежнасць, адбылася фармальная цырымонія перадачы паўнамоцтваў.

Урад Польшчы ў выгнанні

Урад Польшчы ў выгнанні быў створаны ў выніку акупацыі краіны нацысцкай Нямеччынай і Савецкім Саюзам у 1939 годзе і праіснаваў за мяжой да 1990 года, калі апошні прэзідэнт лонданскага ўрада Польшчы, Рышард Качароўскі, перадаў паўнамоцтвы Леху Валенсу — першаму прэзідэнту посткамуністычнай Польшчы. Урад пераязджаў за ўвесь час свайго існавання ўсяго некалькі разоў: спачатку ў Парыж, потым у Анжэ, а з 1940 года дзейнічаў у Лондане.

За 50 гадоў свайго існавання гэты ўрад не толькі прадстаўляў інтарэсы польскага народа на Захадзе, але і паспрыяў заснаванню польскіх вайсковых адзінак падчас Другой сусветнай вайны. Напрыклад, Армія Андэрса, створаная на тэрыторыі СССР і ў шэрагах якой ваявалі і беларусы (у тым ліку і Вінцэнт Жук-Грышкевіч — старшыня Рады БНР у 1971−1982 гадах), была падпарадкаваная лонданскаму ўраду Польшчы. Польская падпольная дзяржава, якая функцыянавала на акупаванай немцамі тэрыторыі Польшчы, мела непасрэднае дачыненне да ўрада ў выгнанні, які, у сваю чаргу, слаў у саму Польшчу сваіх дэлегатаў. Планаванне Варшаўскага паўстання 1944 года таксама было ініцыятывай урада ў выгнанні. Сёння на месцы былой лонданскай штаб-кватэры польскага ўрада ў выгнанні вісіць памятная шыльда і працуе музэй.

Урад Украінскай Народнай Рэспублікі ў выгнанні

Пасля таго як УНР канчаткова спыніла сваё існаванне ў канцы 1920 года, усе органы ўлады перабраліся спачатку ў Польшчу, а пасля і ў Чэхаславаччыну (дзе падтрымліваліся адносіны з урадам БНР у выгнанні), Нямеччыну, Францыю і, нарэшце, у ЗША, дзе гэты ўрад праіснаваў да абвяшчэння незалежнасці ўжо сучаснай Украінай.

Пасля Другой сусветнай вайны ўрад УНР дзейнічаў як культурны цэнтр, які аб’ядноўваў украінскую дыяспару ў краінах Захаду і захоўваў пераемнасць украінскай нацыянальнай дзяржаўнасці.

Эпоха УНР скончылася ў 1992 годзе, калі прэзідэнт Украінскай Народнай Рэспублікі Мікола Паўлюк перадаў свае паўнамоцтвы прэзідэнту Украіны Леаніду Краўчуку.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]