Знойдзены сэнсацыйныя дакумэнты.
Першы раз у гісторыі пытаньне пра нацыянальнасьць у перапісе насельніцтва на тэрыторыі Беларусі было зададзена ў 1916 годзе.
Галоўная інтрыга і сэнсацыя
Гэтыя сэнсацыйныя дакумэнты належным чынам дагэтуль ня вывучаны і не асэнсаваны. Яны знаходзяцца на захаваньні ў Гістарычным архіве Беларусі. Перапісаў было нават два, у 1916 і 1917 гадах, яны называліся Ўсерасейкія сельскагаспадарчыя перапісы.
Галоўная інтрыга і галоўная сэнсацыя — як сваю нацыянальнасьць тады вызначылі многія арыстакраты Меншчыны.
І вось вам неверагодная інфармацыя. Уладальнік Прылукаў граф Юры Гутэн-Чапскі запісаўся беларусам, уладальнік Лошыцы магнат Яўстах Любанскі запісаўся беларусам, адзін з князёў Радзівілаў са Случчыны таксама запісаўся беларусам.
Сьнежны ком беларушчыны
А вось заснавальнік Чырвонага касьцёлу магнат Эдвард Вайніловіч, які пасьля браў удзел у працы Беларускага нацыянальнага камітэту і стаў беларускім аўтанамістам у Польшчы, тады яшчэ да беларускай нацыянальнасьці не дайшоў і запісаўся палякам.
Так што «Нашу Ніву» чыталі ня толькі сяляне. І працэс фармаваньня беларускай нацыі ахапіў, як бачым, і частку шляхты і арыстакратыі. І кола гэтай арыстакратыі было шырэйшае за вядомыя сёньня постаці княгіні Магдалены Радзівіл ці Рамана Скірмунта.
Гэта быў вынік намаганьняў найлепшых людзей Беларусі папярэдняга, ХІХ стагодзьдзя. Як вядома, ужо падчас усерасейскага перапісу 1897 году 43,3 працэнта шляхты беларускіх губэрняў назвалі роднай мовай беларускую. А гэта — 65 тысяч чалавек!
Пытаньне аўтаноміі Беларусі рэгулярна ўздымалася і ў Дзяржаўных думах Расеі. Гэта быў сьнежны ком, які імкліва каціўся і набіраў памер і вагу.
Якой нацыянальнасьці быў легендарны Караль Чапскі
Вось пра ўсё гэта хацелася сказаць сёньня з адной простай прычыны.
Сёньня — 159 гадоў з дня нараджэньня самага вядома кіраўніка Менску — Караля Гутэн-Чапскага, якога цяпер усе ведаюць як заснавальніка бровара «Аліварыя».
Бровар «Аліварыя».Караль Гутэн-Чапскі быў гарадзкім галавой Менску ад 1890 да 1901 году, ён памёр, маючы ўсяго 43 гады. Пры ім у Менску быў пабудаваны тэатар, першая электрастанцыя, зьявіўся тэлефон, конка, Спартовае таварыства і шмат чаго іншага.
І вось сёньня, у дзень яго нараджэньня, я думаю, што каб граф Караль Гутэн-Чапскі дажыў да Сельскагаспадарчага перапісу 1916 году, ён таксама, як і яго родны брат Юры, запісаўся б беларусам.
Сяргей Абламейка, «Радыё Свабода»