Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Нязломны Урублеўскі і пярсцёнак Серакоўскага

13.10.2019 общество
Нязломны Урублеўскі і пярсцёнак Серакоўскага

Лёсы паўстанцкіх камандзіраў Каліноўскага.

Вызвольнае паўстанне 1863–1864 гадоў было адным з нешматлікіх ва ўсёй гісторыі ХІХ стагоддзя прыкладаў, калі найлепшыя людзі паняволенага народа паўсталі супроць велізарнай імперыі. Яны самаахвярна баранілі сваю чалавечую і нацыянальную годнасць, змагаліся за незалежнасць і вяртанне з імперскай «турмы народаў» у Еўропу, да якой спрадвеку належала Вялікае Княства Літоўскае.

Цэлы год аддзелы каліноўцаў, якім не хапала зброі ды вайсковага досведу, супроцьстаялі ў шмат разоў большай і выдатна ўзброенай царскай арміі. Гэта стала магчымым не толькі дзякуючы гераізму паўстанцаў, але і таму, што нашых ваяроў разам з Кастусём Каліноўскім узначальвалі адважныя і адданыя справе камандзіры. Многія з іх мелі вайсковы талент і добрую вайсковую падрыхтоўку, маглі высока падняцца па царскай службовай лесвіцы, аднак абралі шлях барацьбы за вольную будучыню роднай зямлі. Бальшыня паўстанцкіх камандзіраў загінула ў баях, на расейскіх шыбеніцах ці на катарзе, астатнія мусілі пакінуць Айчыну.

Нязломны Урублеўскі

Адзін з найбліжэйшых паплечнікаў Каліноўскага нарадзіўся ў мястэчку Жалудок на Гарадзеншчыне. Бацька будучага героя Антон доўга быў ляснічым у прынёманскіх пушчах і перадаў сыну любоў да лесу. Пасля Віленскай гімназіі Валер Урублеўскі паступіў вучыцца ў Пецярбургскі лясны інстытут.

Валер Урублеўскі

Яшчэ ў гімназічныя гады Урублеўскі стаў перакананым патрыётам роднага краю. Вялікі ўплыў на юнака меў віленскі дзядзька Яўстах. Ён часта пераапранаўся са шляхецкага адзення ў сялянскую світку і вандраваў па навакольных вёсках, быў улюбёны ў беларускую мову і народныя песні, што любіў спяваць сваякам і сябрам. Царскія ўлады абвінавацілі дзядзьку Яўстаха ў спробе стварыць таемную арганізацыю і прысудзілі яму сібірскую катаргу. Валер запомніў дзядзьку і яго спевы на ўсё жыццё. Некаторыя даследчыкі лічаць, што гэта сам Урублеўскі склаў пазней песню, якую ў змагарным 1863-м зноў і зноў заводзілі на паўстанцкіх маршах і прывалах:

Ах ты мая чарнабрыва,

Будзь здарова і шчасліва!

Люблю цябе, любіць буду

І ніколі не забуду!

Ой, у хаце не астацца,

Калі трэба ісці драцца…

У Пецярбурзе студэнт Урублеўскі ўступіў у нелегальны гурток на чале з афіцэрамі Зыгмунтам Серакоўскім і Яраславам Дамброўскім. Яны ўхвалілі тое, што Валер добра знаецца ў тапаграфічных картах, надзіва трапна страляе і ўпэўнена валодае шабляй. Гэтыя здольнасці маглі вельмі спатрэбіцца ў час збройнага змагання. На адным з паседжанняў адбылося знаёмства Валера з землякамі — Віктарам і Кастусём Каліноўскімі.

Сябры па барацьбе былі радыя, што Урублеўскі атрымаў пасля інстытута прызначэнне ў егерскую вучэльню ў Саколцы, паблізу ад Белавежскай пушчы. Вучэльня рыхтавала лясных аб’ездчыкаў і егераў-паляўнічых. Гэта давала добрыя магчымасці для падрыхтоўкі будучага паўстання, пагатоў Валер праз некалькі гадоў стаў загадчыкам навучальнай установы. Сялянскія юнакі, скончыўшы егерскую навуку, раз’язджаліся па розных кутках краю з пасеянымі ў душы зернямі вальнадумства і вызвольных ідэяў. Шмат хто вёз з сабой і «Мужыцкую праўду», у выданні якой браў удзел Валер Урублеўскі.

