Паўтара года працягваецца супрацьстаянне жыхароў Брэстчыны з мясцовымі ўладамі.
Паўтара года працягваецца супрацьстаянне жыхароў Брэстчыны з мясцовымі ўладамі і кіраўніцтвам завода акумулятарных батарэй кампаніі «АйПауэр», пабудаваным у свабоднай эканамічнай зоне «Брэст». Грамадзяне бароняць сваё права на чыстае навакольнае асяроддзе і не вераць абяцанкам у бяспечную вытворчасць свінцовых акумулятараў.
Выбухнула ў лютым 2018 года
Каталізатарам пратэстных акцый паслужыла пракурорскае папярэджанне, вынесенае 22 лютага 2018 года відэаблогерам Сяргею Пятрухіну і Аляксандру Кабанаву, якія заклікалі берасцейцаў выйсці на гарадскую плошчу і выказаць пратэст супраць шкоднай вытворчасці, размешчанай у непасрэднай блізкасці ад абласнога цэнтра.
Перад гэтым неабыякавыя жыхары Брэста па сваёй ініцыятыве сабралі больш за 37 тысяч подпісаў пад зваротам з прапановай правесці шырокае грамадскае абмеркаванне будаўніцтва завода АКБ. Подпісы былі накіраваныя ў адміністрацыю Лукашэнкi, аднак фактычна да гэтага звароту паставіліся фармальна: створаная камісія не знайшла аніякіх парушэнняў пры будаўніцтве завода.
Неўзабаве Пятрухіна з Кабанавым затрымалі і пакаралі за заклікі да ўдзелу ў масавым мерапрыемстве вялікімі штрафамі.
Ад таго часу кожную нядзелю на цэнтральнай плошчы Брэста збіраюцца сотні людзей, каб абмеркаваць сітуацыю наконт дзейнасці завода і выказаць пратэст супраць ягонага пуску.
Зразумела, што ўладам не даспадобы такая грамадская актыўнасць — супрацоўнікі органаў унутраных спраў паспрабавалі напачатку пагасіць яе масавымі затрыманнямі і штрафамі. Праваабаронцам вядома, што ад адміністрацыйнага пераследу пацярпелі каля 50 чалавек, многія з якіх неаднойчы затрымліваліся да суда, былі арыштаваныя альбо атрымалі штрафы. Агульная сума штрафаў, заплачаная актывістамі, набліжаецца да 60 тысяч рублёў.
Паралельна ўлады вышуквалі розныя варыянты, каб дыскрэдытаваць найбольш актыўных пратэстоўцаў — некаторым з іх пагражалі, абяцалі стварыць праблемы на працы, у сям’і, абвінавачвалі нават у дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь.
Яшчэ адна петыцыя, да якой далучылі дзве з паловай тысячы подпісаў жыхароў горада, была накіраваная ў Адміністрацыю прэзідэнта напрыканцы траўня 2018 года. Актывісты запатрабавалі адправіць у адстаўку кіраўніцтва Брэста за ігнараванне інтарэсаў грамадзян і бяздзейнасць у дачыненні да будаўніцтва шкоднай вытворчасці.
Сёння шмат хто ведае імёны найбольш актыўных экалагічных пратэстоўцаў — Дзмітрыя Бекалюка, Аляксандра Абляка, Таццяну Фесікаву, Дзяніса Мазько, Віталя Казака і Уладзіміра Мароза. Не засталіся ўбаку і мясцовыя праваабаронцы — Уладзімір Вялічкін і Раман Кісляк, якія маніторылі мітынгі і судовыя пасяджэнні, аказвалі дапамогу ў складанні скаргаў на рашэнні судоў.
Ад «кармлення галубоў» да «Свінцовай варты»
Бездапаможнасць і абыякавасць чыноўнікаў нарэшце саступіла хоць нейкім дзеянням з боку ўлады: ініцыятыўную групу супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу некалькі разоў запрашалі на сустрэчу з прадстаўнікамі аблвыканкаму. Аднак вынікі такіх перамоваў пакуль несуцяшальныя і, на думку аднаго з лідараў пратэставага руху Дзмітрыя Бекалюка, не сведчаць пра тое, што ўлады маюць волю і жаданне прыняць рашэнне аб поўным закрыцці завода. Адзіным пазітыўным момантам стала хіба што часовае прыпыненне дзейнасці завода па распараджэнні старшыні Брэсцкага аблвыканкама Арсеня Ліса ад 14 чэрвеня. Дый гэтае рашэнне стала магчымым толькі пасля таго, як актывісты выявілі прыхаваную дзейнасць прадпрыемства, з тэрыторыі якога цішком вывозілі прадукцыю. Менавіта па гэтай прычыне да акцый пратэстаў у самім Брэсце, што атрымала назву «кармленне галубоў», дадалася і «Свінцовая варта» непасрэдна каля тэрыторыі прадпрыемства.
