Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Кадравая цвіль

27.09.2019 политика
Кадравая цвіль

Хэўра наменклатурных ветэранаў адчувае хуткі сыход?

Старажытнарымскі палітык, філосаф і прамоўца Цыцэрон сфармуляваў задачу надзеленага значнай уладай службоўца: «Ён абавязаны аберагаць жыццё і інтарэсы кожнага чалавека, адпавядаць высокім запатрабаванням суайчыннікаў-патрыётаў і цаніць дабрабыт грамадства вышэй свайго ўласнага».

Прайшло безліч часу, а запавет геніяльнага прадстаўніка чалавецтва застаецца актуальным. Мне думаецца, што ў многіх постсавецкіх краінах адной з прычын таптання на месцы ў палітыцы і эканоміцы, нізкага ўзроўню дабрабыту насельніцтва, вяртання архаічных метадаў кіравання, росквіту карупцыі стала жывучая, як пустазелле, старая наменклатура. Яе прадстаўнікі, губляючы прыстойнае чалавечае аблічча, быццам п’яўкі, чапляюцца за пасады. Пад іх крылом выраслі новыя наменклатурныя прыстасаванцы.

Пасля краху СССР у суверэнных рэспубліках трэба было правесці люстрацыю, пазбаўленне ад «замшэлых» кадраў. Многія начальнікі з улікам ідэалагічнай загартоўкі, сумніўных адукацыйных, дзелавых і маральных якасцяў проста не маглі працаваць у дэмакратычных і рынкавых умовах. Большая частка наогул займалася прыхаваным або адкрытым сабатажам новага кірунку развіцця.

У пытанні правядзення люстрацыі я не згодзен з меркаваннем былога дысідэнта, выдатнага журналіста і палітычнага дзеяча Польшчы А. Міхніка, які безапеляцыйна яе адмаўляе. Разумна праведзенае ачышчэнне кіруючых кадраў ад атрутнай «цвілі» дае магчымасць будаваць новае жыццё з меншымі перашкодамі. Безумоўна, праводзіць яго трэба з улікам праўдзівых фактаў, справядліва, без аплёўвання незаплямленых людзей. Але прыкінем, што было б з Германіяй, калі б у ёй пасля гітлераўскага праўлення не здзейснілі люстрацыі? А што паказвае драматычны вопыт Украіны, дзе старая наменклатура супраціўляецца прагрэсіўным пераменам? Ды і Польшча без люстрацыі не выйшла б на шлях дэмакратыі і эфектыўнага гаспадарання.

Кадравая цвіль — распаўсюджаная хвароба дзяржаў, дзе да вышэйшай улады прарываюцца «паталагічныя начальнікі», якія ні ў чым не выявілі здольнасцяў, а толькі любяць камандаваць і павучаць, а затым слухаць усхваленне сваёй «геніяльнай» дзейнасці. У рознай ступені, з мясцовымі нюансамі, але такое нездароўе закранула Расію, Казахстан, Азербайджан, Узбекістан, Туркменістан, Таджыкістан, Арменію, Малдову.

У Беларусі пасля перамогі на прэзідэнцкіх выбарах былога дырэктара саўгаса партыйна-савецкая наменклатура перабегла на яго бок, пачала падтрымліваць аўтарытарызм, лісліва дагаджаць ва ўсім. Разам з правіцелем яна не дапусціла, каб на адказныя пасады прыйшлі таленавітыя людзі з дэмакратычнымі поглядамі, знаёмыя з перадавым замежным вопытам.

З таго часу дзяржава працуе на стварэнне ўяўнага знешняга выгляду, на патрэбы кіруючага клана і яго абслугі, а не на вынік, які карысны для ўсяго грамадства. Аналагічную сітуацыю абмалявала амерыканская пісьменніца Д. Леон: «…Мільгалі адны і тыя ж морды, гучалі адны і тыя ж абяцанні пасля адных і тых жа падзей. Зрэдку ў гэтым балагане з’яўляліся новыя дзейныя асобы, але часцей — новыя званні і тытулы перад прозвішчамі ўсё тых жа фігурантаў.

Штрыфелі іх пінжакоў разрасталіся або ўсыхалі паводле патрабаванняў моды, але ў першым радзе каля карыта таўкліся ўсё тыя ж свіныя рылы».

Асобы з атачэння ўзурпатара ўлады і іншыя высокапастаўленыя чыноўнікі, якія бясконца тасуюцца-мяняюцца, не нясуць нічога новага. Яны — вытворцы не карысных ідэй, а ялею і падхалімажу. У той жа кагорце і прыгажуні з «гарбузовага эскорту», спадарожніцы на відовішчах, балях, у вандроўках. Відаць, свежая кроў няблага працуе на ўздым жыццёвага тонусу правіцеля.