Напярэдадні збройнага выступу Урублеўскага прызначылі паўстанцкім начальнікам Гарадзенскай губерні. Разам з Каліноўскім ён належаў да «чырвонага» лагера, што змагаўся не за Рэч Паспалітую, а за незалежную Літву-Беларусь. У першыя ж дні паўстання Валер ужо вёў сваіх ваяроў у бой у Сакольскай пушчы. Ягоныя падначаленыя пазней вызвалілі Ружаны і не раз выходзілі пераможцамі ў сутычках з карнікамі.

Урублеўскі тройчы асабіста вадзіў сваіх людзей у атаку на расейцаў у адным з баёў у Ружанскай пушчы. На парадзе ўсіх паўстанцкіх сілаў Гарадзеншчыны, які адбыўся ў тых самых лясах, свайму камандіру салютавалі шэсць тысяч змагароў. Паўстанская прэса паведамляла пра шэсць тысяч штыкоў, але насамрэч большасць паплечнікаў Урублеўскага тады былі ўзброеныя ўсяго толькі косамі. Як і Каліноўскі, Валер у тую змагарную вясну часта ўручаў героям баёў галінкі каліны з белымі кветкамі.

Імя Урублеўскага ведаў увесь наш край. Генерал-губернатар Мураўёў-Вешальнік стварыў для яго захопу адмысловую групу, але ўсе ейныя намаганні былі марныя, хоць некалькі разоў пашыраліся чуткі пра смерць камандзіра. Увосень Валер перавёў свае аддзелы на зімоўку ў Польшчу. Аўтарытэт Урублеўскага быў такі вялікі, што яго прызначылі вайсковым начальнікам адразу двух ваяводстваў: Люблінскага і Падляшскага. На пачатку 1864-га Валер пад Люблінам трапіў у засаду кубанскіх казакоў і быў цяжка паранены, але сябрам удалося вывезці героя за мяжу.

Урублеўскі, гэтаксама як і тысячы іншых змагароў, апынуўся ў Францыі. Жывучы ў Парыжы, на жыццё ён зарабляў цяжкай працаю ліхтарніка і друкара. Вайсковы досвед знакамітага паўстанца спатрэбіўся ў час французскай рэвалюцыі, якую называюць Парыжскай камунай. Валер Урублеўскі атрымаў званне генерала і стаў камандзірам адной з трох рэвалюцыйных армій. Поплеч з ім на баку камунараў ваявалі болей за 600 былых паўстанцаў. На парыжскіх барыкадах Валер сустрэў свайго былога настаўніка з Віленскай гімназіі, ліцьвінскага патрыёта і выдатнага спевака італьянца Ахіла Банольдзі. У перапынках паміж баямі Ахіл, пакуль не памёр ад атрыманых цяжкіх ранаў, заўсёды спяваў таварышам па зброі песні на дзесяці мовах. Сэрца Урублеўскага, як і многіх камунараў-суайчыннікаў, найбольш краналі родныя беларускія спевы.

Пасля тых падзей Урублеўскі жыў у Лондане, сябраваў з філосафам Карлам Марксам, таемна прыязджаў у Расейскую імперыю і, магчыма, сустракаўся з беларускім рэвалюцыянерам-«нарадавольцам» Ігнатам Грынявіцкім, які выканаў смяротны прысуд цару Аляксандру ІІ. Пахаваны герой паўстання 1863 года на славутых парыжскіх могілках Пер-Лашэз, дзе спачываюць шмат якія знакамітыя асобы еўрапейскай гісторыі.

Пярсцёнак Серакоўскага

Будучы бясстрашны паўстанцкі камандзір Зыгмунт Серакоўскі вучыўся ў Пецярбургскім універсітэце, але за ўдзел у нелегальных суполках трапіў на вока жандарам. Юнака выслалі салдатам-шарагоўцам у далёкі Арэнбургскі край. Там Зыгмунт блізка пасябраваў з украінскім пісьменнікам Тарасам Шаўчэнкам, які таксама стаў царскім салдатам не па сваёй волі.

