Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Прыклад змагання за суверэнітэт

04.10.2019 политика
Прыклад змагання за суверэнітэт

Беларускае грамадства прэвентыўна пачало самаарганізоўвацца.

Міністр замежных справаў Уладзімір Макей у апошнія дні даў некалькі рэзанансных інтэрв’ю ўплывовым расейскім і заходнім СМІ, у якіх абазначыў «чырвоную лінію» інтэграцыі.

З ягоных выказванняў вынікае, што Масква павінна забыць пра размяшчэнне ваеннай базы на тэрыторыі Беларусі, паколькі ў гэтым няма «ані практычнага, ані палітычнага, ані ваеннага сэнсу».

Акрамя гэтага, ён прама заявіў, што ніякіх «палітычных момантаў, звязаных са стварэннем федэрацыі, канфедэрацыі там няма і не будзе». Здаецца, такая пазіцыя мусіць закрыць тэму, раз і назаўсёды супакоіць «алармістаў». Аднак, як той казаў, д’ябал хаваецца ў дэталях. У больш разгорнутых фармулёўках спадар міністр гаворыць, што «перад тым як пачынаць паглыбленую інтэграцыю, трэба вырашыць актуальныя праблемы, а гэта: «падатковы манеўр, ліквідацыя перашкодаў у пастаўках прамысловых тавараў і сельскагаспадарчай прадукцыі».

То бок, уся незалежніцкая рыторыка перакрэсліваецца пытаннямі доступу на расейскі рынак і атрымання нафтавых бонусаў. Адсюль вынікае, што размовы пра сакральнасць суверэнітэта – гэта ўсяго толькі аргумент для ўзмацнення пазіцыі напярэдадні гаспадарчых спрэчак з РФ.

Такія паводзіны прадстаўнікоў эліт і засакрэчаныя дэталі дакументаў, якія будуць прапанаваныя для падпісання кіраўнікам дзяржаваў 8 снежня 2019 года, сапраўды не могуць не выклікаць насцярожанасць.

Беларускае грамадства прэвентыўна пачало самаарганізоўвацца ў справе абароны суверэнітэта. На гэты момант самымі заўважнымі выглядаюць дзеянні групы беларускіх інтэлектуалаў, якія аб’ядналіся вакол ініцыятывы “Свежы вецер”.

Для прасоўвання гэтай ініцыятывы выкарыстоўваюцца цікавыя напрацоўкі, сярод якіх:

– сайт Канстытуцыя.бел, які на папулярнай мове тлумачыць наведнікам, чаму страта незалежнасці – гэта кепска;

– праграмны дадатак для смартфонаў з аднаўленнем стужкі навінаў і запісам патэнцыйных валанцёраў;

– допісы папулярных блогераў у «Фэйсбуку»;

– відэазвароты вядомых беларусаў, якія выказваюцца ў падтрымку незалежнасці;

– звароты ва ўстаноўленым законам парадку да афіцыйных асобаў.

За некалькі тыдняў працы кампаніі «Свежы вецер» да яе далучылася больш за 2 тысячы віртуальных сябраў, што можна лічыць неблагім вынікам.

Аднак гэтая кампанія мае таксама шэраг пэўных недахопаў, якія ўказваюць на тое, што ў камандзе «Свежага ветру» не хапае людзей з мысленнем рэкламшчыкаў. Па-першае, назва ініцыятывы «Свежы вецер» ніякім чынам не асацыюецца з пагрозай страты суверэнітэту. Па-другое, канцэнтрацыя выключна на негатыве ад паглынання Беларусі Расеяй таксама не здольная пашырыць кола прыхільнікаў. Адпаведна, для назвы кампаніі варта выбраць ёмісты слоган з пісьменным лагатыпам. Для папулярызацыі сваіх ідэй варта было б больш увагі надаваць пазітыўным момантам, звязаным з гісторыяй незалежнай беларускай дзяржавы.

Прыводжу на ўскідку прыклады, якія пойдуць на «ўра» ў беларусаў розных палітычных поглядаў, канфесій і моўных прыхільнасцей: «Незалежнасць – гэта поспех беларускай алімпійскай зборнай на алімпіядзе ў Лілехамеры ў 1994 годзе… Незалежнасць – гэта рэкорды Віталя Гуркова… Незалежнасць – гэта нобелеўскі лаўрэат Святлана Алексіевіч… Незалежнасць – гэта сусветна вядомая гульня «World of tanks»…

І далей у такім жа рэчышчы.

Для авалодання масавымі настроямі патрэбна намаляваць перад людзьмі даступную і прыцягальную карцінку перспектывы развіцця ў вольнай і незалежнай краіне, як тое было зроблена апанентамі чылійскага дыктатара Аўгуста Піначэта ў 1988 годзе. Гэты падыход цудоўна адлюстраваны ў таленавітай мастацкай стужцы «Не» рэжысёра Пабла Ларраіна 2012 года выпуску. У фільме апавядаецца пра тое, як пад ціскам міжнароднай супольнасці Піначэт пагадзіўся прадаставіць апазіцыі тэлеэфір працягласцю ў 15 хвілін у начны час. Замест расповедаў пра жахі дыктатуры, пра што і так ведалі ўсе чылійцы з маленства, стваральнікі роліка засяродзіліся на пазітыве. І перамаглі.

Чым не прыклад для прыхільнікаў незалежнасці Беларусі?

Мікола Бянько, «Радыё Рацыя»

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]