Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Хопіць гуляць у «жмуркі»!

04.10.2019 политика
Хопіць гуляць у «жмуркі»!

Толькі народ здольны абараніць уласную свабоду і чалавечую годнасць.

Новая хваля інтэграцыйнай валтузні паміж Масквой і Мінскам змушае ўспомніць крылаты выраз экстравагантнага, парадаксальнага, няскладнага, алагічнага ў гаворцы былога расійскага прэм’ер-міністра В. Чарнамырдзіна: «Никогда не было, и вот опять».

Пасля масіраванай прапагандысцкай апрацоўкі беларускія пенсіянеры на лавачках у скверах і частка іншых жыхароў краіны шмат гадоў горача, ледзь не да боек, абмяркоўвалі расійска-беларускую інтэграцыю, расхвальвалі на ўсе лады А. Лукашэнку за хітрае «даенне» Расіі, за кошт чаго папаўняецца бюджэт, выплачваюцца зарплаты і пенсіі. Аптымістычнага настрою не было ў нацыянальна свядомых, палітычна адукаваных беларусаў, якія змалку саромеюцца нахлебніцтва, бо бацькамі навучаны жыць з суседзямі дружна, але не выпрошваць дармаўшчыну, заўжды есці сумленна зароблены хлеб. Ім было ясна, што рана ці позна, ды ратавальная вяровачка, кінутая першым прэзідэнтам Расіі Б. Ельцыным, абавязкова завяжацца ў пельку-удаўку.

Але паступова па розных прычынах вострыя баталіі суцішыліся, інтэграцыя ўвайшла ў вялую фазу. Палітычна-эканамічны бартэр паміж краінамі, хоць і са скандаламі, няспынна працягваўся і задавальняў усіх. Звычайныя расіяне і беларусы на праблему інтэграцыі махнулі рукой. Ім хапае ўласных клопатаў, бо трэба ў цяжкіх умовах зарабляць грошы, фізічна выжываць.

Інтэграцыйны сверб даймае толькі кіраўніцтва імперскай Расіі, а яшчэ высокіх начальнікаў Беларусі, бо палітычны, фінансавы і матэрыяльны «навар», якім яны напоўніцу карыстаюцца, у значнай меры плыве да іх з Усходу. Цяпер палітычныя і эканамічныя абставіны прыпёрлі суседзяў да сцяны, таму пытанне больш цеснага саюза зноў вылезла на паверхню.

Пуцінскай Расіі патрэбен сам факт актывізацыі інтэграцыйных працэсаў з Беларуссю, бо яна звыкла лічыць адзінымі перамогамі — пашырэнне любымі спосабамі (часцей ваеннымі!) уласных тэрыторый. Наша краіна засталася для яе «последним союзником», дзе да таго ж мае значны ўплыў і моцныя пазіцыі «русский мир». Таму абсалютна не выключана, што ў перспектыве плануецца і поўнае падпарадкаванне суседкі. Пра нахабныя паводзіны правіцеляў, якія саманадзейна бачаць сябе значнымі героямі ў сусветнай палітыцы, слушна сказаў расійскі літаратар Д. Быкаў: «А постсоветские руководители, будем честны, не имеют и тех немногих предрассудков и моральных ограничений, которые были у советских. Нынешним все равно, что о них подумают. Они уверены, что в истории остаются только территориальные завоевания».

А. Лукашэнку, якому не ўдалося прарвацца ў маскоўскі Крэмль на трон, паглынанне Беларусі цяпер не патрэбна, таму былы «вялікі інтэгратар» крычыць пра тое, як шануе незалежнасць і не здасць яе. Але ён не такі ўсясільны, як многім гэта здаецца. Калі расійскі кіруючы клан эканамічна загоніць Беларусь у куток, амбітны індывід, хоць і паталагічна зацыклены на ўладзе, ды будзе вымушаны паступіцца важнымі атрыбутамі суверэннасці. Распіяраная «вагомасць» беларускага правіцеля як палітыка трымаецца ў першую чаргу на расійскай «халяве». Дакладна і даходліва выказалася расійскі аглядальнік Ю. Латыніна: «Между Россией и Беларусью всегда существовала только экономическая интеграция. И она была в одни ворота. Она позволяла Беларуси жить за счет ренты, иногда за счет нефтяного арбитража, в последнее время — за счет «белорусских» креветок и пармезана. /…/ Это неплохая с точки зрения авторитарного правителя ситуация».

