Іспанская даследчыца беларускай літаратуры абараніла дысертацыю ва ўніверсітэце Камплутэнсе ў Мадрыдзе.
Яе праца называлася “Сімвалізм народнага паходжання ў прозе Яна Баршчэўскага і Густава-Адольфа Бэкера”. Анхела Эспіноса распавяла “Радыё Рацыя”, як адбывалася абарона навуковай працы:
– Абарона адбылася ў Мадрыдзе на філалагічным факультэце. Было пяць апанентаў. Мне далі 20 хвілін, каб патлумачыць самыя важныя пункты. Потым апаненты выказваліся па чарзе: у каго каментары былі, у каго пытанні, у каго парада нейкая для будучых твораў, артыкулаў.
Таксама Анхела Эспіноса сказала, што новага адкрыла работа для беларускага літаратуразнаўства:
– Я думаю, два фактары пераважна. Па-першае, існаванне такой катэгорыі, як перыферыйны рамантызм, да якога належаць і іспанскі, і беларускі рамантызм. І наколькі яны падобна падыходзяць да трактавання фальклорнага матэрыялу або матэрыялу фальклорнага паходжання. Па-другое, падабенства саміх аўтараў – Бэкера і Баршчэўскага.
Цяпер Анхела Эспіноса афіцыйна стала кандыдатам навук па літаратуразнаўству. На дадзены момант яна знаходзіцца ў пошуку працы і разглядае розныя варыянты. Займацца даследаваннем беларускай літаратуры яна плануе і надалей.