Зыгмунт Серакоўскі

Праз восем гадоў Зыгмунту Серакоўскаму ўдалося вярнуцца ў Пецярбург. Ён на выдатна скончыў расейскую Акадэмію генеральнага штаба і служыў у вайсковым міністэрстве. Ягонае начальства меркавала, што Зыгмунт раскаяўся за памылкі юнацтва і стаў верным расейскім падданым. Яно і не падазравала, што Серакоўскі, якому давалі важныя заданні і пасылалі ў замежныя камандзіроўкі, вядзе падрыхтоўку да збройнай барацьбы за вызваленне Айчыны. У час паездак у еўрапейскія краіны Зыгмунт пазнаёміўся з расейскімі рэвалюцыянерамі-эмігрантамі Аляксандрам Герцэнам і Мікалаем Агаровым, з палітыкам Джузэпе Гарыбальдзі, які ўзначальваў змаганне за свабоду і аб’яднанне Італіі.

Калі на радзіме пачалося вызвольнае паўстанне, палкоўнік Серакоўскі пакінуў службу і прыехаў у Вільню. Дасведчанага афіцэра прызначылі камандаваць збройнымі сіламі на Ковеншчыне. Пад свае сцягі Зыгмунт хутка сабраў болей за дзве тысячы ваяроў. Некалькі разоў яны рабілі ўдалыя засады на расейскія войскі і наносілі ім вялікія страты. Падначаленыя Серакоўскага здабывалі перамогі і ў адкрытых баях з карнікамі.

У траўні 1863-га паўстанцкі камандзір павёў змагароў свайго злучэння ў Курляндыю. Так тады называлася частка Латвіі, што некалі ўваходзіла ў Рэч Паспалітую. Зыгмунт разлічваў узняць на збройную барацьбу латышоў і эстонцаў. Напачатку паўстанцам спадарожнічаў поспех. Апрача шляхты да змагароў далучалася шмат сялянскай моладзі. Серакоўскі часам мусіў нават абыходзіць вёскі, бо не меў для юнакоў зброі. Але імкненне змагацца за волю было такім моцным, што сяляне ўсё роўна далучаліся да паўстанцаў, маючы на ўзбраенні толькі сякеры. Пад камандаваннем Серакоўскага быў і аддзел з 500 сялянаў, узброеных адно цапамі. Ваяроў з косамі называлі касінерамі, а вось адважных сялянскіх хлопцаў з цапамі ахрысцілі цапавікамі.

Расейскія ўлады былі напалоханыя і выслалі насустрач нашым змагарам вялікія сілы. Карнікам усяляк спрыялі курляндскія немцы-абшарнікі. Каля мястэчка Біржы паўстанцы пацярпелі паразу. Цяжка паранены Серакоўскі трапіў у палон. Віленская моладзь склала план нападу на турэмны шпіталь і вызвалення паўстанцкага правадыра. Калі Зыгмунту перадалі ліст пра гэта, ён не пагадзіўся, бо ведаў, што Мураўёў-Вешальнік, каб адпомсціць, учыніць у Вільні жорсткую расправу, якая можа забраць дзясяткі жыццяў.

На допытах Зыгмунт, нягледзячы на пакуты ад ранаў і тры аперацыі, адмовіўся даваць паказанні на сяброў і паплечнікаў. Раз’ятраны Мураўёў-Вешальнік загадаў правесці ваенна-палявы суд каля ложка нямоглага целам, але магутнага духам паўстанца. Суддзі пастанавілі расстраляць «асабліва небяспечнага мяцежніка», але Мураўёў паводле сваёй звярынай завядзёнкі замяніў расстрэл на павешанне. У адным з апошніх лістоў на волю Серакоўскі пісаў: «І стоячы пад шыбеніцай, буду пратэставаць супроць варварскага бяспраўя, якое прынесла маскоўская ўлада маёй дарагой Айчыне».

