Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

«Даяры» дзвюх сістэм

04.09.2019 политика

Мара стане рэальнасцю тады, калі абрабаваныя народы выявяць волю і моцна ўдараць пад рэбры аўтарытарызму.

Заходнія эксперты часта сцвярджаюць, што ў параўнанні з мінулым часам у Беларусі нічога не памянялася, бо яна засталася «савецкім запаведнікам». У пэўнай ступені гэта так, калі глядзець на краіну без уліку многіх прыхаваных унутраных і знешніх працэсаў. Але ў рэальнасці не ўсё проста і адназначна.

Несумненна, прыкметная «савецкасць» або, як павялося казаць з адценнем абразлівасці, «саўковасць» аўтарытарнай Беларусі выяўляецца ў архаічным камандным стылі кіравання, у правядзенні фіктыўных выбараў, у дзейнасці залежных ад выканаўчай улады судоў, падкантрольных СМІ.

Аднак у зямным свеце нічога не адбываецца без складанай узаемасувязі і трансфармацыі, не праходзіць бясследна. Гэта тычыцца не толькі прыроды, але і чалавечай супольнасці, краін з рознымі палітычнымі і сацыяльнымі сістэмамі.

Нават кіраўніцтва таталітарнага СССР, трымаючы грамадзян за «жалезнай завесай», мела з Захадам не толькі дыпламатычныя стасункі. Хоць з пэўнымі абмежаваннямі, але ішоў гандаль, абмен дасягненнямі. Праўда, навукова-тэхнічныя навінкі ўкараняліся пераважна ў ваенна-прамысловым комплексе. Што тычыцца якасных замежных тавараў, харчу і лекаў, то імі карысталіся кіруючая вярхушка і гандлёвыя начальнікі, ды нешта ўсё ж даходзіла і да звычайных людзей.

Пасля краху СССР сітуацыя змянілася. Суверэнныя краіны атрымалі магчымасць пераймаць перадавы вопыт у палітыцы, навуцы, эканоміцы і сацыяльнай сферы. Захад, які жыве паводле дэмакратычных прынцыпаў, даверліва спадзяваўся, што яны будуць шчырымі і паслядоўнымі ў памкненні да свабоды і цывілізаванага быцця, пачнуць рэформы, мадэрнізацыю. Але не тут было, не на тых натрапілі!

Беларусь і Расія пад кіраўніцтвам аўтакратаў замест выхаду на магістраль дэмакратыі звярнулі на «асаблівы шлях» . Хоць цяпер няма малінавых пінжакоў, адстрэлу канкурэнтаў і рэгулярных бандыцкіх разборак, але дух авантурных і бяспраўных 90-х гадоў яшчэ не выветрыўся. Ён выяўляецца ў іншых злавесных падзеях. У беларускім варыянце — гэта абсалютная ўзурпацыя ўлады адным індывідам, перапісванне ім Канстытуцыі і законаў пад сябе, кансервацыя савецкай прамысловасці і сельскай гаспадаркі, ігнараванне маштабных рынкавых рэформ у эканоміцы, узмоцненае выкарыстанне адміністратыўнага рэсурсу для падаўлення палітычнай і грамадзянскай актыўнасці людзей, парушэнні дзеючага заканадаўства, масавыя злоўжыванні службовым становішчам, крадзяжы і хабарніцтва, застрашванне грамадства сілавымі структурамі, а ў расійскім — бюракратычна-алігархічнае кіраванне, вяртанне да імперскасці, татальная паліцэйшчына, мілітарызацыя, захоп чужых тэрыторый, грабеж алігархамі і чыноўнікамі прыродных рэсурсаў і народнай маёмасці, павальная карупцыя, прорва паміж багатымі і беднымі людзьмі, жабрачы побыт вёсак, пасёлкаў і малых гарадоў.

Тым не менш, як фасад, так і ўнутраны змест Беларусі і Расіі прыкметна змяніліся. З’явіліся прыгожыя, якасныя новабудоўлі, па вуліцах гарадоў і вёсак імчаць камфартабельныя замежныя аўтамабілі, у дамах стаіць неблагая мэбля, на кухнях працуе класная тэхніка, людзі маюць прыстойны абутак і адзенне. На жаль, змены закранулі пераважна мегаполісы, прытым толькі побытавы і ў пэўнай ступені працоўны аспект. У палітычным, культурным і маральным плане яны адбываюцца надта марудна, а нярэдка пераходзяць у дэградацыю.

Несумненна, што агульны прагрэс чалавецтва падцягвае ўсіх, нават тых, хто яму супраціўляецца. Многія беларусы і расіяне, нягледзячы на ўціск аўтарытарызму, які варожа ставіцца да ліберальных ідэй, трымае людзей у стане пасіўнасці і абыякавасці, сталі прадпрымальнікамі, працуюць больш ініцыятыўна, выпускаюць канкурэнтную прадукцыю. Практычна ў Беларусі і Расіі існуюць дзве крыніцы фінансавых і матэрыяльных даброт — замежная і свая.

