Трэба быцьактыўнымі грамадзянамі і свядомымі, шчырымі беларусамі, каб нас не абулi.
Навіна пра тое, што пры рэканструкцыі старога будынка ў Шклове знайшлі стогадовыя лапці, у якія людзі абуваліся па святах, не здзівіла. Тут часта адшукваецца нешта экзатычнае. У 1963 годзе быў выкапаны знакаміты аб’ект пакланення старажытных славян — паганскі ідал фалічнай формы.
З разуменнем ставячыся да сівой і блізкай гісторыі, да народных традыцый, вераванняў, побытавых адзнак роднага краю, я разглядаю іх праз прызму жыццёвасці, карыснасці і выніковасці. Як ні круці шклоўскага ідала — ці то гэта быў проста сімвал пладавітасці і ўрадлівасці, ці то бажок з моцнай уладай над людзьмі, — яго сутнасць застаецца міфічнай, казачнай.
Зусім іншы, прыкладны сэнс нясуць звычайныя лапці. Яны рэальна і доўга служылі людзям. У лапцях яшчэ хадзіў у пачатковую школу мой бацька, які і сам навучыўся няблага іх плесці.
Нягледзячы на тое што лапці спакон веку былі сімвалам беднасці роднага краю, да гэтага абутку нельга ставіцца пагардліва. Ён быў незаменным пры касьбе на балотах і забалочаных лугах, што добра ведаюць не толькі жыхары Палесся.
Сёння слова «лапці» часцей ужываецца ў пераносным сэнсе. Калі пасля навагодняга свята ў 2002 годзе я ў думках аглядаў шлях Беларусі, яе набыткі і страты, душа выдыхнула горкі верш «Жыву я тут...», які, на жаль, застаецца актуальным:
Жыву я тут, дзе пуп Еўропы,
Дзе праз яго шляхі прайшлі,
Дзе продкі, каб не збіўся з тропу,
Стаўлялі меткі на зямлі.
Яны свой гарт сцвярджалі ў працы:
Яснелі ў прыцемку гадоў
Радзімкі замкаў і палацаў,
Вяснушкі паркаў і садоў.
Плыў то трывожны, то вясёлы
Спеў медзі і будзіў дамы.
Званіцы цэркваў і касцёлаў
Вяшчалі —
Ёсць на свеце мы!
Хоць смерць не раз народ касіла,
Ды зноў жыцця спяліўся плён...
Але прад д’ябальскаю сілай
Пустой маны не ўстояў ён.
Наш свет, святой крывёй абмыты,
Зыначылі на свой капыл:
Прыблуды, рогат дынаміту
І — аж да зорак — даўкі пыл...
Стаю я тут, дзе пуп Еўропы,
Між рэшткаў слаўнай даўніны.
Люд паспаліты збіўся з тропу,
На прывід моляцца званы.
Зямлю, дзе продак з верай сеяў
І марыў пра сапраўдны рай,
Гайня прадажных фарысеяў
Кляйміць таўром —
«Заштатны край».
Пакуль народ мой памяць лапіў,
Хацеў зрабіць на волю крок,
Яго ўжо зноў абулі ў лапці
І апранулі ў армячок.
У сучасным беларускім грамадстве, падзеленым аўтарытарнай уладай на «нашых» і «нянашых», кожны гістарычны факт выклікае разлютаваныя спрэчкі, якія выліваюцца ў варожасць, канфрантацыю, злосць і нянавісць. Адны даказваюць беларускую (літвінскую) «прасунутасць» у складзе Вялікага Княства Літоўскага, другія зацята аспрэчваюць гэта, трэція расказваюць пра наш перыферыйны заняпад у складзе Расійскай імперыі, чацвёртыя ўсхваляюць станоўчы ўплыў усходніх суседзяў, пятыя талдычаць пра тое, што калі б не бальшавікі, не савецкая ўлада, то мы засталіся б цёмнымі і гаротнымі, а шостыя на ўсе лады праклінаюць Леніна, Сталіна і камуністычныя ідэі, якім пакланяўся шматнацыянальны СССР.
Гісторыю роднай краіны, якая стала суверэннай, трэба прымаць без хлусні, такой, якая яна ёсць, і добра ведаць яе. Усё было: добрае і кепскае. Але трэба прызнаць, што народ змог выжыць і стаць нарэшце незалежным, бо меў прыродную мудрасць, паважлівае стаўленне да іншых, сацыяльную цярплівасць і, можа дурнаватую, але жыццёвую хітрасць. Напрыклад, у ХVІ — ХVІІ стагоддзях у нас мірна ўжываліся каталіцызм, праваслаўе, уніяцтва, іўдаізм, магаметанства, а таксама стараабрадніцтва. У Статут ВКЛ 1588 года быў унесены пункт аб верацярпімасці.
