З 18 па 21 кастрычніка ў Менску праходзіў зьезд беларусаў-вайскоўцаў Заходняга фронту.
18 кастрычніка 1917 г. у Менску пачаўся зьезд беларусаў-вайскоўцаў Заходняга фронту. У войсках былой Расейскай імпэрыі імкліва адбывалася самаарганізацыя па нацыянальнай прыкмеце. Беларусы гуртаваліся разам, каб абараняць свае правы і каб дапамагчы сваёй бацькаўшчыне ў той складаны час, паведамляе сайт Рады БНР.
«Зьезд вайскоўцаў Заходняга фронту адбыўся 18–21 кастрычніка 1917 г. Я была дэлегатам і адной з арганізатарак, прытым – адзінай жанчынай на зьезьдзе. Загадзя прыгатаваныя значкі – бел-чырвона-белыя – параздавала ўсім сябрам зьезду і ўспакоілася. Аж тут падходзіць нехта да мяне і кажа: “А ў генэрала Кандратовіча значка німа”. А ў мяне ўжо – ніводнага. Тады я адшпіліла сваю гаспадарскую бел-чырвона-белую разэтку (круглую) і прышпіліла генэралу. На трэці дзень зьезду пасадзілі мяне запісываць тых, хто хоча ў беларускія батальёны. Першым запісаўся генэрал Кандратовіч…», - успамінае беларуская пісьменніца Зоська Верас (Людзьвіка Сівіцкая) у кнізе «Пакуль рука пяро трымае» («Лімарыус», 2015).