Уначы перад пакараннем на загад Вешальніка да Зыгмунта прывялі ягоную юную жонку Апалонію. Тая ўжо чакала дзіця. 15-хвіліннае спатканне праходзіла пад аховаю пятнаццаці царскіх салдат і афіцэраў. Апалонія размаўляла з мужам, укленчыўшы перад яго ложкам. Праз некалькі гадзін вайсковы доктар перадаў ёй Зыгмунтаву цыдулку: «Анелі мая! Жыць і быць вольным магу, толькі выдаўшы сяброў. Ніколі не здолеў бы зрабіць гэта, таму падпісаў сабе смяротны прысуд. Памру чысты і незаплямлены. Буду кахаць цябе, буду лунаць над табой і нашым немаўлём».

На месцы павешання Серакоўскага ў Вільні ўсталяваная мемарыяльная пліта. На ёй побач з імем непахіснага Зыгмунта — імя паўстанцкага правадыра Кастуся Каліноўскага, які быў пакараны смерцю на тым самым Лукішскім пляцы.

Фота: Мінкультуры Літвы

У нашы дні пад час раскопак на цяперашняй гары Гедзіміна, дзе расейскія ўлады таемна хавалі паўстанцаў, археолагі зрабілі незвычайную знаходку — шлюбны залаты пярсцёнак. На ім захаваўся надпіс: «Зыгмунт і Апалонія», а таксама дата шлюбу. Пярсцёнак удакладніў месца пахавання Серакоўскага і стаў памяткай пра ягонае ўзнёслае ўзаемнае каханне.

Пад мянушкаю «Тапор»

Віленскі генерал-губернатар Назімаў у 1860 годзе атрымаў новага падначаленага — выпускніка Акадэміі генеральнага штаба паручніка інжынерыі Людвіка Звяждоўскага. Сваёй адукаванасцю і цудоўнымі манерамі Людвік, які вярнуўся на службу ў родны горад, хутка заваяваў у Назімава вялікі аўтарытэт і стаў ягоным ад’ютантам. Царскі вяльможа і ў страшным сне не мог прысніць, што пасля ўзорнага выканання абавязкаў удзень Звяждоўскі вечарамі на таемных кватэрах абмяркоўвае будучае збройнае змаганне з каланізатарамі.

Да ліпеня 1862-га менавіта Людвік узначальваў Літоўскі камітэт падрыхтоўкі паўстання. Калі на стол генерал-губернатару легла данясенне пра падазроныя сувязі ад’ютанта, той не даў веры, але мусіў перавесці свайго ўлюбёнца ў Маскву. Сярод «сумнеўных» знаёмых Звяждоўскага ў жандарскіх паперах згадваўся нейкі Вікенцій Канстанцін Каліноўскі. Далей ягоны след губляўся, хоць якраз да Каліноўскага пасля ад’езду Людвіка з Вільні перайшло кіраўніцтва Літоўскім камітэтам.

Як толькі найлепшыя людзі краю ўзяліся за зброю, капітан Звяждоўскі вярнуўся ў Літву-Беларусь. Пад канспірацыйнай мянушкаю «Тапор» ён стаў паўстанцкім начальнікам Магілёўскага ваяводства. Людвік меў план: злучыць у адзін моцны кулак віцебскія і магілёўскія аддзелы каліноўцаў і перанесці паўстанне на беларускую Смаленшчыну, а затым у Расею, ажно да самай Волгі.

У шынялі афіцэра Расейскага генеральнага штаба Звяждоўскі на чале сваіх ваяроў на шэрым кані заязджаў у кожную сустрэтую па дарозе вёску і склікаў сялянаў на агульны сход. Камандзір паўстанцаў абвяшчаў, што аддае вяскоўцам усю зямлю без выкупаў і павіннасцяў. Ён абяцаў адмену рэкруцкіх набораў і свабоду веры.