Стыль працы як старых, так і новых дзяржаўных службоўцаў, якія пры аўтарытарызме сталі кадравай цвіллю, паказальны. Расійскі чыноўнік публічна прызнаўся: «В конечном итоге, лучше всего не двигаться с места. Не делать ничего ни плохого, ни хорошего».

Думаю, што гэта быў бы найлепшы варыянт паводзін для «афіцэраў і салдат» аўтарытарызму. Але ж сістэма нацэльвае іх на халуйства, ды і самім хочацца выслужыцца. Таму яны не сядзяць спакойна, разам з махлярствам, крадзяжамі выяўляюць ліслівую, дурную ініцыятыўнасць, робяць глупства за глупствам.

Насельніцтва, замбіраванае страхам і абяцанкамі лепшага жыцця, ставіцца да начальніцкага абсурду паблажліва — маўчыць або лаецца на кухнях. Журналістка, якая перамагла на выбарах у Маскоўскую гарадскую думу, заявіла: «У нас еще чудовищно незрелое гражданское общество».

Я не сказаў бы, што стан палітычнай і грамадзянскай спеласці жыхароў Беларусі значна вышэйшы. Супраціў уладнаму цемрашальству і гвалту трымаецца на смелых і мужных людзях. А большасць грамадзян здольная толькі на з’едлівыя каментары.

Стаю ў чарзе ў булачнай, чую размову двух мужчын. Маладзейшы кажа: «Згадаў начальніцкі бамонд і прыкінуў: колькі ж засталося з савецкай наменклатуры? Пачаў пералічваць і жахнуўся. Усім даўно пара на пенсіі лавіць рыбу або варыць баршчы, а яны кіруюць». Старэйшы хмыкнуў: «Так і паслухалі цябе! Сапселая начальніца, якая мае катэдж, нядаўна хапанула яшчэ ўчастак, распачала будоўлю. Хэўра наменклатурных ветэранаў адчувае сыход, а таму грабе на ўсю катушку!»

Мне давялося працаваць у «высокім доме» (так называлі ЦК КПБ) з 31 да 40 гадоў, сем гадоў быў самым маладым супрацоўнікам. Што б ні казалі ў абарону кадраў з зашмальцаванымі ад сядзення на высокіх крэслах штанамі і спадніцамі, бо «стары конь баразны не сапсуе», але я з вышыні ўзросту і вопыту кажу: кожны перыяд жыцця народа абавязкова патрабуе сваіх маладых, адукаваных, ініцыятыўных кіраўнікоў.

Адкрытыя і сумленныя прэзідэнцкія выбары ва Украіне далі магчымасць стварыць новы Кабінет міністраў, у якім сярэдні ўзрост — 39 гадоў. Зычу ім удачы…

Мой роздум пачаўся з цытавання Цыцэрона. Працы мудрага філосафа карысна пачытаць А. Лукашэнку і У. Пуціну, бо яны тычацца канкрэтна іх: «…Звычай выяўляць дабрыню я стаўлю значна вышэй шчодрасці пры наладжванні відовішчаў. Першы ўласцівы людзям строгіх правілаў і вялікім, а другая — лісліўцам перад народам, якія быццам бы казычуць асалодай пачуцці нізкіх інстынктаў натоўпу»; «…Пры кожным выкананні дзяржаўнай задачы і абавязку самае галоўнае — пазбегнуць нават самай малой падазронасці ў сквапнасці».

Лёс Цыцэрона пераклікаецца з трагічным знікненнем перспектыўных маладых палітыкаў Беларусі і Расіі. Ён быў забіты прадстаўнікамі другога трыумвірату, якія імкнуліся да неабмежаванай улады...

Не хачу агулам залічваць у рэтраграды ўсіх чыноўнікаў, бо сярод іх ёсць адукаваныя і здольныя людзі. Але аўтарытарны лад не дазваляе ім выявіцца, таму і яны служаць не прагрэсу, а паўзучай дэградацыі. Расійскі публіцыст В. Косцікаў кажа: «Дело в политической системе, которая поставляет стране заплесневевший кадровый продукт».

Адзінаўладдзе разбурае нармальны лад жыцця. У ідэале краінай павінен кіраваць адукаваны, здольны, сумленны чалавек з камандай аднадумцаў-прафесіяналаў, якія прапануюць народу зразумелую, разумную праграму палітычнага, эканамічнага і сацыяльнага развіцця і працуюць дружна, без чынашанавання.

Сяргей Законнікаў, sn-plus.com

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]