Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Чаму ВКЛ было незалежным і ў Рэчы Паспалітай

04.09.2019 общество

Незалежнасьці беларусы хацелі заўжды.

У 1569 годзе ў Любліне Вялікае Княства Літоўскае і Польшча злучыліся ў Рэч Паспалітую. Але праз 19 гадоў новы Статут ВКЛ скасаваў большасьць палажэньняў Люблінскай уніі.

Што адбылося ў 1569 годзе

Акт Люблінскай уніі ў прэамбуле, дзе была выкладзена праграма польскіх магнатаў, абвяшчаў, што Карона Польская і Вялікае Княства Літоўскае злучаюцца ў «непадзельнае цэлае». А вось у тэксьце акту былі ўлічаныя пажаданьні беларуска-літоўскай эліты.

Паводле ўмоваў Люблінскай уніі, манарх, заканадаўчы орган (Вальны сойм) і зьнешняя палітыка былі адзінымі, а ўсё астатняе — асобным. Але і гэтае няпоўнае абмежаваньне правоў ВКЛ пратрымалася нядоўга.

Гісторыкі спрачаюцца дагэтуль

Польскія гісторыкі праз усё ХХ стагодзьдзе спрачаліся і спрачаюцца дагэтуль, што ж узьнікла пасьля 1569 году. Нехта называе гэта адзінай дзяржавай, нехта фэдэрацыяй, нехта канфэдэрацый. А, напрыклад, славуты гісторык Станіслаў Закшэўскі лічыў Рэч Паспалітую саюзам незалежных дзяржаў.

Чаму? Таму што Статут 1588 году меўся стаць адаптаванай да Люблінскага акту копіяй Статут 1566 году, а на справе стаў гарантыяй самастойнасьці ВКЛ і шмат у чым умовы Люблінскага акту перакрэсьліў.

«Не касуючы самога Люблінскага акту, новы Статут фактычна пазбаўляў яго юрыдычнай сілы, паколькі не зьмяшчаў ніводнай пастановы аб уніі... Так у Вялікім Княстве набыў сілу галоўнага закону звод новых прававых нормаў, які, па сутнасьці, адмаўляў прынцыпы дзяржаўнай уніі з Каронай», — пісаў гісторык Генадзь Сагановіч.

Што менавіта Статут перакрэсьліў

Вось найважнейшыя палажэньні Статуту 1588 году і наступствы яго прыняцьця:

Пра Люблінскую унію ў Статуце ня згадвалася ні словам

ВКЛ захавала Вальны сойм, які стаў называцца Вальным зьездам або канвакацыяй

Статут сьцьвярджаў, што найважнейшыя зьнешнепалітычныя пытаньні (вайна і мір, скліканьне паспалітага рушэньня і іншыя) вырашаюцца толькі Вальным соймам (зьездам) ВКЛ

На тэрыторыі ВКЛ Статут скасаваў раўнапраўе польскай шляхты са шляхтай ВКЛ, трактуючы першую як чужаземную.

Польскай шляхце зноў было забаронена купляць зямлю ў ВКЛ.

Польская шляхта не магла займаць дзяржаўныя пасады ў ВКЛ

Нават для праходжаньня польскага войска па тэрыторыі ВКЛ патрабавалася згода вялікага князя і паноў-рады.

Пасьля прыняцьця Статуту 1588 году абедзьве дзяржавы засталіся сувэрэннымі, захаваўшы свае ўрады, войска, грошы, судовую сыстэму і заканадаўства. Іх аб’ядноўваў толькі супольны манарх і сойм.

Але і манарх, пасьля абраньня на сойме, павінен быў праходзіць цырымонію паўторнага абраньня і прысягі ў Вільні як вялікі князь.

Незалежнасьці беларусы хацелі заўжды

Як такое сталася магчымым? Калі адказаць проста — бо нашы людзі хацелі незалежнасьці.

Эліты ВКЛ так моцна цанілі незалежнасьць, што выставілі ўмовай прызнаньня выбранага ў 1587 годзе караля Жыгімонта ІІІ Вазы зацьвярджэньне ім новага Статуту. Кароль быў вымушаны Статут падпісаць, нягледзячы на вялікае супраціўленьне палякаў.

У выніку Вялікае Княства Літоўскае захавала дзяржаўную самастойнасьць да апошняга падзелу Рэчы Паспалітай у 1795 годзе, а старабеларуская мова пасьля 1588 году яшчэ больш за 100 гадоў заставалася дзяржаўнай.

Сяргей Абламейка, «Радыё Свабода»

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]