У траўні Людвік асабіста кіраваў захопам павятовага горада Горкі. Гэты поспех так спалохаў царскія ўлады, што ваяваць з некалькімі сотнямі нашых патрыётаў з магілёўскіх аддзелаў царскія ўлады кінулі цэлую дывізію. «Тапор» з падначаленымі апынуўся ў атачэнні. Ворагі мелі пяхоту, кавалерыю і артылерыю. Каб уратаваць сваіх людзей Людвік загадаў ім па адным прабівацца на захад і працягваць барацьбу ў іншых аддзелах.

Звяждоўскаму заставалася ўсяго некалькі месяцаў жыцця. Ён яшчэ паспеў паваяваць з карнікамі на польскіх землях, дзе камандаваў Кракаўскай паўстанцкай дывізіяй. У лютым 1864 года Людвік трапіў у палон і праз лічаныя дні быў павешаны. Яму ішоў 35-ты год.

Людвік Нарбут

Бацькам гэтага героя паўстання быў славуты гісторык Тэадор Нарбут. Ён часта казаў сыну, што гісторыя — найлепшая настаўніца жыцця. Так лічыў яшчэ старажытны прамоўца і мысляр Цыцэрон. Людвік сапраўды вельмі любіў аповеды старэйшых пра часы незалежнай ліцьвінскай дзяржавы і кнігі пра нашую даўніну. Якраз гісторыя, як гэта часта бывае, выхавала ў юнака любоў да Айчыны і самаахвярнасць.

У васямнаццаць гадоў вучня апошняга класа Віленскай гімназіі Людвіка Нарбута арыштавалі за спробу стварыць таемную арганізацыю для падрыхтоўкі паўстання. Справа зацікавіла самога імператара Мікалая І, якога нездарма празвалі Палкіным. З Пецярбурга прыйшоў жорсткі цароў загад: небяспечнага гімназіста пакараць розгамі і аддаць у салдаты.

Людвік Нарбут

Людвіка чакала невераемна цяжкая васьмігадовая служба. У лістах з Каўказа, дзе ваяваў ягоны полк, салдат-штрафнік прасіў родных прыслаць яму валошку ці каласок з родных палёў. Даслужыўшыся да афіцэрскага звання, Нарбут атрымаў права пакінуць войска і адразу вярнуўся на радзіму. Лёс падараваў яму шчасце з жонкай Амеліяй. Але яно было нядоўгім: у Літве-Беларусі пачалося паўстанне.

На пачатку лютага 1863 года Людвік у родным маёнтку Шаўры атрымаў з Вільні загад аб прызначэнні яго вайсковым начальнікам Лідскага павета. На праводзіны сабралася ўся вялікая сям’я Нарбутаў. Людвік быў узброены рэвальверам і старой каўказскай шабляй. Сястра Тэадора ўручыла яму вышыты сваімі рукамі баявы сцяг-харугву з «Пагоняй». Паўстанцкага камандзіра багаславілі бацькі, абняла маладая жонка, якая не здолела стрымаць слёз, і Людвік разам з братам Баляславам і шасцю аднадумцамі развітаўся з мірным жыццём.

Праз месяц аддзел Нарбута вырас з васьмі да 80 ваяроў і працягваў хутка папаўняцца. Поплеч са шляхтай у ім гераічна змагалася з карнікамі шмат навакольных сялян-касінераў. Сярод падначаленых Людвіка, якога сучаснікі называлі «выразнікам духу і гераізму эпохі», быў і вядомы мастак Міхал Андрыёлі.

Пасля некалькіх удалых баёў з царскімі войскамі паўстанцкае кіраўніцтва надало Нарбуту званне палкоўніка. Ягоныя сілы пагражалі адначасова Вільні і Горадні. Генерал-губернатар краю прызначыў за галаву Нарбута буйную грашовую ўзнагароду і накіраваў на тры сотні змагароў, узброеных паляўнічымі стрэльбамі ды косамі, дзве тысячы салдат і казакоў.

