Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Чалавек нараджаецца свабодным

11.10.2019 политика
Чалавек нараджаецца свабодным

У Беларусі і Расіі нараджаецца «грамадзянскі цуд».

Падзеі апошняга часу змусілі праваабаронцаў, журналістаў, юрыстаў, псіхолагаў звярнуць пільную ўвагу на метады і спосабы падтрымання грамадскага парадку сілавікамі Беларусі і Расіі. Без асаблівай ахвоты, але ў абмеркаванні важнай праблемы нарэшце пачалі ўдзельнічаць і чыноўнікі.

У 90-х гадах ХХ і напачатку ХХІ стагоддзя з пасведчаннем журналіста я быў на многіх пратэстных акцыях, дзе давялося вырываць з лапаў амапаўцаў дзяўчат і юнакоў, якія прыходзілі не на маніфестацыі, а траплялі «пад раздачу» выпадкова — проста гулялі або вырашылі глянуць: што ж тут будзе? Дагэтуль памятаю неперадаваемы спалох, разгубленасць і адчай на юных абліччах.

Практыка татальных сілавых «зачыстак» на тэрыторыях, дзе адбываюцца пратэстныя акцыі, у Беларусі і Расіі працягваецца і набыла яшчэ большую агрэсіўнасць.

Мне даводзілася прысутнічаць на палітычных і сацыяльных маніфестацыях у Францыі, Германіі, Швейцарыі, Італіі. Там паліцыя ўмее ўсміхацца і ветліва размаўляць з насельніцтвам. У нас жа людзі ў пагонах дзейнічаюць вельмі груба і жорстка.

Адкуль такая зацятая варожасць і нянавісць да свайго народа? Адказ на паверхні: так іх вучаць у аўдыторыях, на палігонах і на інструктажах пры падрыхтоўцы да «разгонных операций».

У аўтарытарных Беларусі і Расіі народнае патрабаванне правядзення адкрытых, сумленных выбараў лічыцца «преступной деятельностью», а мірныя пратэстныя акцыі — «массовыми беспорядками». З дазволу ўлады, напалоханай пашырэннем грамадзянскай актыўнасці, сілавікі канчаткова звярэюць.

Прыклады неадэкватных паводзін амапаўцаў у Беларусі нам вядомыя. А не так даўно ўвесь свет абляцеў відэасюжэт пра тое, як у Маскве «блюститель порядка» б’е кулаком у жывот праваабаронцу, маладую жанчыну Д. Сасноўскую. Для іх няма розніцы, хто трапіў пад руку: падлетак, інвалід, стары чалавек, жанчына.

Акрамя таго, цэлыя арміі спецыяльна навучаных нахлебнікаў у Беларусі і Расіі займаюцца падрыхтоўкай і ажыццяўленнем правакацый, каб затым абвінавачваць дэмакратычную апазіцыю. Улада і сілавікі самі радыкалізуюць грамадства, выклікаюць абурэнне, злосць і нянавісць нават звычайных людзей, якія далёкія ад палітыкі.

Пасля пратэстных акцый у сувязі з выбарамі ў Маскоўскую гарадскую думу ў інтэрнэце папулярнымі каментарамі былі такія: «Согнали со всей России дикое количество ментов, их десятки тысяч», «Избивают до полусмерти беззащитных и безоружных людей», «На этот раз было спокойно, потому что менты не вмешивались».

Вядомы расійскі кінарэжысёр А. Сакураў кажа: «Я не вижу политического диалога в России. Вижу только ожесточение и озлобление. Оно происходит со всех сторон. Это проблема сугубо политическая и доверять её решать силовым структурам абсолютно неправильно».

Але аўтарытарныя правіцелі думаюць інакш. Яны забралі ролю народа сабе, а грамадзян зрабілі простымі статыстамі або назіральнікамі свайго агрэсіўнага абсалютызму. Іх улада фактычна грунтуецца на бюракратычным апараце і сілавых структурах. А. Лукашэнка і У. Пуцін пастаянна трымаюць у стрэсавым стане кіраўнікоў спецслужбаў, дзейнічаюць метадам «бізуна і перніка».

Акрамя прывілей для асабовага складу сілавікоў, няспынна ўмацоўваецца матэрыяльна-тэхнічная база. Для «ослепления и оглушения» пратэстуючых ужываюць браніраваныя машыны і спецыяльныя сістэмы з лазернымі выпраменнікамі, святло-шумавыя гранаты, электрашокеры, балончыкі з газам.

