Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Светлагорск: улады маўчаць — людзі выходзяць на плошчу

26.09.2019 политика
Светлагорск: улады маўчаць — людзі выходзяць на плошчу

Вертыкаль пайшла на падман.

Калі ў Светлагорску, і без таго перагружаным хімічнай прамысловасцю, пабудавалі завод беленай цэлюлозы, была створаная ініцыятыўная група, каб супрацьдзейнічаць прадпрыемству ўсімі законнымі метадамі. Калі сітуацыя стала крытычнай, людзі ў верасні 2018 года выйшлі на цэнтральную плошчу, пiшуць Вадзім Больбас i Алена Маслюкова для «Новага Часу».

Было б банальным сцвярджаць, што ўлады імкнуцца дамінаваць над людзьмі. Так ва ўсім свеце. Але ў краінах з хоць крыху развітай дэмакратыяй улады размаўляюць, раяцца з грамадзянамі па важнейшых аспектах жыцця. На жаль, у нас не так. Прыклад гэтаму — Светлагорск, дзе ў і без таго перагружаным хімічнай прамысловасцю горадзе і раёне па рашэнні ўладаў пабудавалі яшчэ адно прадпрыемства — завод беленай цэлюлозы, ЗБЦ.

Звыклая яшчэ з савецкіх часоў да маўклівага падпарадкавання люду, мясцовая вертыкаль у студзені 2012 года правяла сход па абмеркаванні гэтага будаўніцтва. І памылілася! Людзі, што вольна прыйшлі на сход, не пагадзіліся з такім рашэннем. Ніхто з выступоўцаў, акрамя кіраўніцтва СЦКК, прадстаўнікоў галіновай навукі і маленькай купкі чыноўнікаў, не падтрымаў прапанову будаваць ЗБЦ. Найбольш кампетэнтныя і актыўныя ўдзельнікі сходу выступалі па два-тры разы, пісьменна тлумачылі ўсю магчымую шкоду ад будучага ЗБЦ пасля яго пуску — і для экалогіі, і для насельніцтва рэгіёна.

Тут жа была створаная ініцыятыўная група па супрацьдзеянні ўсімі законнымі метадамі і сродкамі будаўніцтву ЗБЦ. У групу ўвайшлі найбольш кампетэнтныя і актыўныя жыхары Светлагорска і вёскі Якімава Слабада, бо ЗБЦ планавалася будаваць літаральна побач з дамамі слабодцаў.

Але вертыкаль пайшла на падман (а калі казаць прама — на падлог). Праведзены сход абвясцілі «нерэлевантным», паколькі не вёўся пратакол.

Ініцыятыўная група сабрала больш за 10 тысяч (10191) подпісаў грамадзян горада і раёна супраць плануемага будаўніцтва. На подпісы людзей ні Адміністрацыя прэзідэнта, ні Савет міністраў, ні амбасада КНР не звярнулі ўвагі. Гэта яскравы прыклад стаўлення ўладаў да думкі грамадзян, бо кіраўніцтва лічаць тых не грамадзянамі, а падуладным насельніцтвам!

Мясцовыя чыноўнікі сабралі другі сход — залу запоўнілі прадстаўнікамі «ідэалагічнай вертыкалі», лаяльнымі кіраўнікамі дзяржаўных прадпрыемстваў і ўстановаў. Слова для «хваласпеваў» будучаму заводу давалася толькі кіраўнікам.

Таму і атрымалася тое, што сёння маецца ў рэгіёне: завод кітайцы «пабудавалі» такім, што здаць яго «пад ключ» не змаглі. Беларускія спецыялісты ні запусціць, ні наладзіць яго не ў стане. ЗБЦ нібыта працуе — смуродзіць штодня. Шкодныя выкіды метантыёлу і іншай сераарганікі не вымяраюцца па прычыне таго, што выкіды гэтых рэчываў не былі прадугледжаныя праектам, а кіраўніцтва ЗБЦ і канцэрна «Беллеспаперапрам» сцвярджае, што завод добры, і ніякага смуроду няма.

Усе — і хімікі, і папяровікі — ведаюць, што пры тэхналогіі, прынятай на ЗБЦ, меркаптаны ўтвараюцца абавязкова. Аднак ні канцэрн, ні кіраўніцтва завода, ні галіновая навука да гэтага не былі гатовыя. Сямі гадоў не хапіла ім для арганізацыі неабходных вымярэнняў. Да таго ж, у 2013 годзе была ліквідаваная лабараторыя аналітычнага кантролю пры Светлагорскай раённай экалагічнай інспекцыі. Светлагорцы перакананыя, што гэта зроблена знарок, каб людзі не ведалі, чым ім даводзіцца дыхаць. Арганізацыя вымярэнняў наўмысна зацягваецца, каб схаваць праўду пра тое, чым дыхаюць жыхары. Ці гэта не яскравы прыклад стаўлення і адносін да сваіх падуладных?

