У яго ўвайшлі шэсьць кніг.
Сябры журы прэміі Гедройца вызначылі кароткі сьпіс прэтэндэнтаў на сёлетнюю прэмію, паведамляе Саюз беларускіх пісьменьнікаў. У яго ўвайшлі 6 кніг:
Міхал Андрасюк. Поўня. — Беласток: Праграмная рада тыднёвіка «Ніва».
Алена Брава. Садомская яблыня. — Мінск: Галіяфы.
Сяргей Календа. Часам панкі паміраюць. — Вільня: Логвінаў.
Ілля Сін. Libido. — Мінск: Кнігазбор.
Юлія Шарова. Вяртаньне Ліліт. — Мінск: Янушкевіч.
Сяргей Шупа. Падарожжа ў БНР. — Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода.
Склад журы прэміі Гедройца: Максім Жбанкоў, культуроляг, крытык, эсэіст; Жана Капуста, літаратурны крытык, літаратуразнаўца; Марыя Мартысевіч, паэтка, перакладчыца, арганізатарка культурніцкіх праектаў; Анжэла Мельнікава, літаратуразнаўца; Алесь Пашкевіч, празаік, літаратуразнаўца, першы намесьнік старшыні Саюзу беларускіх пісьменьнікаў; Ганна Севярынец, празаік, архівіст, літаратуразнаўца, настаўніца.
Прэмія імя Ежы Гедройца заснаваная Беларускім ПЭН-Цэнтрам, Саюзам беларускіх пісьменьнікаў і Польскім Інстытутам у Менску і ўручаецца за найлепшую кнігу ў жанры мастацкай i дакумэнтальнай прозы. Узнагарода мае статус галоўнай незалежнай літаратурнай прэміі Беларусі. Папярэднія пераможцы:
Павал Касьцюкевіч, «Зборная РБ па негалоўных відах спорту» (2012),
Уладзімір Някляеў, «Аўтамат з газіроўкай з сыропам і без» (2013),
Ігар Бабкоў, «Хвілінка: Тры гісторыі» (2014),
Віктар Казько, «Час зьбіраць косьці» (2015),
Макс Шчур, «Завяршыць гештальт» (2016),
Зьміцер Бартосік, «Быў у пана верабейка гаварушчы» (2017),
Уладзімір Арлоў, «Танцы над горадам» (2018).
Сёлета ўрачыстая цырымонія ўзнагароджаньня адбудзецца 25 верасьня ў прасторы ZAL#2, што ў менскім Палацы мастацтваў. Пачатак цырымоніі — а 19:00.