На якой мове хачу, на такой і гавару.
Больш нікога не агітую! Я зараз пра мову.
Скажу толькі наступнае. Сабакі ва ўсім свеце брэшуць аднолькава. Гаў, ды гаў! І ў Аўстраліі гаў-гаў, і ў Еўропе, і ў Амерыцы…
Нават у Азіі, дзе іх у некаторых краінах ядуць, і там толькі гаў ды гаў. Я ўжо не кажу пра Афрыку. Там таксама гаў…
Па-іншаму не ўмеюць. І не саромеюцца. А чаго ім саромецца, сабакам?!
А людзі гавораць па-рознаму. Усюды па-рознаму. Кожны народ на сваёй мове. Бывае, некалькі моваў ведаюць, але між сабой дык на па-свойму. Цяплей, неяк, па-свойму. Ды і сорамна, як сваёй мовы не ведае чалавек! Не сабака ж! Людзі часамі саромеюцца…
Вось і ўсё. Выбар кожны робіць сам, бліжэй да сабак яго сорам, ці ўсё ж да людзей…
Ёсць, праўда, і яшчэ адзін варыянт на выбар. Трэці. Ну і сапраўды, нельга ж у такім важным пытанні абмяжоўвацца толькі двума. Або так, або так! Або чалавечы сорам, або сабачы! І чаму, як не чалавек, дык адразу ўжо сабака?!
Не! Ёсць ён, трэці варыянт! Гэта варыянт гадзюкі. У яе два языкі. Ну а ў каго два языкі, у таго аніводнай мовы. Зрэшты, гадзюкам мова і не патрэбная ўвогуле. Даказана, што яны глухія. Ім што ні гавары – як аб сцяну гарохам. Ні халеры не чуюць. Затое маюць два языкі. Ну ці адзін, але раздвоены. Можа гэта і не самая лепшая аналогія з двухмоўем, але ж з чым яшчэ праводзіць аналогіі, як не з прыродай?!
Я то пра мову шмат пісаў, і аналогій багата прыводзіў. Думаў, ужо больш не буду, як зразумеў, што беларуская мова, гэта мая асабістая каштоўнасць. І каштоўнасць майго народу. А як у вас ёсць што каштоўнае, вы ж не сунеце гэта іншым. Прыкладам, знайшлі скарб! Золата там! І ўсё! Ён ваш! Нікому вы яго не пхнеце. Бо гэта рэч каштоўная.
Так і з мовай. Я шчаслівы, што валодаю ёй. Гэта ж вялікая каштоўнасць. Ну хто будзе адмаўляцца ад каштоўнасці?! І не толькі мая, дарэчы. Але і народная. Вось і атрымліваецца, хто ёй валодае, той і наш народ. Ну а хто не, то на “не”, і суда няма.
Ну, вось зноў зараз прыйшлося падняць тэму мовы. Гэта з перапісам звязана, вядома ж. Ну, ужо ўсе напісалі пра мову ў сувязі з перапісам. Толькі гультай не напісаў. Я цярпеў-цярпеў, і вось пішу таксама. Ну, уяўляеце сабе, у Беларусі, у беларусаў, будуць пытаць па-руску, якая для беларусаў родная мова.
І не проста пытаць, а падказваць, як на гэтае пытанне адказаць. Бо там, пад пытаннем, расшыфроўка такая, па падказцы якой трэба ўспомніць тую мову, на якой размаўляў у раннім дзяцінстве. У наколькі раннім, не канкрэтызуецца.
Можа як гаварыць не ўмелі?! Але і гэтага ім мала. Яны яшчэ пытаюцца, на якой мове мы гаворым у хаце. Поўны набор пытанняў. Аднаго толькі не хапае, на якой мове ў нас у хатах гаворыць тэлевізар? І як гэта яны не дадумаліся спытаць гэтага?!
А раптам у каго тэлевізар гаворыць па-беларуску! Вось і адсачылі б моўнага агрэсара. У мяне ў жыцці часта пыталі, чаму я гавару па-беларуску. І ў гасцях пыталі, і ў краме, і нават у бібліятэцы. І хто бы вы думалі? Правільна, сама бібліятэкарка спытала. Аніяк не магла зразумець, чаму беларус у Беларусі гаворыць па-беларуску.
А бывала і некаторыя журналісты пыталіся, беларускія, і нават некаторыя беларускія палітыкі. І да тых, бывала, не даходзіла. Я па маладосці чаго толькі ім не тлумачыў! Якіх толькі аргументаў не прыводзіў! Не да ўсіх дайшло. А потым, неяк, сам стаў пытацца ў тых, хто пытаўся ў мяне, чаму я гавару па-беларуску.
– А чаму вы па-беларуску не гаворыце? – пытаю.
І ў людзей адразу вочы расчыняюцца, і хіба што і мазгі таксама. Бо адразу пачынаюць разумець недарэчнасць свайго пытання, і натуральную прыроду майго. Вось і ў гэтым перапісе, пытання, на якой мове мы размаўляем, быць не павінна.
Яно абразлівае! Павінна быць такое пытанне: “Калі вы не размаўляеце па-беларуску, то скажыце чаму?” Вось якія пытанні павінны цікавіць беларускую дзяржаву. Бо калі пытанні ў перапісе задае яна, то яе мусяць хваляваць прычыны нейкіх праблем, каб можна было іх хутчэй вырашыць. У адваротным выпадку, пытанні задае не беларуская дзяржава. Таму на такое: “На каком языке вы разговариваете дома?”, адкажу так: – Не ваша справа!
На якой мове хачу, на такой і гавару!
Віктар Сазонаў, «Радыё Рацыя»