Людзі, што сістэматычна атручваюцца выкідамі з ЗБЦ, пачалі бараніць сваё права на чыстае паветра. Першыя масавыя пратэсты адбыліся ў вёсцы Якімава Слабада, калі з лістапада 2017 года наваколле пачаў накрываць невыносны смурод меркаптанаў. Светлагорскія экаактывісты пісалі скаргі ва ўсе інстанцыі, каб прыцягнуць увагу чыноўнікаў да вырашэння праблемы. Але ж адказы былі падобныя на адпіскі. Завод надзейна ахоўвае ўлада.

Сябры ініцыятыўнай групы з канца жніўня мінулага года пачалі падаваць заявы ў мясцовы райвыканкам, каб атрымаць дазвол на правядзенне мірных сходаў і мітынгаў. Аднак з дзесяці пададзеных заяваў ніводная не была задаволеная!

Калі сітуацыя стала крытычнай, людзі ў верасні 2018 года выйшлі на цэнтральную плошчу і правялі флэшмоб супраць шкодных выкідаў з ЗБЦ. Такім чынам яны хацелі прыцягнуць увагу да праблемы і рэалізаваць сваё права на жыццё ў спрыяльным навакольным асяроддзі, сваё права на мірныя сходы. Улады адказалі на такое «свавольства падуладных» сфабрыкаванымі справамі супраць грамадскіх актывістаў і адміністрацыйнымі штрафамі. Светлагорскі суд, што штрафаваў актывістаў, нават не палічыў неабходным даставіць на пасяджэнне сведкаў абвінавачвання (супрацоўнікаў міліцыі і райвыканкама).

Флэшмоб у Светлагорску.
Фота: «Радыё Свабода»

Не пагадзіліся светлагорскія актывісты і з беспадстаўнай забаронай правядзення мітынгаў. Усе дзесяць рашэнняў аб забароне былі абскарджаныя ў раённым, абласным і Вярхоўным судах. Неаднаразова падаваліся прапановы ў Светлагорскі раённы і Гомельскі абласны выканкамы па пашырэнні месцаў для правядзення масавых мерапрыемстваў, бо ў Светлагорску такое месца толькі адно — і тое на стадыёне «Папяровік». Пасля таго, як не атрымалася адстаяць сваё права на мірныя сходы ў беларускай судовай сістэме, актывісты звярнуліся па абарону сваіх правоў, гарантаваных міжнародным правам і Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, у Камітэт па правах чалавека ААН.

Прадстаўнікі грамадскасці працягваюць звяртацца ў кантралюючыя органы са скаргамі і патрабаваннямі кардынальнага вырашэння праблемы шкодных выкідаў з ЗБЦ, ездзяць на асабістыя прыёмы да чыноўнікаў абласных кантралюючых органаў, Мінпрыроды і Мінздароўя, падаюць іскі ў суд, выходзяць на цэнтральную плошчу кожную нядзелю, каб выказаць сваю нязгоду з пераўтварэннем Беларусі ў экалагічныя могілкі, прадэманстраваць салідарнасць з тымі, хто таксама адстойвае свае грамадзянскія і палітычныя правы.

Схільныя да разважлівасці грамадскія актывісты ламаюць галовы над тым, чым тлумачыцца такое паталагічнае нежаданне ўладаў усіх узроўняў размаўляць і раіцца з грамадзянамі па жыццёва важных для людзей пытаннях. Чаму ўсімі магчымымі і немагчымымі спосабамі ўлады імкнуцца ператварыць народ у безаблічную, бяздумную масу — насельніцтва?

Патлумачыць гэта можна толькі адным: феадальнай структурай уладнай вертыкалі. Кожны вертыкальшчык панічна баіцца праявіць ініцыятыву і самастойнасць. Як бы гэта не выклікала незадаволенасць больш высокага начальніка. Вертыкаль жыве паводле прынцыпу, што ўсялякая ініцыятыва павінна быць пакараная. Можа таму ўлады і не вырашаюць кардынальна экалагічныя праблемы ў Светлагорску, Брэсце, Наваполацку, Магілёве, Астраўцы — і наогул, паўсюдна, дзе такія сітуацыі ўзнікаюць з-за іх жа некампетэнтнасці.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]