Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Форэст Гамп з Якуціі

11.09.2019 политика

Папулярнасць шамана Аляксандра Габышава расце як снежны ком.

У Расеі разгортваецца сюжэт, які нагадвае знакамітую сцэну з культавага фільма “Форэст Гамп” Роберта Земейкіса. У згаданай галівудскай карціне галоўны герой без дай прычыны бяжыць праз увесь амерыканскі кантынент. Спачатку яго не заўважалі, а потым за ім утварыўся натоўп, які лавіў кожны крок і жэст свайго куміра. Нешта падобнае здарылася і з расейскім грамадзянінам Аляксандрам Габышавым. Вось ужо некалькі месяцаў эксцэнтрычны чалавек з Якуціі, які называе сябе воінам-шаманам, ідзе пешшу са сваёй радзімы на Крэмль. Ён апантаны ідэяй выгнаць з сэрца Расеі Уладзіміра Пуціна, якога ён лічыць “дэманам”. Паводле хадака, сама прырода не любіць расейскага правадыра, які, дзе толькі не з’яўляецца, выклікае прыродныя катаклізмы і няшчасці. Паколькі ягоны высокапастаўлены візаві з’яўляецца “чорным калдуном”, то прагнаць яго можа не палітык, кшталту Аляксея Навальнага, а іншы, белы калдун. Палітычная праграма ў ваяра-шамана досыць простая: усталяванне дэмакратыі і гармонія. З рэчаў у Габышава – алюміневы вазочак, на якім раскладзеныя неабходныя для паходу прадукты харчавання, прадметы побыту і юрта з тканіны. Калі ў пачатку ягоны крыжовы паход успрымаўся ўладамі РФ як дзеянні блазна, то цяпер ім не да жартаў. Штодня да шамана далучаюцца новыя паслядоўнікі, а канфлікт праваахоўнікаў з прыхільнікамі Габышава ў Бураціі ўвогуле справакаваў народныя хваляванні ў горадзе Улан-Удэ.

Шаман на сваім шляху ахвотна фатаграфуецца з людзьмі, дае вострыя палітычныя каментары. Калі спачатку з яго кпілі і не заўважалі, то цяпер расейскія ўлады падключылі цэлы арсенал сродкаў для дыскрэдытацыі Габышава і ягонага руху. У ягоным атачэнні ўвесь час круцяцца сумнеўныя персанажы, якіх ловяць за руку ў махінацыях з банкаўскімі карткамі і на супярэчлівых заявах. А на падыходзе да Улан-Удэ Габышава сустрэў цэлы дэсант бурацкіх шаманаў. Служыцелі анімалістычных і паганскіх культаў заклікалі Габышава адмовіцца ад ваяўнічай рыторыкі і перастаць хваляваць народ. Калі якут адмовіўся гэта рабіць, яго праклялі паводле ўсіх канонаў з танцамі з бубнамі, спевамі і рытуальнымі стогнамі. Нягледзячы на супрацьдзеянне, якут працягвае свой шлях. А многія расейцы шчыра бачаць у ім свайго збавіцеля, які, як некалі Емяльян Пугачоў, мае выратаваць іх айчыну ад дэспатызму.

Да гэтай гісторыі з якуцкім дон кіхотам можна было б ставіцца з іроніяй, калі б не шалёны ўзровень падтрымкі Аляксандра Габышава. Папулярнасць гэтага чалавека расце як снежны ком. Для ілюстрацыі варта згадаць, што ўдзельнікі маскоўскіх пратэстаў супраць выбарчых фальсіфікацый пачалі рабіць сабе майкі з выявамі Габышава. Ягоны вобраз экзальтаванага чалавека з барадой нечым нагадвае класічную выяву камандантэ Чэ Гевары. Усе гэтыя візуальныя вобразы, растыражаваныя ў СМІ і сацыяльных сетках, даюць ашаламляльны эфект, які сапраўды пачаў палохаць Крэмль.

Аляксандр Габышаў плануе дайсці да Масквы ў 2020 ці 2021 годзе. Ён спадзяецца, што разам з ім прыйдуць дзясяткі, а можа нават і сотні тысяч прыхільнікаў, якія запатрабуюць ад цэнтральных уладаў адстаўкі. Падзеі ў Расеі вакол фігуры шамана-ваяра нагадваюць сітуацыю з масавым вар’яцтвам жыхароў СССР у канцы 1980-х гадоў, калі ўсе, ад прыборшчыцы ў школе да інжынераў, кінуліся зараджаць крэмы пад тэлевыступы прайдзісветаў Алана Чумака і Анатоля Кашпіроўскага. Праўда, з розніцай у тым, што шарлатаны нібыта лячылі дыстанцыйна ўсе хваробы, а шаман Аляксандр Габышаў замахнуўся на лячэнне ўсяго палітычнага цела Расеі. Аднак гісторыя з місіяй шамана досыць павучальная: калі ўлада не вырашае дзесяцігоддзямі праблемы народа, то той пачынае хапацца за любую саломінку, у тым ліку за трансцэндэнтнае. Калі рацыянальныя законы і механізмы народаўладдзя не працуюць, то на змену прыходзяць вера ў звышсілы, якія ўсё паставяць на свае месцы. Незалежна ад фінала ініцыятывы Аляксандра Габышава, нават калі ён, як той Форэст Гамп, без тлумачэнняў спыніць свой марафон, перад расейскімі ўладамі застануцца ўсе тыя ж выклікі, якія проста разрываюць дзяржаву знутры.

Мікола Бянько, «Радыё Рацыя»

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]