Паўстанцкі лагер быў у Дубіцкім лесе над ракой Котрай. Цішыню травеньскага леса парушалі адно птушыныя спевы. Аднак гэты спакой быў падманным. Здраднік ужо падводзіў да лагера расейскіх карнікаў. Ім удалося напасці на нашых ваяроў знянацку. Людвік загадаў адступаць у дзве лініі: адна адстрэльвалася, другая тым часам перабягала і залягала. Але камандзіра паранілі. Паплечнікі падхапілі Нарбута на рукі і панеслі, ды выратаваць ужо не змаглі, бо другая куля прынесла смяротную рану. Развітваючыся з гэтым светам, Людвік прамовіў: «Як соладка памерці за Айчыну…»

Расейскі афіцэр дазволіў пахаваць усіх палеглых паўстанцаў каля Дубіцкага касцёла, аднак Мураўёў-Вешальнік распарадзіўся касцёл разбурыць, а магілы зраўняць з зямлёй. Пазней у рукі карнікаў трапіў і Баляслаў Нарбут, які камандаваў лідскім аддзелам пасля смерці брата. Яго чакалі дваццацігадовая высылка ў Сібір і невылечная тады хвароба — сухоты. Старога Тэадора Нарбута за дрэннае выхаванне сыноў і дачкі царскія служкі таксама асудзілі на сібірскую высылку, але не паспелі выканаць прысуд, бо шанаваны ў краі вучоны-гісторык сканаў. Ягоная жонка Крысціна вярнулася з высылкі праз два дзесяцігодзі.

Так каланізатары распраўляліся з цэлымі сем’ямі патрыётаў.

У вёскі Шаўры, якая цяпер у Воранаўскім раёне, каля могілак стаіць мемарыльны валун з надпісам: «Нарбутам — удзельнікам паўстання 1863–1864. Нашчадкі».

Браты Далеўскія

Гэты беларускі род даў нашай гісторыі шмат патрыётаў і змагароў за свабоду. Францішка і Аляксандра Далеўскіх жандары арыштавалі ў 1848 годзе за стварэнне таемнага таварыства «Саюз літоўскай моладзі». Пад час следства і на судзе браты паводзілі сябе надзвычай цвёрда, не выдалі нікога з сяброў і былі адпраўленыя на катаргу ў Сібір. Пасля дзесяцігадовай катаржнай працы на нерчынскіх шахтах-капальнях Аляксандр захварэў і памёр, а Францішак у 1863-м стаў адным з кіраўнікоў паўстання.

Малодшыя Далеўскія — Цітус і Канстанцін — вучыліся ў Віленскай гімназіі адначасова з многімі будучымі вядомымі паўстанцамі, сярод якіх былі Францішак Багушэвіч і Зыгмунт Мінейка. Браты ў тыя гады праславіліся не толькі як вальнадумцы. Уся былая сталіца захаплялася імі як неверагодна смелымі плыўцамі, якія выратавалі некалькі чалавек, што танулі ў рацэ.

Цітус Далеўскі

У пару студэнцтва ў Маскоўскім універсітэце юнакі зрабіліся сябрамі таемнага таварыства «Агул», якое налічвала паўтысячы сябраў. Нягледзячы на маладосць, ліцьвіны Далеўскія мелі там вялікі аўтарытэт. Сямнаццацігадовы студэнт юрыдычнага факультэта Цітус, апрача іншых адказных даручэнняў, стаў скарбнікам і збіраў з таварышаў грашовыя ўнёскі. Аднойчы ён з аднадумцамі нёс па горадзе вялікую скрыню з рэвалюцыйнымі адозвамі да расейскіх салдат і сялянаў, аднак «нелегалаў» нечакана напаткаў паліцэйскі патруль. Напалоханыя хлопцы разбегліся, і з цяжэзнай скрыняй застаўся адзін Цітус. Разумеючы, што, калі адозвы патрапяць у рукі жандараў, будзе вялікая бяда, ён з апошніх сіл дацягнуў скрыню да парапету набярэжнай і скінуў яе ў раку. Падбеглы патруль Цітус увёў у зман, выдаўшы сябе за вар’ята. Так ён уратаваў цэлую арганізацыю.

