Бацькі распавялі, чаму варта аддаваць сваіх дзяцей у клясы з роднай мовай навучаньня.
У Магілёве набралі найбольшую за 9 гадоў беларускамоўную клясу. У сярэдняй школе № 1 па-беларуску будуць навучацца 6 першаклясьнікаў. Свабода спытала ў бацькоў, чаму яны аддалі дзяцей менавіта сюды.
Апроч шасьці першаклясьнікаў, у СШ № 1 па-беларуску вучацца яшчэ чацьвёра трэцяклясьнікаў. Яшчэ ў адной базавай школе зь беларускамоўнымі клясамі — 34-й — шасьцёра вучацца ў 4-й клясе і васьмёра ў 2-й.
Настаўніца: «Хацелася б, каб кляса была большая»
На першую лінейку з бацькамі прыйшлі Марыя Белая, Марыя Ермакова, Караліна Лукʼянава, Арцём Аленскі, Таісія Асіпчык ды Сьвятаслаў Смаляк. Іхная кляса — 1 «В».
Яе кіраўніца Тацяна Мельнікава прызнаецца, што больш як за 30-гадовую настаўніцкую карʼеру ёй упершыню даводзіцца вучыць клясу з 6 вучнямі. Настаўніца таксама хвалюецца. Кажа, што раней у яе былі звычайныя клясы з 25–30 дзецьмі. Спадзяецца, што вучняў паболее.
«Мне, вядома ж, хацелася б, каб кляса стала большая, бо тады і калектыў большы», — кажа яна.
Пасьля лінейкі першаклясьнікаў вядуць у клясы. Для беларускай выстаўленыя пяць партаў. Тры зь іх адразу займаюць вучні.
«У малой клясе больш якасныя веды», а «мову вучым разам зь дзецьмі»
Брат Таісіі Асіпчык Валянцін таксама вучыцца ў беларускай клясе. Два гады таму на лінейцы ён стаяў без аднаклясьнікаў. Па словах ягонай настаўніцы Натальлі Аржанавай, цяпер у трэцяй клясе чацьвёра вучняў.
Бацька Таісіі Ігар Аляксандравіч задаволены навучаньнем сына на беларускай мове. Ён не сумняваецца, што і дачка будзе пасьпяховай вучаніцай. Кіраўніцтва школы запэўніла: нават калі будзе толькі адна заява, беларускую клясу адкрыюць.
«У сына някепска выходзіць вучыцца на беларускай мове. Вырашылі працягнуць пераемнасьць у навучаньні», — тлумачыць Ігар Аляксандравіч.
Ён прызнаецца, што сам «ня дужа добра» ведае беларускую мову, таму «спасьцігае яе разам з сынам», а цяпер і з дачкой.
Паводле мужчыны, вучоба ў невялікай клясе дае больш якасныя веды, бо кожны вучань мае больш увагі ад настаўніка. На ягоную думку, і сам настаўнік павінен улічваць асаблівасьці працы ў невялікім вучнёўскім калектыве.
«Дачка чула беларускую мову ў садку»
Маці Марыі Белай Тацяна Пятроўна кажа, што ў сямʼі доўга разважалі, у клясу зь якой мовай навучаньня аддаць дачку. Ні яна, ні муж мовы не вучылі. Доўгі час жылі ў Казахстане. Карані ж у іх беларускія. Па словах Тацяны Пятроўны, калі дачка даведалася, у якую клясу яе аддаюць, то зьдзівілася.
Тое, што ў беларускай клясе ўсяго шасьцёра вучняў, суразмоўніцу не бянтэжыць. Яна кажа, што ў невялікім калектыве да кожнага дзіцяці будзе індывідуальны падыход.
«Дачка патрабуе дадатковай увагі, а ў вялікай клясе яна будзе губляцца. Гэтая акалічнасьць для нас дужа важная. А наагул, час пакажа, ці зможа дачка вучыцца на беларускай мове», — тлумачыць Тацяна Пятроўна.
Яна кажа, што дачка ў садку чула беларускую мову. Выхавацелька гаварыла зь дзецьмі па-беларуску. Таму «Марыя будзе разумець, што ад яе хоча настаўніца».
Тацяна Пятроўна спадзяецца, што праблемаў з навучаньнем ня будзе, бо школа «стараецца штогод набіраць дзяцей у беларускамоўную клясу, і навучальны працэс адладжаны».
