Сем фактаў пра ўтварэньне БНФ.
19 кастрычніка 1989 года ў памяшканьні менскага Дому кіно, які месьціўся ў касьцёле сьв. Сымона і Алены, адбыўся ўстаноўчы сход Таварыства памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій «Мартыралёг Беларусі» і аргкамітэту Беларускага народнага фронту.
«Камітэт 58» — ня колькасьць, а артыкул
Аргкамітэт БНФ пэўны час называлі «Камітэтам 58-мі», маючы на ўвазе, што ён нібыта складаецца з 58-мі асобаў. Насамрэч, 58 — гэта артыкул сталінскага Крымінальнага кодэксу, паводле якога былі рэпрэсаваныя мільёны людзей. Першапачаткова ініцыятары сапраўды мелі намер назваць таварыства памяці ахвяраў рэпрэсіяў «Камітэтам 58», і нават пазначылі гэта ў запрашэньнях на сход, аднак пазьней спыніліся на іншым назове — «Мартыралёг Беларусі». На адзін дзень пазьней была перанесеная і дата сходу.
Запрашэньне на ўстаноўчы сход 19 кастрычніка 1988Быкаў і Гілевіч адмовіліся ўзначаліць Аргкамітэт БНФ
Як прыгадваў Зянон Пазьняк, пра тое, што на сходзе, акрамя «Мартырялёгу», мяркуецца стварыць і Народны Фронт, спачатку ведалі толькі два чалавекі: ён і Міхась Дубянецкі. Яны паведамілі пра гэты намер Васілю Быкаву і прапанавалі яму ўзначаліць арганізацыю, але Быкаў адмовіўся. Адмовіўся ад такой прапановы і Ніл Гілевіч.
Стэфанія Станюта і Максім Танк сярод запрошаных
Арганізатары запрасілі 174 чалавекі, зь іх прыйшлі 112. Але 115 прыйшлі без запрашэньняў, значная іх частка была накіраваная гаркамам КПБ, каб сарваць утварэньне «Мартыралёгу» і аргкамітэту БНФ. У залі былі актрыса Стэфанія Станюта, паэты Максім Танк, Сяргей Грахоўскі, Рыгор Барадулін, Ніл Гілевіч, пісьменьнікі Янка Брыль, Васіль Быкаў, Віктар Казько і Ўладзімер Арлоў, кампазытар Яўген Глебаў, рэжысёр Валер Масьлюк. Вёў сход пісьменьнік Міхась Дубянецкі.
На сходзе былі людзі ў вайсковай форме
У пэўны момант па канфэрэнц-залі прайшоў шэпт: «Армія — з намі!»; рэакцыя на зьяўленьне двух лейтэнантаў, прычым у палявой форме (такую апранаюць у часе баявых дзеяньняў ці на манэўры). Гэта былі Вінцук Вячорка і Алесь Суша, якія ў тыя дні былі прызваныя на вайсковыя зборы, але ўцяклі зь іх на дзень, каб узяць удзел у мерапрыемстве.
Быкаў адабраў мікрафон у супрацоўніка ЦК
Васіль Быкаў адхіляе ад мікрафону супрацоўніца ЦК КПБ Расьціслава Бузука. У цэнтры - Міхась Дубянецкі. 19 кастрычніка 1988 г.Спачатку на сходзе было ўтворанае Таварыства ахвяраў сталінскіх рэпрэсій «Мартыралёг Беларусі», за гэта прагаласавалі нават многія з тых, каго накіраваў гаркам КПБ. Аднак ад таго, каго абяруць старшынём Таварыства, залажыў далейшы сцэнар сходу, і галоўнае — ці будзе пастаўлена на галасаваньне пытаньне аб стварэньні Народнага Фронту. Васіль Быкаў прапанаваў на старшыню «Мартыралёгу» кандыдатуру Зянона Пазьняка. Намесьнік загадчыка адзьдзелу ЦК КПБ Расьціслаў Бузук спрабаваў сарваць вылучэньне, аднак Быкаў адабраў у яго мікрафон і сам правёў галасаваньне. Пазьняк быў абраны і адразу ўнёс прапанову аб стварэньні Аргкамітэту БНФ.
Супраць БНФ прагаласавалі 19 чалавек
Калі Зянон Пазьняк паставіў на галасаваньне рашэньне аб утварэньні аргкамітэту БНФ, з 227 прысутных толькі 19 чалавек прагаласавалі супраць і тры — устрымаліся. Склад Аргкамітэту, як яго зачытаў Пазьняк, выглядаў наступным чынам: «Васіль Быкаў, народны пісьменьнік Беларусі, Алесь Бяляцкі, пісьменьнік, Анатоль Варава, гісторык, Вінцук Вячорка, філёляг, Ніл Гілевіч, Анатоль Грыцкевіч, доктар гістарычных навук, Юры Дракахруст, матэматык, Міхась Дубянецкі, пісьменьнік, Вячаслаў Жыбуль, літаратуразнаўца, Яўген Кулік, мастак, Мікола Купава, мастак, Валеры Масьлюк, рэжысёр, Пятро Садоўскі, кандыдат філялягічных навук, Алесь Суша, гісторык, Генадзь Тумаш, мастак, Сымон Сьвістуновіч, мастак, Міхась Ткачоў, доктар гістарычных навук, Алег Трусаў, кандыдат гістарычных навук, Ігар Чарняўскі, кандыдат гістарычных навук, Міхась Чарняўскі, кандыдат гістарычных навук, Яўген Шунейка, мастацтвазнавец, Васіль Якавенка, пісьменьнік» (паводле прапановы з залі, быў уключаны і сам Зянон Пазьняк). Поўны першапачатковы назоў новаўтворанай арганізацыі быў — «Беларускі народны фронт за перабудову „Адраджэньне“.
Зянон Пазьняк у 1988 годзе. Фота www.vytoki.netСМІ замоўчвалі факт утварэньня БНФ
Першы тэкст пра ўтварэньне „Мартыралёгу“ і Аргкамітэту БНФ у ноч пасьля сходу склалі Ўладзімер Арлоў і Сяргей Навумчык у доме філёзафа Алега Бембеля, аднак ніводнае афіцыйнае выданьне яе не надрукавала.
Пазьней выйшла ўлётка са зваротам Аргкамітэту БНФ. Упершыню пра стварэньне Народнага Фронту жыхары Беларусі маглі даведацца толькі 6 лістапада 1988, калі ў газэце „Звязда“ і іншых выданьнях быў надрукаваны матэрыял БЕЛТА „Прыйшла ў рэдакцыю лістоўка“, у якім, акрамя абвяржэньня кіраўнікоў Саюзу пісьменьнікаў, што нібыта Дом літаратара з’яўляецца штаб-кватэрай Аргкамітэту БНФ, (магчыма, па недагляду рэдактараў) падаваліся каардынаты члена Аргкамітэту паэта Алеся Емяльянава, які ў Доме літаратараў займаўся рэгістрацыяй групаў падтрымкі БНФ. Далей у прэсе пайшла хваля асуджальных публікацый — без прадстаўленьня ініцыятарам БНФ адказаць на абвінавачваньні.
Улётка - паведамленьне аб утварэньні БНФ, лістапад 1988. З архіву vytoki.netСяргей Навумчык, «Радыё Свабода»