Нацыянальны герой быў фігурай шматграннаю.
15 кастрычніка 1817 году ў Швайцарыі памёр нацыянальны герой Беларусі, Польшчы, Францыі й ЗША Тадэвуш Касьцюшка. Ён быў таленавітым вайскоўцам і ня менш цікавай асобай, піша gazetaby.com.
Касьцюшка — гурман
Тадэвуш Касьцюшка вельмі любіў віно. Асабліва вугорскае, і не абы-якое. Апрача яго, ён ня браў у рот аніякага алькаголю. З безалькагольных напояў генэрал вельмі любіў каву і ўмеў гатаваць яе вельмі па-рознаму. А вось што да ежы, то Касьцюшка любіў сьціплую кухню.
Касьцюшка — герой народных песьняў і баек
Больш як праз паўстагодзьдзя пасьля сьмерці нацыянальнага героя беларусы сьпявалі пра яго народныя песьні. Адну зь іх зафіксаваў у другой палове XIX стагодзьдзя этнограф Міхал Федароўскі:
«Касьцюшка быў надта адважны і храбры генэрал. Мой татка сьпяваў аб ім песьню яксьці:
Наш Касьцюшка слаўны быў,
Маскалікаў добра біў.
Як Касьцюшку злапалі,
кіем бокі златалі».
Ці байкі:
«Касьцюшка заваяваў бы сьвет цэлы, каб паны яго слухаць хацелі, але паны як паны: гулялі, банкетавалі, Касьцюшку ня слухалі, затым і Польшча прапала.
Кажуць, што ў Касьцюшкі быў такі плашч, што кулі яго не прабівалі: аднаго разу маскалі на яго зьнячэўку напалі, так ён не пасьпеў таго плашча залажыць, так яго чыста пасеклі і забралі.
Як Касьцюшку злавілі, то зараз жа прывялі да цара ды казалі, каб ён прысягнуў Расеі, так ён сказаў: «На чыёй зямлі стаю, таму і прысягаю і за таго голаў палажу!». А ён наперад набраў зямлі ў чобаты, як з Польшчы выяжджаў, і на той зямлі прысягаў, от таму-та ён і не зьняверыўся. От калі хітры быў ды разумны».
Касьцюшка — вышывальнік
Генэрал вышываў. І гэтым відам народнага дэкаратыўнага мастацтва ён авалодаў па-майстэрску. Акрамя гэтага, Касьцюшка ведаў і такарную справу. У яго быў уласны станок, на якім ён шмат чаго павыточваў.
Касьцюшка — знахар
Касьцюшка захапляўся нетрадыцыйнай мэдыцынай. Ён вырошчваў лекавыя травы, розныя зёлкі і вельмі добра ў іх разьбіраўся. Калі вучыўся ў Рыцарскай школе (кадэцкім корпусе), кожную раніцу, каб прачнуцца, мачыў ногі ў ледзяной вадзе.
Касьцюшка — архітэктар
У генэрала было хобі, якое з часам пачало прыносіць немалы даход. Гэта архітэктура ляндшафту. Ён праектаваў паркі каля магнацкіх сядзібаў.
Касьцюшка — творца
Касьцюшка быў кампазытарам. Ён пісаў вальсы й палянэзы. Ягоныя творы прадаваліся на аўкцыёнах у Лёндане.
Касьцюшка — мэцэнат
Жывучы ў Швайцарыі, Касьцюшка заклікаў студэнтаў з былой Рэчы Паспалітай прыяжджаць туды й вучыцца новым мэтадам сельскай гаспадаркі. Калі студэнты прыяжджалі ў Швайцарыю, Касьцюшка асабіста ім дапамагаў, у тым ліку і фінансава. Генэрал быў даволі заможны.
Касьцюшка — лавэлас
Захавалася мноства лістоў, якія пісаў Касьцюшка каханым жанчынам. У гэтых лістах ён паказвае сябе сэнтымэнтальным і рамантычным каханкам. У яго тыпе былі «кволыя, субтыльныя і харошанькія» жанчыны.
Калі ў 1792 годзе ён завітаў у Варшаву, то жанчыны запісваліся да яго на прыём, а яго пазыцыя як жаніха была неверагодна высокая. Хадзілі чуткі, што ў Касьцюшкі ёсьць няшлюбныя дзеці.
Касьцюшка — дабрадзей
Касьцюшка падараваў прэзыдэнту ЗША Томасу Джэфэрсану свой плашч. Менавіта ў ім Джэфэрсан выяўлены на помніку ў Jefferson Memorial у Вашынгтоне.
Касьцюшка — філасэміт
Генэрал стварыў першы ў гісторыі Рэчы Паспалітай полк, у якім служылі адны габрэі. Гэта быў Габрэйскі полк лёгкай кавалерыі. Ім камандаваў палкоўнік Бэрка Ёселевіч.
Касьцюшка — вяршыня
Найвышэйшая гара Аўстраліі названая ў гонар Касьцюшкі. Яе адкрыў у 1840 годзе польскі падарожнік Эдмунд Стшэлецкі. Ён і даў ёй гэтую назву. Вышыня гары — 2228 м.