Калі на радзіме разгарнулася збройная барацьба, Цітус адразу ж накіраваўся з Масквы дадому. Ён хацеў далучыцца да паўстанцкіх сілаў Зыгмунта Серакоўскага, мужа сваёй сястры Апалоніі. Там ужо ваяваў брат Канстанцін. Аднак Цітус атрымаў іншае заданне. Ён займаўся забеспячэннем паўстанцаў неабходнымі звесткамі ды прыпасамі і праславіўся як адзін з самых надзейных ды няўлоўных сувязных і экспедытараў.

Цітус вельмі блізка пасябраваў з Каліноўскім і стаў ягоным сакратаром. Іх зблізілі і агульныя погляды, і тое, што абодва мелі нарачоных з віленскай сям’і Ямантаў: Кастусь — Марыю, а Цітус — Алену. Тым часам кватэра Ямантаў зрабілася сапраўдным штабам змагароў.

Старэйшы з братоў Далеўскіх — Францішак — таксама быў у кіраўніцтве паўстання, аднак належаў да лагера «белых». Для царскіх уладаў гэта былі не менш небяспечныя ворагі. Калі жандары здолелі арыштаваць Францішка, ён быў асуджаны на смерць. Сям’і ўдалося захаваць яму жыццё, выкарыстаўшы сквапнасць Мураўёва-Вешальніка. Той атрымаў за Далеўскага і яшчэ двух паўстанцаў, прысуджаных да смяротнага пакарання, велізарныя тады грошы — 15 тысяч рублёў і замяніў смерць на сібірскую катаргу.

Францішак Далеўскі

Канстанцін Далеўскі пасля таго, як карнікам удалося разбіць Серакоўскага пад Біржамі, стварыў свой паўстанцкі аддзел. Баявыя сябры захапляліся вытрымкай і нязменным спакоем камандзіра. Ён часта аддаваў загады пад градам непрыяцельскіх куляў і сам вадзіў паплечнікаў у атакі. У адным з баёў Канстанцін быў цяжка паранены,аднак, загаіўшы за мяжой рану, вярнуўся ў свой аддзел і зноў ўзяў у рукі зброю. Праз восем гадоў ён змагаўся на барыкадах Парыжскай камуны і загінуў за свабоду Францыі.

Калі паўстанне ў Літве-Беларусі дагарала, Цітус Далеўскі часта мяняў падпольныя кватэры, жыў пад рознымі прозвішчамі, але яго ўсё ж схапілі. Пасля безвыніковых допытаў сябра і сакратара паўстанцкага правадыра расстралялі на Лукiшскім пляцы ў Вільні, там, дзе сустрэў смерць ад рукі царскага ката і Каліноўскі.

Герой двух народаў

Заможныя бацькі хацелі даць сыну Зыгмунту добрую адукацыю. Малады Мінейка паступіў у Пецярбургу ў адну з самых прэстыжных навучальных устаноў Расейскай імперыі — Акадэмію генеральнага штаба — і павінен быў стаць вайсковым інжынерам. Але юнак хутка далучыўся да вызвольнага руху. Прыязджаючы на вакацыі ў бацькоўскі маёнтак Балванішкі (цяпер Зялёны Бор) на Ашмяншчыне, сталічны студэнт сустракаўся з аднадумцамі, марыў пра будучае паўстанне ды імкнуўся стаць патрэбным не расейскаму войску, а паняволенай Айчыне. Хутка ён вымушаны быў пакінуць навучанне і вярнуцца ў родныя мясціны.

Пераапрануўшыся ў сялянскае адзенне, Зыгмунт вандраваў па вёсках: разносіў і чытаў сялянам антыўрадавыя ўлёткі. Паліцыя зацікавілася незвычайным падарожнікам, і ён, каб не трапіць пад арышт, з’ехаў за мяжу. У Італіі Мінейка пазнаёміўся з Джузэпе Гарыбальдзі, быў запрошаны выкладаць фартыфікацыю ў Генуэзскую вайсковую школу, якую заснаваў гэты знакаміты рэвалюцыянер.

