Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы – найстарэйшы тэатр Беларусі, які ў 2019-2020 гг. адкрывае 100-ы сезон і адзначае 100-годдзе з моманту стварэння. Юбілейны сезон распачнецца ўжо 3 верасня. Традыцыйна спектаклем адкрыцця стане легендарная «Паўлінка», якая ідзе на Галоўнай сцэне амаль 80 гадоў.
Купалаўскі тэатр – гэта гісторыя краіны, беларускай культуры і кожнага з нас. Менавіта таму ў 100-м сезоне плануецца шэраг урачыстых мерапрыемстваў, новых праектаў, гастроляў, інфармацыйна-выдавецкіх праектаў і, вядома ж, прэм’ер на Галоўнай і Камернай сцэнах.
У пастановачных планах на 100-ы сезон – спектакль «Кароль Лір» у рэжысуры мастацкага кіраўніка Купалаўскага тэатра Мікалая Пінігіна. Прэм’ера адбудзецца ў снежні 2019 года. Сцэнаграфію да спектакля стварае Кацярына Шымановіч – лаўрэат прэстыжнай прэміі імя Івана Ушакова. Яе працы добра вядомыя кожнаму гледачу Купалаўскага па спектаклях «Запалкі», «Зямля Эльзы», «Радзіва «Прудок» і па сумеснай працы з Сяргеем Ашухам над апошняй прэм’ерай «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях».
На Галоўнай сцэне прадставіць сваю пастаноўку вядомы расійскі рэжысёр Сяргей Зямлянскі. Прэм’ера яго пластычнага спектакля «Мой Шагал» адбудзецца ў студзені 2020 года.
Напэўна, самая чаканая прэм’ера новага сезона – адноўленная пастаноўка спектакля Мікалая Пінігіна «Тутэйшыя». У 1990-х гг. гэты спектакль стаў па-сапраўднаму культавым і ў 1992 годзе атрымаў Дзяржаўную прэмію Беларусі.
Мікалай Пінігін таксама плануе аднаўленне знакамітага спектакля «Ідылія» паводле твора Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Над касцюмамі будзе працаваць узгаданая вышэй Кацярына Шымановіч, а сцэнаграфію створыць Зіновій Марголін – яго працу ў Купалаўскім можна бачыць у спектаклях «Ноч на каляды» і «Пан Тадэвуш». Прэм’ера «Ідыліі» запланавана на чэрвень 2020 года.
Напрыканцы 2019 года новы спектакль чакаецца і на Камернай сцэне. Акцёр і рэжысёр Раман Падаляка прадставіць доўгачаканую пастаноўку з назвай «1» / «Першы». Яна будзе створана ў жанры вербацім паводле аднайменнай п’есы, напісанай Раманам Падалякам і Міхаілам Зуем, – іх плённы творчы дуэт атрымаў увасабленне ў інсцэніроўцы да спектакля «Радзіва «Прудок» паводле дзённіка Андрэя Горвата.
Але тэатр – гэта з’ява, значна шырэйшая за фабрычную пастаноўку спектаклей. Гэта магутны механізм, які фарміруе светапогляд, уплывае на свядомасць і ўкарэньвае нацыянальную ідэнтычнасць.
«Вядучымі для нас на працягу 100-га тэатральнага сезона будуць тры словы – Гісторыя, Сучаснасць і Будучыня. Нам ёсць чым ганарыцца ў гісторыі Купалаўскага тэатра, нам ёсць што прадставіць на высокім творчым узроўні ў сучаснай дзейнасці Купалаўскага тэатра, і на падставе гэтага і праз гэта мы пракладваем перспектывы і ствараем асновы для будучага развіцця Купалаўскага тэатра», – так раскрывае канцэпцыю 100-га сезона генеральны дырэктар Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Павел Латушка.
У межах гэтай канцэпцыі Купалаўскі тэатр лічыць важным развіваць тэатральную прастору праз новыя праекты, пашырэнне гастрольнай карты і адкрыццё новых пляцовак. Так, у 2020 годзе ізноў пачне працаваць Малая сцэна тэатра ў гістарычным будынку па адрасе вул. Энгельса, 17, дзе зараз знаходзіцца тэатральнае Бюро друку. Гэта шматфункцыянальная пляцоўка будзе выкарыстоўвацца для паказа спектакляў і кіно, правядзення музычных вечароў і канцэртаў, а таксама выконваць функцыю галерэі сучаснага мастацтва.
У гастрольных планах Купалаўскага тэатра – шэраг гарадоў Беларусі (Гомель, Гродна, Слонім, Баранавічы, Маладзечна, Бабруйск, Салігорск і інш.), а таксама гастролі за мяжой і ўдзел у еўрапейскіх тэатральных фестывалях. Хутка Купалаўскі тэатр пакажа спектакль «Пінская шляхта» ў Беластоку, а таксама прадставіць спектакль «Ураджай» паводле п’есы Паўла Пражко ў нефармальнай сусветнай культурнай сталіцы – Парыжы.
Генеральным партнёрам 100-га сезона Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы выступіць А1. Кампанія заўжды надавала вялікую ўвагу праектам, звязаным з нацыянальнай ідэнтычнасцю, беларускай мовай і культурай. І пад брэндам А1 іх падтрымка застанецца адным з прыярытэтных кірункаў сацыяльнай палітыкі кампаніі. Для Купалаўскага тэатра – найстарэйшага з прафесійных драматычных тэатраў краіны – гэтая ж місія была акрэслена сто гадоў таму яго заснавальнікамі.