«Дзеці хутчэй засвойваюць беларускую мову, чым дарослыя»
Маці Арцёма Алепскага Сьвятлана кажа, што пра навучаньне на беларускай мове даведалася ад знаёмай, чыя дачка ўжо вучыцца ў беларускай клясе.
«Мне спадабалася, што дзяцей вучаць гавораць па-беларуску. Яны яе засвойваюць нашмат хутчэй, чым дарослыя», — кажа яна.
Сьвятлана задаволеная, што ў клясе шасьцёра дзяцей, а таму навучаньне будзе больш эфэктыўнае, чым там, дзе дзяцей больш за 25.
Паводле яе, Арцём мае маўленчую практыку. У дзіцячым садку кожны чацьвер прысьвячалі беларускай мове. Непакоіць яе тое, што ў іншых навучальных установах нацыянальнай мове не прысьвячаюць столькі часу. На яе думку, гэта праблема.
«Калі пасьля 4 клясаў мы наважымся сысьці ў іншую навучальную ўстанову, то ён будзе гаварыць на беларускай мове, а настаўнікі так ня змогуць, — тлумачыць сваю пазыцыю яна. — Таму для мяне дужа важна, каб сын ведаў і расейскую мову, як беларускую. Калі ўбачу, што расейская мова адстае, то зьвярнуся па дапамогу да рэпэтытара. Каб сын у аднолькавай ступені ведаў дзьве мовы і мог пераключацца з аднае на другую».
На пытаньне, чаму тады не аддалі сына ў клясу з расейскай мовай навучаньня, Сьвятлана адказвае, што ёй сорамна, калі беларус ня ведае сваёй мовы.
«Калі мы прыяжджаем некуды і кажам што зь Беларусі і ня ведаем сваёй нацыянальнай мовы, то гэта дужа нэгатыўна ўспрымаецца людзьмі», — кажа яна.
«Сама вучылася ў беларускай клясе»
Маці Сьвятаслава Смаляка Людміла кажа, што сямʼя не разважала лішне, у якую клясу адправіць сына. Людміліны бацькі таксама ў свой час аддалі яе ў беларускую клясу. Цяпер яна хоча, каб і сын навучыўся гаварыць на беларускай мове.
Яна лічыць, што ў клясе з шасьці вучняў да кожнага дзіцяці будзе індывідуальны падыход.
«Будуць пад прыглядам і заўжды могуць разьлічваць на дапамогу настаўніка», — кажа Людміла.
На яе думку, школа мае спэцыялістаў, здольных вучыць дзяцей на беларускай мове. Праца ў беларускіх клясах дазволіць настаўнікам удасканальваць прафэсіяналізм.
Гісторыя беларускамоўнага навучаньня ў Магілёве
У 1993–1994 годзе па-беларуску ў Магілёве вучыліся каля 1000 вучняў. Тады на базе 9-й гарадзкой школы была створаная беларуская гімназія.
Паводле плянаў гарвыканкаму, у 1993 годзе больш за 60% першаклясьнікаў меліся вучыцца на беларускай мове. Па Беларусі гэты працэнт сягаў 76. Акрамя таго, у 1993 годзе ў мясцовых дзіцячых садках рыхтаваліся набраць больш за 300 беларускіх груп.
Пасьля «моўнага» рэфэрэндуму, які адбыўся з ініцыятывы Аляксандра Лукашэнкі 14 траўня 1995 году і пазбавіў беларускую мову статусу адзінай дзяржаўнай, беларускія клясы пачалі закрываць. Апошнія беларускія клясы ў Магілёве зьніклі ў 2001 годзе.
Пасьля 9-гадовага перапынку кляса зь беларускай мовай навучаньня з адным вучнем зьявілася толькі ў 2010-м.
У 2016 годзе набралі яшчэ адну клясу з двума вучнямі.
У 2019 годзе ў беларускіх клясах вучацца 23 школьнікі. Летась было 18. Усяго ў школах Магілёва больш за 39 тысяч дзяцей.
Сёлета чыноўнікі прызналі недахоп пэдагагічных кадраў для беларускамоўнага навучаньня. Найбольш востра стаіць пытаньне з настаўнікамі-прадметнікамі