Дачуўшыся, што на землях Літвы-Беларусі ўспыхнула паўстанне, Зыгмунт выправіўся на радзіму і стварыў ашмянскі аддзел ваяроў. Каланізатары добра памяталі, як гераічна змагалася за свабоду Ашмяншчына ў 1831 годзе. Тады паўстанцы занялі Ашмяны, за што потым расейскія карнікі выразалі там палову жыхароў. Баючыся страціць мястэчка і цяпер, улады паслалі супроць некалькіх дзясяткаў нашых ваяроў моцныя армейскія сілы. Змагары пацярпелі паразу, а іхні камандзір апынуўся ў палоне.

Мінейку чакала пятля расейскага ката. Але прага Мураўёва¬-Вешальніка да грошай была такой бязмежнай, што Зыгмунтавай маці пашанцавала выкупіць сынава жыццё за дзевяць тысяч рублёў. Павешанне замянілі на дванаццаць гадоў катаржнай працы на сібірскіх капальнях. Мінейка не скарыўся: ён уцёк з Сібіры і здолеў дабрацца да Еўропы. Ягоныя інжынерныя веды былі высока ацэненыя ў Галандыі і Францыі, Балгарыі і Турцыі, але сваёй другой радзімай былы беларускі паўстанец абраў Грэцыю.

На старажытнай грэцкай зямлі Зыгмунт Мінейка будаваў масты і чыгункі. Ён паспяхова займаўся археалогіяй і знайшоў славуты храм Зеўса ў Дадоне. Наш суайчыннік удзельнічаў у аднаўленні Алімпійскіх гульняў. Ён рэстаўраваў легендарны Мармуровы стадыён у Афінах, які стаў сімвалам першых сучасных Гульняў 1896 года. За вялікія заслугі ўрад Грэцыі надаў Мінейку званне ганаровага грамадзяніна гэтай краіны.

Рамуальд Траўгут

Рамуальд нарадзіўся на Берасцейшчыне, а скончыў вядомую вальнадумствам сваіх выхаванцаў Свіслацкую гімназію. У дзевятнаццаць гадоў ён паступіў на вайсковую службу, а ў трыццаць шэсць быў ужо ў чыне падпалкоўніка. Начальства абяцала Траўгуту далейшую кар’еру і казала пра недалёкае генеральскае званне, але ён нечакана выйшаў у адстаўку і пасяліўся ў палескім маёнтку Востраў паблізу Кобрына.

Да паўстання заставаліся лічаныя месяцы. Былы баявы афіцэр разумеў, што перамагчы велізарную армію Расейскай імперыі немагчыма, але, калі прыйшла пара, без роздуму зрабіў свой выбар і ўзяў у рукі зброю. Увесну 1863-га кобрынскі аддзел паўстанцаў здабыў шэраг перамог над карнікамі. Ужо ў першым баі царскія войскі страцілі 70 салдат і афіцэраў, пасля чаго, не перажыўшы такой ганьбы, камандзір расейцаў застрэліўся. Пазней Траўгут здзейсніў паўстанцкі паход на Піншчыну і ўкраінскую Валынь.

Фота: Белсат

Пасля жорсткіх баёў у антопальскіх лясах у Пецярбург было адпраўленае радаснае данясенне, што адзін з самых небяспечных паўстанцкіх важакоў забіты. Але Траўгут застаўся жывы. Яго два тыдні хавала і лекавала ў сваім доме маладая сувязная змагароў Эліза Ажэшка, якая пазней стане знакамітай пісьменніцай і напіша творы, прысвечаныя героям 1863 года. У яе карэце Рамуальд пад выглядам сваяка выехаў у Варшаву. Неўзабаве ён узначаліў патрыятычны Нацыянальны ўрад і стаў на чале ўсяго паўстання.

Траўгут ведаў, што няроўная барацьба непазбежна скончыцца паразай, але адмовіўся выратаваць сабе жыццё, з’ехаўшы за мяжу. Увесну 1864-га Рамуальда схапілі, а ў жніўні, пагардліва зірнуўшы на царскага ката, ён узышоў на эшафот з шыбеніцай.

Помнік Рамуальду Траўгуту ўсталяваны ў горадзе Свіслач побач з помнікам Кастусю Каліноўскаму.

Уладзімір Арлоў, «Новы Час»

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]