Эдуард Міховіч распавёў пра жыцьцё паміж Тайляндам і Асіповічамі.
Эдуард Міховіч, чэмпіён сьвету ў тайскім боксе, летась прайшоў адбор у адну з самых прэстыжных спартовых камандаў — «Тайгер Муай Тай» (ТМТ).
Спартовец зь Беларусі ў такую каманду трапіў упершыню. Адбор суровы: з сотні заявак выбіраюць 32 чалавекі (16 у тайскім боксе, 16 у ММА, Mixed martial arts) — і гэта толькі каб дапусьціць да тыднёвага выпрабаваньня. У саму каманду трапляе 6 чалавек у кожным відзе спорту адпаведна, перадае «Радыё Свабода».
Ехаць у Тайлянд Эдзік зьбіраўся на год: у яго ўжо быў кантракт з кітайскай арганізацыяй Em-Legend, дабірацца да баёў з Пхукету было зручна. Пасьля адбору і падпісаньня кантракту «Тайгер» бясплатна даваў жыльлё, харчаваньне, рыштунак, прапановы на ўдзел у баях і неабмежаваныя магчымасьці для трэніровак мінімум на год (адзін месяц такіх трэніровак каштуе каля 600 даляраў). Трэба было толькі вытрымаць «адборны» тыдзень.
«Паміж раўндамі адпачынак сэкундаў 30, і за гэтыя 30 сэкундаў ты яшчэ павінен 20 разоў адціснуцца»
«У нас раніцай у першы дзень была трэніроўка на пляжы з уласнай вагой цела, але гэта было „жэстачайша“ проста, — прыгадвае Эдзік. — Аднаго хлопца забралі ў шпіталь, другога ванітавала — там жах. У іх ёсьць такая лесьвіца славутая, прыблізна мае вышыню чацьвёртага паверху. Мы бегалі туды ў канцы трэніроўкі 10 разоў, першыя 5 разоў туды-назад бяжыш у любым тэмпе, апошнія 5 разоў ужо максымальна хутка, абганяючы ўсіх».
Міховіч прызнаецца, што такі рэжым нельга і параўноўваць зь беларускімі трэніроўкамі: адпачываеш, толькі пакуль круціш бінты на рукі.
«У іх нават паміж раўндамі няма адпачынку, — кажа Эдзік. — У нас хвіліну звычайна даюць, а ў іх сэкундаў 30 можа, і за гэтыя 30 сэкундаў ты яшчэ павінен 20 разоў адціснуцца».
Міховіч усьміхаецца, успамінаючы, як упэўнена пачуваўся са сваім чэмпіёнскім поясам: думаў, ён адзін такі малайчына. Выявілася, што ледзьве ня кожны з удзельнікаў адбору мае тытул чэмпіёна сьвету.
«Апошняя трэніроўка ў адборы была такая: тайцы трымалі „лапы“ (спэцыяльная прылада для адпрацоўкі ўдараў.— РС), ты б’еш па „лапах“, — апавядае Эдзік. — Яны маглі голай нагой цябе выцяць. Хтосьці тыдзень хадзіць ня мог. Я бачыў байцоў ММА, якім гэтыя тайцы па пярэдняй назе так лупілі, адсадзілі ім усё, там было мяса. Каленямі па пячонцы, па галаве білі. І ты ня можаш адказаць, ты б’еш па „лапах“, і ўсё. А ў мяне праз тыдзень бой. Я неяк, дзякуй Богу, прайшоў спакойна ўсё гэта. Нейкія балячкі былі, зразумела, але я мазямі ўсё гэта залячыў і паляцеў на бой і выйграў праз тыдзень».
«Я ляцеў туды ў нікуды, я вярнуўся сюды ў нікуды»
У Пхукет Эдзік паехаў разам з жонкай. Пасьля падпісаньня кантракту пражылі там яшчэ 2,5 месяца.
«Жонка кайфавала, загарала, я трэнаваўся, — сьмяецца Міховіч. — Акурат я быў у Кітаі, у мяне быў бой. І мне жонка піша, што тэст на цяжарнасьць станоўчы. Мы тут хацелі, але ў нас не атрымлівалася, туды паляцелі — усё атрымалася. Я вярнуўся ў Тайлянд, мы пайшлі на УГД: усё пацьвердзілася, у нас лялька!»
Высьветлілася, што страхоўка не пакрывае цяжарнасьці, а адно толькі УГД у Тайляндзе каштуе 120 даляраў, кошт жа саміх родаў можа дайсьці да 3000. Вырашылі ляцець дадому. На радзіме сустрэлі з падазрэньнем: ну ясна, відаць, нічога не атрымалася, мы ж казалі.
