Заява да 80-ы угодкаў пакта Молатава-Рыбентропа.
Заяву Рады Беларускай Народнай Рэспублікі да 80-ых угодкаў пакта Молатава-Рыбентропа апублікаваў сайт БНР radabnr.org:
- У гэты дзень 80 гадоў таму Савецкі Саюз і гітлераўская Нямеччына падпісалі пагадненьне аб ненападзе, сакрэтная частка якога прадугледжвала падзел Усходняй Эўропы паміж гэтымі дзьвюма таталітарнымі дзяржавамі. Заходняя Беларусь, якая ў той час знаходзілася пад польскім кантролем, апынулася ў сфэры ўплыву СССР, які на той момант ужо кантраляваў усходнюю частку Беларусі.
Праз тыдзень пасьля падпісаньня пагадненьня Нямеччына напала на Польшчу, што сталася пачаткам Другой сусьветнай вайны.
Двума тыднямі пазьней да Гітлера далучыўся Савецкі Саюз, напаўшы на Польшчу з усходу і дэ-факта ўступіўшы ў Другую сусьветную вайну на баку нацыстоўскай Нямеччыны. У 1939-1941 годзе СССР захапіў Заходнюю Беларусь, Заходнюю Ўкраіну, Бэсарабію і краіны Балтыі. Толькі Фінляндыя здолела абараніць сваю незалежнасьць у няроўнай вайне супраць савецкай ваеннай машыны.
Вайна паміж Нямеччынай і СССР пачалася летам 1941 года, праз амаль два гады пасьля пачатку Другой сусьветнай вайны. Цягам трох гадоў Беларусь была акупаваная нямецкімі войскамі. Нямецкая акупацыя суправаджалася генацыдам беларускага габрэйства, палітычным тэрорам, злачынствамі супраць мірнага насельніцтва.
Пакт Молатава-Рыбэнтропа сымбалізуе трагедыю нашага рэгіёна ў дваццатым стагодзьдзі. Мільёны ўсходнеэўрапейцаў былі зьнішчаныя нацыстамі і камуністамі за свае палітычныя погляды, этнічнае ці сацыяльнае паходжаньне. Мільёны загінулі ў Другой сусьветнай вайне, адказнасьць за разьвязаньне якой нясуць таталітарныя рэжымы ў Нямеччыне і СССР.
Апынуўшыся пад савецкай і нацыстоўскай акупацыямі, Беларусь і іншыя краіны рэгіёну згубілі дзесяцігодзьдзі свабоднага разьвіцьця.
Беларусь пацярпела ад нацыстоўскай і савецкай акупацыяў больш, чым многія іншыя краіны. Мы дагэтуль не пераадолелі наступстваў дзесяцігодзьдзяў рэпрэсій і прапаганды, якія сфармавалі некалькі пакаленьняў людзей.
Савецкую інэрцыю ў Беларусі ўвасабляе аўтарытарны і карумпаваны рэжым Лукашэнкі, чые ідэалёгія і мэтады кіраваньня перадусім абапіраюцца на спадчыну савецкага рэжыму. На раньнім этапе свайго прэзыдэнцтва А. Лукашэнка публічна выказваў захапленьне сыстэмай улады, пабудаванай Адольфам Гітлерам у Нямеччыне. Наступныя гады пасьля гэтай скандальнай заявы пацьвердзілі шчырасьць гэтага захапленьня.
Разам з тым, угодкі Пакта Молатава-Рыбэнтропа сталі імпульсам для нашых суседзяў, каб дамагчыся аднаўленьня свае незалежнасьці ад СССР. У гэтыя дні краіны Балтыі адзначаюць трыццатыя ўгодкі «Балтыйскага шляху» – беспрэцэдэнтнай мірнай акцыі пратэсту, якая ў 1989 годзе аб’яднала некалькі мільёнаў жыхароў савецкай Прыбалтыкі ў патрабаваньні свабоды для сваіх краінаў. Грамадзкі чын у Латвіі, Літоўскай Рэспубліцы і Эстоніі стаў моцным натхненьнем і для беларусаў.
Нягледзячы на тэрор і прапаганду, нашыя народы здолелі выжыць і адрадзіць сваю незалежнасьць у канцы дваццатага стагодзьдзя. У гэтым ёсьць вялікая гістарычная перамога ў тым ліку і беларускага народу.
Рада БНР пацьвярджае сваю ацэнку нацыстоўскаму рэжыму ў Нямеччыне і камуністычнаму рэжыму ў СССР, дадзеную ў Заяве да 70-годзьдзя ад заканчэньня Другой сусьветнай вайны (2015), Дэклярацыі памяці і салідарнасьці (2016) і іншых дакумэнтах.
Рада БНР рашуча асуджае негалосную рэгабілітацыю сталінізма, якая ў апошнія гады адбываецца ў Расеі і пад яе ўплывам – у Беларусі. Рада БНР зьвяртае ўвагу на неабходнасьць юрыдычнай і гістарычнай ацэнкі дзеяньняў савецкага рэжыму ў Беларусі па аналёгіі з існуючай ацэнкай злачынстваў нацыстоўскага рэжыму.
Рада БНР заяўляе, што будучыня Беларусі павінна будавацца згодна з каштоўнасьцямі свабоды і дэмакратыі, зь неаспрэчным прыярытэтам правоў асобы і каштоўнасьці жыцьця чалавека.
Рада БНР зьвяртае ўвагу на выключную важнасьць міжнароднай салідарнасьці і рашучага міжнароднага адпору дыктатарскім рэжымам на грунце каштоўнасьцяў свабоды і дэмакратыі – як у час Другой сусьветнай вайны, так і ў цяперашні час. Няхай вопыт дваццатага стагодзьдзя будзе для чалавецтва надзейнай прышчэпкай супраць таталітарызму.