Нацыянальны лідар выказаўся пра беларускія ўлады ў кантэксце перапахавання Каліноўскага.
Дзе варта перапахаваць парэшткі Кастуся Каліноўскага: у Беларусі ці ў Вільні? За апошнія содні гэтае пытанне літаральна падзяліла беларускае грамадства на дзве часткі. Сваім меркаваннем з «Белсатам» падзяліўся вядомы беларускі палітык, адкрывальнік Курапатаў Зянон Пазняк.
– Як стала вядома, літоўскія парламентары хочуць падтрымаць ініцыятыву перадачы парэшткаў Кастуся Каліноўскага ў Беларусь. Наколькі сур’ёзна варта ўлічваць гэтую ініцыятыву?
– Гэта ўсё даволі штучна прыдуманае, праблемы тут няма ніякай. Каліноўскі пачынаў сваю дзейнасць, сваё паўстанне ў Вільні. Ён жыў у сямʼі Ямантаў, яны разам рыхтавалі гэтае паўстанне, канспіратыўная кватэра, разам са сваёй каханай Марыляй Ямант. Ён называўся Яська-гаспадар з-пад Вільні. І ён быў там забыты. Разам са сваймі сябрамі. Разам з тымі паўстанцамі, якія разам плячо ў плячо ішлі разам з ім. І разам з імі ён быў кінуты ў яму на гары Гедыміна. Таму тут няма ніякай праблемы. Гэтая яго смерць, гэтая яго гісторыя, якая больш за сто гадоў пішацца, яна стала сакральнай. Гэта зʼява святая, і таму тут праблемы ніякай няма. Кастусь Каліноўскі, які кіраваў паўстаннем, які быў забіты разам са сваймі паўстанцамі павінен там і быць пахаваны. Толькі па-людску. Не так, як зрабілі ворагі. […]
– Прыхільнікі перапахавання парэшткаў Кастуся Каліноўскага ў Беларусі даводзяць у тым ліку, што гэты крок быў бы сігналам для Масквы, асабліва ў рамках так званай інтэграцыі.
– Гэта дзіцячая бздура. Справа ў тым, што такія пытанні, як перапахаванне, вырашаюцца толькі на дзяржаўным узроўні. Гэта не самадзейнасць. Таму гэтым чалабітнікам трэба было б звярнуцца да Лукашэнкі. Лукашэнка вырашыў бы гэтае пытанне. Гэты ўрад павінен звярнуцца да другога ўраду. А яны што, не разумеюць, дзе яны жывуць? Яны не разумеюць, хто ламаў крыжы ў народным мемарыяле ў Курапатах? Яны што, не разумеюць, што адбываецца? Што яны жывуць пад унутранай акупацыяй ужо 25 гадоў? […]
Працяг размовы – у сюжэце.