Суайчыннікі вызначаліся працоўнай цягавітасцю. Рускі інжынер В. Панаеў, які ў ХІХ стагоддзі ўдзельнічаў у будаўніцтве чыгунак, піша: «Землекопы преимущественно нанимались в Витебской и Виленской губерниях из литовцев. Это был самый несчастный народ на всей русской земле, который походил скорее не на людей, а на рабочий скот, от которого требовали в работе нечеловеческих сил без всякого, можно сказать, вознаграждения».
Словы інжынера дапаўняе ўражлівы мастацкі партрэт суайчынніка з паэмы М. Някрасава «Железная дорога»:
«…Волосом рус,
Видишь, стоит, изможден лихорадкою,
Высокорослый, больной, белорус:
Губы бескровные, веки упавшие,
Язвы на тонких руках,
Вечно в воде по колено стоящие
Ноги опухли; колтун в волосах;
Ямою грудь, что на заступ старательно
Изо дня в день налегала весь век…
Ты приглядись к нему, Ваня, внимательно:
Трудно свой хлеб добывал человек!»
Але землякі не толькі капалі грунт. Сярод іх былі здольныя архітэктары, інжынеры, тэхнікі. Скажам, акадэмік К. Скаржынскі працаваў галоўным архітэктарам станцыйных будынкаў…
Ды і неаднойчы беларусы смела змагаліся за годнае жыццё. Яскравае сведчанне — паўстанне пад кіраўніцтвам К. Каліноўскага, якое адбывалася ў той жа час і ў тых мясцінах.
24 і 25 жніўня 1991 года, калі Вярхоўны Савет БССР пасля спробы путчу ў Маскве марудна і цяжка рашаў пытанне пра незалежнасць, я разам з тысячамі беларусаў быў на плошчы перад Домам ураду. Бачыў рашучасць людзей мяняць жыццё да лепшага, іх нянавісць да наменклатурнай хэўры, якая бессаромна чаплялася за ўладу, і шчырую ўдзячнасць дэпутатам з фракцыі БНФ, бо менавіта яны забяспечылі суверэнітэт.
Якраз тады, калі ўзнялася хваля масавай эйфарыі, сярод радасных воклічаў: «Жыве Беларусь», «Жыве і будзе жыць вечна!», я раптам пачуў заўвагу: «Надо смотреть по конечному результату, если результат есть…»
Гэтыя словы лічу ключом да разумення сітуацыі, у якой мы апынуліся.
Несумненна, наш народ, які вынес шмат пакут і выпрабаванняў, заслугоўвае светлай долі. Але толькі тады, калі варушыцца сам, а не чакае, каб нехта яму «сделал красиво». Мы ў сваёй большасці згубілі чалавечую і грамадзянскую годнасць і актыўнасць. У нас не хапае любові да сябе, да ўласных дзяцей і ўнукаў, да роднай зямлі. Колькі разоў нашы прадстаўнікі ва ўладзе і мы самі ў важныя, вырашальныя моманты пабаяліся ўзяць на сябе адказнасць за лёс Айчыны, выбраць найлепшы варыянт, а таму маем сумныя вынікі.
Згадваюцца радкі пралетарскага паэта У. Маякоўскага: «Мы только мошки, мы ждем кормежки, мы обыватели — так обувайте нас». За аўтарытарнай уладай «не заржавела», 25 гадоў яна абувае нас у стары прапагандысцкі абутак, сплецены з ружовых цацанак-абяцанак і хлусні.
Цяпер два правіцелі хочуць ціхай сапай абуць у рабскія, інтэграцыйныя «лапці» незалежнасць нашай краіны, вядуць за спіной беларускага народа перамовы.
З гэтай прычыны варта пакінуць бессэнсоўныя дылетанцкія дыскусіі ў сацыяльных сетках пра археалагічныя і іншыя знаходкі. Узнаўленне мінулага трэба даверыць прафесіянальным, сумленным гісторыкам. Яны зробяць гэта больш дакладна і якасна.
А ўсім нам, абутым у гумовікі або італьянскія боцікі, у кірзачы або амерыканскія ці кітайскія красоўкі, апранутым у простае або ў наймоднае адзенне, лепш заняцца важнымі праблемамі — запатрабаваць ад улады адкрытасці ў перамовах з Расіяй пра інтэграцыю, зняцця недэмакратычных паправак у Канстытуцыю, правядзення адкрытых, сумленных выбараў прэзідэнта і парламента, вяртання незалежнасці судам і непадкантрольнасці СМІ.
Калі мы будзем актыўнымі грамадзянамі і свядомымі, шчырымі беларусамі, то ніхто не здолее абуць нас у заляжалыя шклоўскія лапці.
Сяргей Законнікаў, sn-plus.com