У Беларусі звесткі строга засакрэчаны, а суседзі лічбаў не хаваюць. Экіпіроўка расійскага амапаўца каштуе больш чым 90 тысяч рублёў. Расгвардыя ў 2018 годзе закупіла такую амуніцыю на 4 мільярды рублёў.

Думаю, што наспела патрэба разгледзець прававы бок супрацьстаяння на пратэстных акцыях. Чаму пануе няроўнасць і несправядлівасць? Мірнага, безабароннага чалавека, які выступае супраць беззаконня ўлады, можна біць у жывот, па галаве, ламаць рэбры, наносіць амаль смяротныя траўмы, рабіць калекам, а спецыяльна падрыхтаваныя да збіцця, накачаныя амбалы хаваюцца за бронежылетамі, каскамі, шчытамі.

Маючы вялікі арсенал траўміруючых спецсродкаў, ахоўнікі парадку павінны ўжываць яго толькі ў патрэбны момант, абыходзіцца акуратна. Кожны выпадак неправамернай жорсткасці трэба разглядаць у судовым парадку і караць вінаватых, каб іншыя не лютавалі.

Я мяркую, што «мажным дзецюкам» з пагонамі ад прапаршчыка і да палкоўніка, якія разганяюць людзей на вуліцах і плошчах, узурпатары ўлады плацяць неблагія грошы не столькі за небяспечную працу, бо маніфестанты звычайна паводзяць сябе мірна і спакойна, як за згрызоты сумлення. Не ўсе ж яны паталагічныя садысты і вычварэнцы, у многіх нешта добрае ў душы ёсць. Вось і даводзіцца ім круціцца паміж двух агнёў!

З другога боку, беларусы і расіяне дэманструюць, што можна адначасова ненавідзець і любіць аўтарытарную ўладу. Увогуле, я часта задумваюся над тым, наколькі заблытаным, складаным і непрадказальным стварэннем выступае ў сваіх паводзінах чалавек.

Насельніцтва вызваленых ад таталітарызму, незалежных Беларусі і Расіі ў вызначальны час не знайшло ў сабе грамадзянскай адказнасці, маральных сіл, каб выявіць самастойнасць і зажыць прыстойна, само аддало за пустыя абяцанкі належачыя яму дзяржавы ў рукі аўтакратаў, а цяпер пакутліва паўзе з гвалту на волю.

Многія грамадзяне палітычна неадукаваныя, яны не разбіраюцца, чым адрозніваюцца і што даюць мясцовыя, парламенцкія, прэзідэнцкія выбары, а толькі па інерцыі ходзяць на ўчасткі і галасуюць за таго, каго ім падсунуць. Але калі чалавека дубасяць дубінкай толькі за тое, што выйшаў у людской грамадзе на абарону справядлівасці, то ён хутка пачынае разумець «адкуль ногі растуць». Меркаванне абываталяў «у нас проста так не садзяць» даўно змянілася на супрацьлеглае — «у нас садзяць ні за што».

Лозунг аўтакратаў «Пусть ненавидят, лишь бы боялись!» састарэў, ён быў прыдатны для старэйшых пакаленняў, якія раслі пры сталінскай тыраніі і брэжнеўскім «мяккім таталітарызме».

На сучасную моладзь нагнятанне страху не дзейнічае зусім або толькі часткова. Не ўсе яе прадстаўнікі становяцца закончанымі прыстасаванцамі, многія шукаюць лепшую долю ў іншых краях, а самыя смелыя змагаюцца за дэмакратычныя перамены.

Тупое запалохванне не спрацоўвае. На месца пакалечаных, пасаджаных у турмы або выгнаных за мяжу становіцца яшчэ больш барацьбітоў. Каб іх разганяць, трэба шмат новых «касманаўтаў», засакрэчаных людзей у чорным і ў масках. Так замыкаецца кола.

Працэс можа прывесці да таго, што з цягам часу спыніцца вытворчасць, рухне эканоміка, бо працаваць стане некаму. Як было не раз, незлічоная арда чыноўнікаў і апрычнікаў паглыне самі аўтарытарныя дзяржавы.

Але, на шчасце, у Беларусі і Расіі нараджаецца «грамадзянскі цуд». Ён не прыйшоў сам сабою. Яго рыхтавалі тысячы сумленных, мужных людзей, якія не баяліся гаварыць праўду і цвёрда стаяць за яе тады, калі прагматычная большасць сагнула галовы, палахліва маўчала, цягала ў свае норы вагомыя або сціплыя прыпасы...

Асабіста я мяркую, што заўжды трэба служыць галоўнай ісціне: чалавек нараджаецца свабодным, такім ён павінен заставацца праз усё жыццё.

Сяргей Законнікаў, sn-plus.com

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]