«“Свінцовая варта” — прыклад самаарганізаванасці берасцейцаў і жыхароў раёна. Я ганаруся, што жыву ў горадзе, дзе так шмат разумных і валявых людзей. Ніхто імі не кіраваў: людзі ўбачылі небяспеку на заводзе і прынялі рашэнне ўсё фіксаваць», — распавёў журналісту «Брэсцкай газеты» Дзмітрый Бекалюк.
Спачатку гэта былі нерэгулярныя наведванні тэрыторыі завода, які пачаў пусканаладачныя працэсы, спыненне аўтамабіляў з акумулятарамі і выклікі супрацоўнікаў міліцыі на інцыдэнты. А потым было арганізавана кругласутачнае дзяжурства, у якім удзельнічалі ў розныя часы па некалькі дзясяткаў чалавек, што па загадзя складзеным графіку выходзілі на 2-гадзінныя дзяжурствы і фіксавалі ўсё, што адбываецца на заводзе.
Ці зможа ініцыятыўная група зарэгістраваць «ЭкаБрэст»?
Тым часам актывісты не спяць у шапку і прымаюць захады па стварэнні грамадскага экалагічнага аб’яднання, каб узмацніць свае пазіцыі і адстойваць права на чыстае навакольнае асяроддзе на больш шырокім і прадстаўнічым узроўні. У траўні быў праведзены сход ініцыятыўнай групы, пасля чаго пададзеныя дакументы ў абласное ўпраўленне юстыцыі на рэгістрацыю Брэсцкага абласнога экалагічнага праваабарончага грамадскага аб’яднання «ЭкаБрэст».
Аднак затым аднаму з ініцыятараў стварэння аб’яднання Раману Кісляку чыноўнікі паведамілі, што шанцаў на рэгістрацыю мала. Так яно і адбылося: быў атрыманы адказ з адмовай у рэгістрацыі і аргументацыяй такога рашэння на сямі старонках. Зараз рашэнне ўпраўлення юстыцыі Брэсцкага аблвыканкама актывісты спрабуюць абскардзіць у судзе. На іх думку, парушэнні ў статутных дакументах неістотныя, і яны могуць быць лёгка выпраўленыя.
«Мы падалі ў абласны суд скаргу на адмову ў рэгістрацыі грамадскага аб’яднання “ЭкаБрэст”. Бо мяркуем, што нам адмовілі неабгрунтавана, выстаўляюць завышаныя патрабаванні. Уся аргументацыя адмовы пабудаваная на тым, што мы не паказалі патрэбны закон з патрэбным пунктам, ці іншы закон у іншым пункце. Фактычна, усе такія парушэнні ці стылістычныя або граматычныя памылкі», — кажа адзін з прадстаўнікоў ініцыятыўнай групы, юрыст і праваабаронца Раман Кісляк.
У любым выпадку, нават калі суд не прыслухаецца да аргументаў актывістаў, існуе магчымасць падаць неабходныя дакументы на рэгістрацыю паўторна.
Трэцяя экалагічная экспертыза завода і перспектывы
Намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Аляксандр Корбут на прэс-канферэнцыі 27 жніўня паведаміў журналістам, што завод АКБ «мае станоўчыя вынікі экалагічнай экспертызы. Прадугледжана, што прадпрыемства будзе перапрацоўваць 13 156 тон свінцу на год, пры гэтым выкіды складуць не больш за 3,05 кг. Калі ў завода атрымаецца выканаць дадзеныя абавязацельствы, то ў яго будзе магчымасць запусціцца і працаваць. Калі будуць нейкія парушэнні, якія не дазволяць выканаць экалагічныя абавязацельствы, то Мінпрыроды не дазволіць увод у эксплуатацыю. У гэтым выпадку завод павінен будзе зноў правесці грамадскае абмеркаванне і падаць заяўку на змяненне праектнай дакументацыі».
Зразумела, вынікі экалагічнай экспертызы з’яўляюцца толькі пэўнымі намерамі ўкласціся ў вузкія рамкі дапушчальных выкідаў свінцу, сітуацыя можа развівацца і па горшым сцэнары, таму, у любым разе, экалагічныя актывісты не спыняць сваёй дзейнасці. Імпэту і рашучасці ў іх хапае. Бо калі ўлады горада абыякавыя да праблем, якія можа стварыць акумулятарны завод, ім на дапамогу абавязкова прыйдуць актывісты. А лічыцца з імі давядзецца.
Сяржук Сыс, «Новы час»