Адным з адметных сумесных праектаў да векавога юбілею Купалаўскага стане бясплатная прамая трансляцыя на відэасэрвісе VOKA знакавых спектакляў тэатра. Раз на месяц іх можна будзе ўбачыць з любой прылады і ў сетцы любога аператара сувязі пасля аўтарызацыі па нумары тэлефона. Усяго запланавана 11 паказаў на працягу ўсяго 100-га сезона. Трансляцыі спектакляў будуць даступны выключна анлайн у рэжыме рэальнага часу, што толькі ўзмацніць адчуванне прысутнасці ў тэатральнай зале ды ўражанні ад прагляду ў гледчоў.
«Для нас вялікі гонар працягнуць супрацоўніцтва з Купалаўскім тэатрам у статусе генеральнага партнёра 100-га сезона. Сімвалічна, што першы год працы ў Беларусі брэнда А1 супаў са стогадовым юбілеем вядучага тэатра краіны. Відэантрасляцыі спектакляў – сучасны распаўсюджаны фармат, які карыстаецца вялікім попытам у аматараў тэатра па ўсім свеце. Ён дазваляе спалучыць розныя віды мастацтва і вывесці ўражанні ад спектакля на новы ўзровень. Да той жа мэты імкнецца і відэасервіс VOKA – пашырыць межы адчуванняў і уражанняў гледача. Шматкамерная мастацкая здымка ў Full HD дазваляе максімальна паглыбляцца ў атмасферу спектакля, а новыя ракурсы дапамагаюць інакш зірнуць на пастаноўку, нават калі вы наведвалі яе не адзін раз. Да таго ж, такі фармат дае магчымасць убачыць спектаклі Купалаўскага тэатра ў любой кропцы Беларусі, што для жыхароў рэгіёнаў асабліва каштоўна», – адзначыў намеснік генеральнага дырэктара кампаніі А1 па лічбавых платформах і кантэнце Антон Бладзік.
Першым у відэатрансляцыі 21 верасня на VOKA будзе паказаны спектакль «Радзіва «Прудок», створаны рэжысёрам Раманам Падалякам па аднайменнай кнізе пісьменніка Андрэя Горвата. Менавіта з падтрымкі стварэння гэтага спектакля ў 2018 годзе пачалося актыўнае супрацоўніцтва кампаніі А1 і Купалаўскага тэатра.
Новыя праекты Купалаўскага тэатра на Камернай сцэне будуць звязаныя з гісторыяй, значнымі постацямі, сучаснай літаратурай і адукацыяй. Праект «Легенды Купалаўскага тэатра» раскажа пра выбітных асоб – артыстаў, рэжысёраў, мастакоў. «Літаратура і тэатр» стане спробай паказаць сучасную беларускую прозу на сцэне Купалаўскага ў якасці эскізаў і чытак ў выкананні маладых рэжысёраў і акцёраў. «Экскурсіі пра спектакль» правядуць па месцах, куды ніколі не зазіраў глядач, – бутафорскі, рэквізітарскі, грымёрны цэхі, арт-фае, партрэтная галерэя, прастора за сцэнай. Свой працяг атрымае праект «Музычныя вечары ў Купалаўскім», перадпрэм’ера якога адбылася ў ліпені 2019 года.
Сярод новых праектаў у 100-м сезоне – адукацыйная праграма для школьнікаў па развіцці творчага мыслення, навыкаў выразнага чытання, напісання першых драматургічных тэкстаў. Яе мэта – фарміраванне і развіццё творчых здольнасцяў вучняў, аналітычнага і творчага мыслення, выхаванне любові да літаратуры, тэатра, беларускай мовы, стымуляванне творчага самавыяўлення.
Таксама Купалаўскі распачне ажыццяўленне інфармацыйна-выдавецкіх праектаў – ужо хутка будзе прадстаўлены першы нумар часопіса, які не толькі раскажа пра гісторыю Купалаўскага, але і стане крыніцай інфармацыі для тых, хто цікавіцца тэатрам як відам мастацтва ўвогуле. Плануецца стварэнне дакументальных стужак і тэлевізійных ролікаў, а таксама выданне адмысловай кнігі пра гісторыю тэатра з каштоўнымі архіўнымі матэрыяламі.
Асаблівая ўвага будзе нададзена вандроўцы на радзіму Янкі Купалы, каб спраўдзіць даўнюю мару тэатра – паказаць «Паўлінку» ў Вязынцы. Дарэчы, плануецца, што гэты паказ спектакля будзе самым масавым за ўсю гісторыю яго існавання.
Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы выказвае ўдзячнасць усім партнёрам 100-га сезона: кампаніі А1, кампаніі «БелАЗ», страхавым кампаніям «Белэксімгарант», «Белдзяржстрах» і «Купала», банкам «БелВЭБ» і «Беларусбанк», адвакацкаму бюро SBH, кампаніі «Дыяконія», аўстрыйскай кампаніі Belmet і Асацыяцыі міжнародных фармацэўтычных вытворцаў.