Але лафа заканчваецца. У Расіі дэталі праекта новай дамовы нядаўна выйшлі з засакрэчанасці і выразна паказваюць, што пелька на горле нашай незалежнасці сціскаецца. Час доўгай бесклапотнасці і наплявацельства скончыўся. Прытым у першую чаргу ён скончыўся не для правіцеля, чыноўнікаў, парламентарыяў, сілавікоў і прыўладных бізнесоўцаў, якім выгадна і не сорамна быць нахлебнікамі, а для мільёнаў простых людзей як у Беларусі, так і ў Расіі.

Мне здаецца, што беларусам і расіянам было б лагічна і правільна, перш чым сціскаць адзін аднаго ў абдымках, азірнуцца вакол сябе і задумацца над тым, у якіх краінах яны жывуць. Няўжо за доўгія гады аўтарытарызму не стала ясна, што ўлада, нягледзячы на фанабэрыстасць, пыху і гэтак званую «харызму» двух правіцеляў, на жорсткае сілавое забеспячэнне і татальны кантроль за грамадзянамі, выявіла сябе некампетэнтнай і неэфектыўнай, эканоміка — тэхналагічна неразвітай, сацыяльная сфера — вельмі беднай і абсалютна несправядлівай?

Мы — дзіўныя людзі. Хочам жыць у стабільным дастатку, як жыхары цывілізаваных краін Захаду, але ўдзельнічаць у палітычных, грамадскіх і сацыяльных працэсах не жадаем. Самі аддаем важную сферу на воткуп жменьцы прагматычных дзялкоў, якія з задавальненнем ёю карыстаюцца.

Мы гуляем у «жмуркі», ходзім па жыцці з заплюшчанымі вачыма. Нічога не хочам бачыць і ведаць, але нешта жадаем ухапіць за хвост, прыдбаць.

Працэс інтэграцыі Расіі і Беларусі — гэта таксама гульня ў «жмуркі». Многія мясцовыя і замежныя эксперты сёння спакойна кажуць, што новае прыспешванне нічым не пагражае незалежнасці Беларусі. У мяне на гэты конт іншае меркаванне. У пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя ў сваіх артыкулах у друку, у выступленнях па тэлебачанні і радыё я папярэджваў суайчыннікаў, што палітычная блізарукасць і грамадзянская абыякавасць мільёнаў могуць ператварыць Беларусь у «бананавую рэспубліку», як гэта неўзабаве і адбылося.

Зацяжная гульня ў інтэграцыйныя «жмуркі» небяспечная тым, што яна расслабляе і прытупляе пільнасць нават патрыятычных грамадзян. Не дай Бог, калі аднойчы мы прачнемся раніцай, і на табе — за вакном трыкалор, двухгаловы арол і гімн, пераліцаваны класічным кан’юнктуршчыкам С. Міхалковым з савецкага на расійскі...

Я згодзен, што трэба быць аптымістам. Але гэта не азначае чаканне і бяздзейнасць. Усе патрыятычныя сілы, якія ёсць у Беларусі (партыі, рухі, грамадскія аб’яднанні), павінны засыпаць адміністрацыю прэзідэнта зваротамі з патрабаваннем апублікаваць канчатковы тэкст праекта абноўленай інтэграцыйнай дамовы паміж Расіяй і Беларуссю і наладзіць яго ўсенароднае абмеркаванне. Хопіць гуляць у «жмуркі»!

Чарговая дэмагогія ўзурпатара на сустрэчы з украінскімі журналістамі пра тое, што ён не трымаецца за ўладу, выклікала ва ўсіх адэкватных людзей рогат. Гэта сказана тым, хто прымусіў замбіраванае насельніцтва памяняць артыкул Канстытуцыі і цяпер штораз цынічна наладжвае нелегетымнае «перавыбіранне», а затым пахваляецца сваім доўгажыхарствам на троне.

Падтрымліваць далей аўтарытарызм — гэта недаравальнае злачынства, вялікая віна перад будучыняй нашых дзяцей, унукаў і праўнукаў. Такое разуменне павінна нарадзіцца ў душы кожнага грамадзяніна Беларусі, які сапраўды цэніць незалежнасць, сваю гісторыю, родную мову і культуру, традыцыі, які не раскрадае агульнанароднае багацце, а сумленнай працай гатовы мацаваць не толькі ўласны дабрабыт, але і любімую Айчыну.

Адзін індывід, маючы абсалютную ўладу, можа здаць незалежнасць краіны, але яе ўратаваць яму не па сілах. Толькі народ здольны абараніць уласную свабоду, нацыянальную і чалавечую годнасць.

Сяргей Законнікаў, sn-plus.com

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]