Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

«Жыве Гародня! Жыве Беларусь!»: Dzieciuki прэзэнтавалі трэці альбом

02.09.2019 культура

Ён называецца «Радыё Harodnia».

Гарадзенскі гурт Dzieciuki прэзэнтуе на TuzinFM трэці студыйны альбом «Радыё Harodnia». У ім акрамя фірмовага фольк-панку гучыць рэгі і нават вальс.

Як распавёў лідэр «Дзецюкоў» Алесь Дзянісаў:

- Гэты альбом нараджаўся з цяжкасьцямі, выйшаў значна пазней, чым мы плянавалі. Але затое мы мы не залежалі ад зьнешніх абставінаў. Не прасілі ў нашых сяброў грошай з дапамогай краўдфандынгу, не пазычалі. Усё рабілі самі. Акрамя запісу бубнаў і майстэрынга. Вопыту бракавала, таму ўсё замарудзілася.

Львіную долю ў сумеснай працы зрабілі Паша «Трабл», які па сканчэньню запісу прыняў рашэньне сысьці з гурта, ды Андрэй Пудзін. Пра апошняга мушу сказаць больш падрабязьней. Андрэй – старэйшы брат нашага гітарыста Лёхі Пудзіна – і раней нам дапамагаў: падказваў нейкія моманты, карэктаваў па дробязях падчас запісу папярэдніх альбомаў. Калі ён стаў паўнавартасным чальцом гурта, то ўсклаў на свае плечы цэлы вагон працы. Менавіта дзякуючы Андрэю, большасьць песень паўстала ў такім выглядзе, у якім мы іх бачым. Іх аранжыроўка, апрацоўка, музычнае бачаньне – заслуга менавіта нашага новага сябры.

Магчыма, мы трошкі адышлі ад папярэдняга гуку. І што? Гурт працягвае жыць і разьвівацца. Мы больш надалі ўвагі гучаньню. Мы больш разнастайна падышлі да аранжыровак. І вось – побач з гардкор-панкам зьявіўся вальс. А побач з фольк-панкам – рэгі.

Гэты альбом плянаваўся як канцэпцыя сувязі мінулага, сучаснага і ў нейкім сэнсе будучыні. Не зусім атрымалася, як было заплянавана, але не заўсёды нашыя пажаданьні супадаюць з нашымі магчымасьцямі.

Што датычыцца вокладкі, то на ёй – нашыя сябры. Гэта ўсе рэальныя хлопцы, working сlass heroes. Большасьць зь іх цяжка працуюць. Кавалямі. Калі б мы пераапрануліся і сфатаграфаваліся ў іх адзеньні, гэта было б ня шчыра. І ніякі мастацкі момант не выратаваў бы гэты падман, бо паўсюль бываюць межы. Нават калі размова ідзе пра мастацтва. Усіх нашых аматараў і прыхільнікаў мы называем сябрамі. Пры гэтым на вокладцы прысутнічаюць сапраўдныя мае ўласныя сябры. Напрыклад – «бандыт Антаневіч бел-чырвона-белы», мой сябра Зьміцер «Вундзер» Антаневіч, які згадваецца ў песьні «Партызан».

Гістарычную тэматыку не зьбіраемся пакідаць. Таксама хочам ствараць больш вясёлых і пазытыўных песень, кшталту «Па гарах». Што там далей выйдзе – аднаму Богу вядома! Галоўнае тое, што мы з вамі, нашыя сябры! Жыве Гародня! Жыве Беларусь!

Dzieciuki
ФОТА: CHARTER97.ORG/ІВАН МЯЖУЙ
Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]