Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Ігар Варашкевіч: У венах шмат рознай крыві, а любоў адна - Беларусь

15.09.2019 культура
Ігар Варашкевіч: У венах шмат рознай крыві, а  любоў адна - Беларусь

Блiц-апытанне вядомага музыкi.

У восеньскім праекце «Свабода» прадстаўляе анкеты цікавых і вядомых людзей. Сёньняшні рэспандэнт — Ігар Варашкевіч.

Хто гэта?

Знаны беларускі рок-музыка, лідэр гурту «Крама». Нарадзіўся ў Баранавічах у 1960-м. Скончыў мастацка-прамысловы факультэт тэатральна-мастацкага інстытуту па спэцыяльнасьці інтэрʼеры. У 1983–1989 гадах граў у гурце «Бонда». Пасьля распаду «Бонды» сышоў у гурт «Рокіс», які ў 1991 годзе пераўтварыўся ў гурт «Крама». За сваю працяглую гісторыю «Крама» стала ўладальніцай вялікай «Рок-кароны» 1994-га і ня раз перамагала на «Рок-каранацыі» ў намінацыях «За вернасьць жанру», «Традыцыі ды сучаснасьць», «Лепшы альбом» (альбом «Хавайся ў бульбу», 2001), «Блюз-рок выканаўца», прэміі Rock Profi «За ўнёсак» (2014).

1. Калі вы адчувалі найбольшае ў жыцьці шчасьце?

Напэўна, падчас навучаньня ў інстытуце, калі пачаў сьпяваць у рок-гурце. Гэта быў час перабудовы, я быў малады і закаханы :)

Але зараз таксама ўсё добра!

2. Які ваш найбольшы страх?

Страх цемры, і гэта зь дзяцінства. Нічога не магу з гэтым зрабіць, і мне ня сорамна :)

3. Які ваш самы раньні ўспамін?

Дэльфіны на Чорным моры. Мне было 5 гадоў.

4. Якая рыса вам найбольш не падабаецца ў сабе?

Сумневы ў сабе. Калі б не яны, я б зрабіў значна болей у жыцьці.

5. Якая рыса вам найбольш не падабаецца ў іншых?

Такіх шмат, але пэўна — гэта зайздрасьць, а таксама адсутнасьць пачуцьця гумару, бо такія людзі галоўным чынам нецікавыя і страшныя.

6. Якая ў вас была самая няёмкая сытуацыя ў жыцьці?

Гэта тады, калі мяне пазнаюць на вуліцы, а я не магу ўспомніць імя чалавека зь мінулага жыцьця :)

7. Якая ў вас ёсьць самая дарагая вам рэч?

На жаль, такой няма.

8. Якую б вы хацелі мець супэрздольнасьць?

Фото: Belapan

Гэта проста — здольнасьць вывучыць як мага больш замежных моў.

9. Што робіць вас няшчасным?

Рэчаіснасьць :)

10. Якая ў вас самая непрыгожая звычка?

Раскідваць калыпкі :)))

11. Якую вы маеце заганную прыемнасьць?

Паспаць прыкладна ў 17:00 :)

12. У каго вам найбольш хацелася б папрасіць прабачэньня і чаму?

У сваёй нябожчыцы маці за тое, што апошнія пяць год, калі яна страціла здольнасьць хадзіць, быў часам нястрыманы і грубы... І ў сваіх каханых, а чаму, не скажу :)

13. Найлепшы пацалунак у вашым жыцьці?

О-о-о, гэта нейкі пацалунак зь юнацтва, пэўна :)

14. Найбольшае ў жыцьці расчараваньне?

Нежаданьне беларусаў адчуць сабе нацыяй і іх абыякавасьць да роднай мовы :(

15. Калі б вы маглі нешта зьмяніць у мінулым жыцьці, што б гэта было?

Можа, паехаць па разьмеркаваньні ў Горадню і стаць мастаком, а не музыкам.

16. Калі б вы маглі трапіць у мінуласьць, дзе б вы хацелі апынуцца?

У ЗША ці Эўропе 60-х, бо ў першай быў росквіт рок-н-ролу і вялікіх аўто, а ў другой — цудоўнае чорна-белае кіно, а мне вельмі блізкая такая эстэтыка.

Фото: «Радыё Свабода»

17. Калі вы былі найбліжэй да сьмерці?

Магчыма, падчас аварыі ў 1995 годзе. Мы ехалі па інструмэнты ў Маскву (я, Лукашук, Шэўчык, Лявончык, Праўда) і перакуліліся. Цудам ніхто не загінуў.

18. Якая адна рэч павысіла б якасьць вашага жыцьця?

Валізка з грашыма — гэта калі жартаваць, а калі сурʼёзна, то маладосьць + здароўе. Але гэта немагчыма...

19. Ваша найбольшае дасягненьне?

Тое, што я, ня маючы музычных здольнасьцяў, стаў рок-музыкам, бо малюю я значна лепей, чым сьпяваю :)

20. Што вам не дае спаць па начах?

Творчаму чалавеку шмат чаго не дае спаць па начах. І чым больш жывеш, тым больш думаеш пра сьмерць, хаця страху няма.

Фото: «Радыё Свабода»

21. Што вам запомнілася зь мінулага лета?

Канцэрт Марка Нопфлера ў Вэроне.

22. Што б вы хацелі, каб пра вас памяталі?

Што чалавек, у венах якога цякло шмат рознай крыві, меў адну любоў — БЕЛАРУСЬ.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]