Да Нью-Ёрку зьехаліся беларусы з розных штатаў Амэрыкі.
13 кастрычніка 2019 года адбылося сьвяткаваньне 70-х угодкаў Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня, старэйшай арганізацыі беларускай дыяспары ў Амэрыцы. Ужо 70 гадоў сябры БАЗА годна прадстаўляюць беларускі народ у Амэрыцы, захоўваюць і ўзбагачаюць сваю нацыянальную культуру, падтрымліваюць беларусаў на Бацькаўшчыне, распавяла сайту Сharter97.org Натальля Федарэнка.
Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне было ўтворанае паваеннай хваляй беларускай эміграцыі 31 ліпеня 1947 года. Асноўнымі мэтамі было захаваньне нацыянальнай ідэнтычнасці, уплыў на амэріканскіх палітыкаў з мэтай спрыянья дасягненья незалежнасьці Беларусі, змаганьне за дэмакратыю і правы чалавека на Бацькаўшчыне.
За семь дзясяцігодзьдзяў актывісты БАЗА правялі сотні культурніцкіх мерапрыемстваў і палітычных акцый, некалькі дзясяцігодзьдзяў арганізацыя выдае газету ,, БЕЛАРУС”
Сьвяткаваньне юбілею прайшло ў беларускім цэнтры пры саборы Сьв. Кірылы Тураўскага ў Брукліне (Нью-Ёрк).
Сябры БАЗА зьехаліся з розных штатаў Амэрыкі, дзе месьцяцца аддзелы арганізацыі, як то Нью-Ёрк, Нью-Джэрсі, Пенсільванія, Вашынгтон (акруга Калумбія), Флорыда, каб разам адсьвяткаваць юбілей задзіночаньня.
У сьвяточнай праграме былі віншавальныя прамовы ад дзейнай старшыні Галоўнай управы БАЗА Натальлі Федарэнка, і ад старшыняў аддзелаў, якія змаглі асабіста далучыцца да сьвяткаваньня: Юрка Азарка (аддзел Нью-Джэрсі), Сяргей Кудзеліч (аддзел Нью-Ёрк), Андрэй Пушкароў (аддзел ў Паўднёвай Фларыдзе).
Былі зачытаныя віншаваньні ад розных сяброў і сяброўскіх арганізацыяў.
З рэфератам "Гісторыя Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня" выступіў старшыня Парафіяльнай Рады сабору Сьв. Кірылы Тураўскага і адзін з найстарэйшых сябраў БАЗА - Расьціслаў Гарошка.
Ганна Сурмач зрабіла прэзентацыю сваёй кнігі "Беларускі Нью-Ёрк", у якой падаюцца шматлікія цікавыя факты беларускай прысутнасьці ў Нью- Ёрку і ваколіцах, да таго ж вялікая ўвага ў кнізе надаецца менавіта гісторыі Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня.
Заключнай часткай сьвяточнай праграмы быў музычны канцэрт. Госьці атрымалі асадоду ад выступаў Валянціны Пархоменка (салісткі сямейнага трыа Казакоў), Сержука Сокалава-Воюша, а таксама Аляксандры Беляковіч.