«Я ляцеў туды ў нікуды, я вярнуўся сюды ў нікуды, — прызнаецца Эдзік. — Дагэтуль я быў трэнэрам даўно зусім, пасьля ў мяне была прафэсійная кар’ера: я баксаваў і гэтым жыў. Вядома, тут былі, бацькі, родныя, але ў пляне нейкай там стабільнасьці і працы... Але ў мяне былі грошы на першыя паўгода. Пасьля мы з маім трэнэрам павезьлі малых на спаборніцтвы, я там Віталіка (Віталь Гуркоў, шматразовы чэмпіён сьвету па тайскім боксе. — РС) сустрэў. Ён пытае: „Ну што ты? Вярнуўся?“ Я кажу: „Ну але“. Ён: „Я вось залю адкрыў, давай да мяне — трэнаваць“. Я кажу: „Давай!“ Ну і ўсё, давай і давай, паціснулі рукі, усё так атрымалася само па сабе».
Цяпер Эдуард з жонкай і шасьцімесячнай дачкой жывуць у Асіповічах. Там ён трэнуе дзяцей і дарослых, тройчы на тыдзень езьдзіць трэнаваць у Менск. Пераяжджаць не зьбіраюцца: на маршрутцы даехаць можна за гадзіну-паўтары (лічы, як па Менску), дый да родных Асіповічаў ён ставіцца са шчырай прыязнасьцю.
«Усе стараюцца зьехаць, а я люблю наш горад, — кажа Эдзік. — У Менску ў пляне варушняку больш людзей, тут павесялей. У нас жа ўсё спакойна, я так прызвычаіўся, мне клясна там. У Асіповічах усё сваё, куды ні пайдзі — усе свае людзі. Я заходжу ў краму — мяне там палова прадавачак ведае. Ахоўнік вітаецца. Заходжу ў бар — я ведаю ўладальніка гэтага бара. Мне камфортна».
«Я люблю нашу краіну, нягледзячы на ўсё, што адбываецца»
Падчас трэніровак у «Тайгеры» Міховіч заўжды нагадваў, што ён беларус: «Вось яна — Беларусь!» — крычыць Эдзік, калі першым прабягае дыстанцыю, пабіўшы нават рэкорд трэнэра.
«Я люблю нашу краіну, нягледзячы на ўсё, што адбываецца, — кажа Міховіч. — Я ўсё разумею, але мне па душы, мне ў Беларусі падабаецца. Гэта першае. Другое — я заўжды са сьцягам, паўсюль падымаўся сьцяг Беларусі. Я таплю за Беларусь! Плюс у той момант (у «Тайгеры». — РС) было вельмі шмат хлопцаў з розных краін, з усяго сьвету. Я быў упэўнены, што ў мяне ўсё атрымаецца, і я там казаў: «Беларусь! Беларусь!»
Займацца тайскім боксам прафэсійна — нятанная справа: асаблівых грошай баі не прыносяць, а каб атрымліваць заробак на дзяржаўнай «стаўцы», трэба выйграць некалькі чэмпіянатаў сьвету. Сама ж прэмія за перамогу на чэмпіянаце сьвету складае 2500 даляраў, на астатніх яшчэ меней — і гэта раз на год. Сумяшчаць трэніроўкі з працай складана, і ў нейкі момант паўстае пытаньне выбару — спорт альбо фінансавая надзейнасьць. Некалькі год таму Міховіч з боксам завязваў, працаваў ахоўнікам, але нуднасьць жыцьця ад выходных да выходных надакучыла і ён вярнуўся па выпрабаваньні, вандроўкі і эмоцыі. Эдзік упэўнены — трэба займацца толькі тым, што табе па душы.
«У Тайляндзе калі я жыў, зьдзіўляўся: яны ўсе ўсьміхаюцца, яны задаволеныя сваім жыцьцём, — кажа Эдуард. — Прадавец езьдзіць на мапэдзе ў нейкіх лахманах, прадае бліны, але ўсё роўна шчасьлівы чалавек, ён усьміхаецца. У нас шмат якія людзі займаюць не сваю пасаду. У нас паўсюль першае, што ты бачыш, — незадаволены твар. Ідзеш у краму — прадаўцы глядзяць, як быццам ты ў іх украў, а не набыў за свае грошы. Рэальна відаць, што шмат якія дактары ненавідзяць сваю прафэсію.
