Станіславу Судніку споўнілася 65 год.
Апантаны ў сваю справу чалавек жыве ў Лідзе. Гэта пісьменнік і журналіст, культуролаг і грамадскі дзеяч, выдавец і шчыры наш сябра Станіслаў Суднік, якому 21 верасня спаўняецца 65 гадоў з дня нараджэння.
Той самы Станіслаў Суднік, які некалі ў Казахстане выдаваў беларускамоўную газету “Рокаш”, які выдаў “Кароткі расійска-беларускі вайсковы слоўнік” і “Расійска-беларускі вайсковы слоўнік” на 8 тысяч слоў разам з Сяргеем Чыславым і “Шыхтавы статут Беларускага войска”.
Той самы Станіслаў Суднік, які напісаў і надрукаваў шэраг паэтычных зборнікаў. Сярод якіх – “Пагоня за мову”, “Мой Грунвальд”, “Лідскія скрыжалі”, “Літва”, які сёння рэдагуе ў Беларусі газету ТБМ “Наша слова” і рэгіянальны часопіс “Лідскі летапісец”, які… спіс гэты можна доўга працягваць.
А яшчэ Станіслаў Суднік – падпалкоўнік, ён ўзнагароджаны медалём “За баявыя заслугі” і ордэнам “За службу Радзіме”. А я яму сёння, калі б гэта было ў маіх сілах, даў бы яшчэ званне заслужанага работніка культуры Беларусі і ўзнагародзіў бы яго ордэнам Францыска Скарыны, а таксама Дзяржаўнай прэміяй Рэспублікі Беларусь за яго грамадскую і літаратурную дзейнасць. Ён даўно гэтага заслугоўвае.
Шчыра кажучы, калі б на кожны раён у Беларусі па адным Станіславу Судніку – Беларусь была б іншай. Станіслаў Суднік прывык рабіць усё сам. Штотыднёва ён выдае “Наша слова” на 8 старонках, рыхтуе літаратурныя альманахі, ушаноўвае паўстанцаў мінулых стагоддзяў, наладжвае прэзентацыі новых кніг, займаецца перакладамі і г.д. – усяго пералічыць немагчыма. Станіслаў Суднік родам з вёскі Сейлавічы Нясвіжскага раёна. Але родную Нясвіжчыну ён таксама не забывае.
Мясцовыя вертыкальшчыкі яго там нават баяцца, бо ім прасцей сядзець у Нясвіжы і нічога не рабіць, не думаць, не вырашаць. Але ціха сядзець ім Станіслаў Суднік не дае. Ён іх пастаянна трывожыць сваімі ідэямі і задумкамі, мерапрыемствамі і прапановамі. Ён і для роднай Нясвіжчыны пачаў выдаваць літаратурныя і гісторыка-краязнаўчыя альманахі.
Павінны ж і землякі паказвацца ў людзі, друкаваць свае літаратурныя і краязнаўчыя творы. Задумак у Станіслава Судніка безліч. Вельмі хацелася б, каб ён ніколі не старэў ні душой, ні целам, а заўсёды заставаўся такім жывым, апантаным, канкрэтным і надзейным ва ўсіх сваіх і нашых беларускіх справах. І ўсё новае задуманае здзейснілася б.
З юбілеем цябе, Станіслаў!
Барыс Баль, «Беларускае Радыё Рацыя»