Але хто, як кажуць у народзе, нібы ласкавае цялятка смокча дзвюх матак? Хто з’яўляецца «даяром» розных сістэм — заходняй і мясцовай? У першую чаргу аўтарытарныя правіцелі. Яны выкарыстоўваюць дасягненні дэмакратыі для захавання ўлады. Замежныя пазыкі і тэхналагічныя навінкі дапамагаюць узмацненню адміністратыўнага рэсурсу, мадэрнізацыі тэхнічнай базы спецслужбаў і арміі. Такім чынам Захад фактычна мацуе аўтарытарызм, чаго не хочуць прызнаваць палітыкі Англіі, Германіі, Францыі і ЗША, зацыкленыя на перавыхаванні аўтакратаў, на ўласнай «міратворчасці», якая больш нагадвае «міфатворчасць». Што тычыцца мясцовых рэсурсаў, то імі правіцелі распараджаюцца так, як захочацца, кантролю над імі ўвогуле няма.

Выдатна прысмакталіся да дзвюх сістэм прыўладныя бізнесоўцы, якія сытна кормяцца самі і падкармліваюць вышэйшых чыноў. Ім — лепшыя кавалкі з «царскага стала», прывілеі, выгадныя кантакты і кантракты з замежжам, а яны ў адказ — саліднае «бабло».

У лік «даяроў» уваходзяць чыноўнікі, дэпутаты, сілавікі. Варта глыбей капнуць любога беларускага або расійскага «слугу народа», як выявіцца, што ў яго ёсць фантастычныя грашовыя «заначкі», нерухомасць дома і за мяжой, якую ніяк нельга прыдбаць за зарплату, надбаўкі і прэміі. Часта дзеля спакою гэтая маёмасць запісана на родзічаў або набліжаных і верных ім людзей.

Многія «даяры» адразу хочуць быць і дэпутатамі, і бізнесоўцамі, і вучонымі, і выкладчыкамі, і экспертамі, і кансультантамі. Гэта ўдаецца, грошы ліюцца з усіх бакоў. Такіх «шчасліўчыкаў» у Беларусі і Расіі процьма, на іх можна палюбавацца ў інтэрнэце!

Асабліва мярзотна выглядаюць прапагандысты, кіраўнікі дзяржаўных СМІ, якія з тэлеэкранаў, у эфіры і на газетных старонках клянуцца ў любові да краіны і «нашего президента», ваююць з ненавісным Захадам, а самі маюць за мяжой зямельныя ўчасткі, дамы, катэджы, кватэры, вучаць дзяцей і ўнукаў, якія застаюцца там на пастаяннае жыхарства.

А звычайныя беларусы і расіяне, пра якіх так «клапоцяцца» заходнія палітыкі, выжываюць цяжка.

Чаму багатыя «даяры» не ўкладаюць сродкі ў айчынную навуку, адукацыю або медыцыну, не становяцца аўтарамі і спонсарамі карысных нацыянальных праектаў? Ды таму што не вераць у лепшую будучыню Беларусі і Расіі, лёс якіх ім абыякавы. Яны толькі «дояць», не думаючы, што гвалт, жорсткасць, прагнасць і сквапнасць вылезуць бокам нашчадкам.

Захад займаецца бясконцымі ўгаворамі аўтакратаў, заклікае іх захоўваць правы і свабоды чалавека, пра што сведчыць і прыезд у Беларусь уплывовага амерыканскага чыноўніка Д. Болтана, а яны пасмейваюцца і нахабна цягаюць далей за сасцы «кароў» — сусветную рынкавую эканамічную сістэму і ўласны постсавецкі дзікі капіталізм, транжырачы прыродныя рэсурсы, выціскаючы з людзей усе фізічныя і духоўныя сілы.

Афіцыйныя Мінск і Масква, нягледзячы на пастаянныя абяцанні, па сваёй волі зруху да сумленных выбараў не здзейсняць. «Дэмакратызацыя» даўно ператварылася ў меркантыльны палітычны і эканамічны бартэр паміж аўтарытарнымі рэжымамі і заходнімі краінамі.

Ці можна ў такіх гнілых умовах пабудаваць у Беларусі і Расіі палітычна і эканамічна развітыя дзяржавы? Ні ў якім разе!

Мара стане рэальнасцю тады, калі абрабаваныя і прыгнечаныя народы выявяць волю і моцна ўдараць пад рэбры аўтарытарызму, пры якім бясчынствуюць «даяры».

Сяргей Законнікаў, «Свободные новости плюс»

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]