Так, у Асіповічах у нас (з магчымасьцяў працы. — РС) — міліцыя, чыгунка і пара заводаў, і не на ўсіх заводах плацяць нармальна. Вайскоўцы яшчэ. Тое, што „бацька“ падтрымлівае, тое і ёсьць. Але зноў жа, я б не сказаў, што таец той зарабляе больш грошай, калі ён прадае бліны. Але ён шчасьлівы!»
«І ніхто ня хоча пачынаць наноў, хоць і жыве нешчасьліва»
Эдуард прыгадвае і ўласную гісторыю: доўгі час ён ня мог угаварыць жонку звольніцца зь ненавіснай працы ў банку і ахвяраваць стабільнасьцю дзеля ўласнага шчасьця.
«Я ня ведаю больш добрага чалавека, чым яна, — запэўнівае Эдзік. — І хтосьці прыходзіць, у каго ёсьць „бабкі“, і грубіць ёй: „Слухай, зрабі мне тое і тое“. Стаўленьне ў людзей быдлячае пачынаецца, калі яны нешта могуць большае, чым хтосьці іншы. І яна доўга наважвалася, але сышла. А шмат якія людзі ня могуць. Гэтак пра ўсё можна казаць. Пра сем’і: можа, яны ўжо і ня любяць адно аднаго, але жывуць, бо маюць дзіця, кватэру, крэдыт на яе агульны. І ніхто ня хоча пачынаць наноў, хоць і жыве нешчасьліва. Я лічу, адзін раз жывём! Калі нешта не падабаецца, трэба зьмяняць».
За права займацца тайскім боксам Міховічу давялося пазмагацца, калі ён быў яшчэ падлеткам. Пасьля чарговай дыспансэрызацыі яму забаранілі трэнавацца з прычыны праблемы са зрокам. Хлопец тады знайшоў сайт нейкай прыватнай клінікі ў Маскве, напісаў ліст прафэсару і атрымаў адказ: калі няма праблем зь сеткавіцай, то займацца можна. Раздрукаваў ліст на прынтэры сябра, адвёз у рэспубліканскі дыспансэр і пасьля дадатковага агляду абмежаваньне зьнялі.
Любоў да тайскага боксу ў Міховіча зьявілася, калі ён пераспрабаваў, здавалася, усе актыўныя заняткі ў Асіповічах: мотакрос, футбол, баскетбол, шашкі і шахматы; ён хадзіў у музычную школу, рэзаў па дрэве і нават займаўся лялечным тэатрам. На бокс спакусіў сябра — калі-небудзь паедзеш у Тайлянд! Новае захапленьне ад маці спачатку ўтойваў.
«Пасьля яна даведалася, — успамінае Міховіч. — Была вельмі супраць: „Тайскі бокс! Ты чаго? Здароўе, зрок!“. Але звыклася. Калі я стаў чэмпіёнам сьвету і паказваў бабулі баі, тая заплюшчвала вочы: „Вой-вой-вой! Гэта ж б’юць!“ Вось яна вельмі абуралася, што я займаўся, а астатнія нармальна. Жонка жывую трансьляцыю заўжды шукае, нават калі ведае вынік, то пераглядае ўсё роўна».
Эдзік адзначае, што адзінаборствы сталі вельмі папулярным спортам сярод аматараў, асабліва цікавяцца жанчыны, бо гэта спалучэньне фітнэсу і самаабароны. У самога Міховіча цяпер вымушаны перапынак — гуляючы зь сябрамі ў футбол, ён моцна зламаў нагу. Так ён не калечыўся за ўсе 13 гадоў у спорце. Прызнаецца, што ўвесь час тэлефануюць, каб запісацца на трэніроўкі, і ад іншых трэнэраў адмаўляюцца — кажуць, пачакаем. Траўма сапсавала і спартовыя пляны, адмяніліся баі. Самае непрыемнае — абмежаваная рухомасьць, якая не дазваляе шмат займацца маленькай дачкой.
Зьяжджаць у Тайлянд на доўгі тэрмін Эдуард больш не плянуе, хоць магчымасьці «Тайгера» для прафэсійнай падрыхтоўкі ён зьбіраецца выкарыстаць яшчэ неаднойчы. Нягледзячы на тое, што кантрактны год ужо мінуў, клюб не зьмяніў для спартоўца ўмовы і падоўжыў кантракт на няпэўны тэрмін: Міховіч можа ў любым момант прыехаць у адзін з найлепшых трэнавальных карпусоў сьвету і цалкам прысьвяціць свой час спорту.