Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Барыс Кіт — беларус, які даслаў чалавека на Месяц

20.10.2019 общество
Барыс Кіт — беларус, які даслаў чалавека на Месяц

Што мы ведаем пра нашага генія?

Ён застаў дарэвалюцыйную Расію, пад пагрозай жыцця з боку акупацыйнай улады аднавіў дзясяткі ўстаноў навучання, стварыў касмічнае паліва і літаральна запусціў чалавека на Месяц. Барыс Кіт быў самым старым беларусам у свеце і тлумачыў сваё доўгае жыццё беларускімі генамі, а яшчэ шматлікімі заслугамі ўнёс сваё імя ў капсулу часу, якая цяпер ўмураваная ў сцяну амерыканскага Капітолія. Матэрыял Onliner — пра беларускага генія, які вывеў сусветную касманаўтыку на новы ўзровень.

Барыс Кіт нарадзіўся 6 красавіка 1910 года ў Санкт-Пецярбургу ў сям’і супрацоўніка Дэпартамента пошты і тэлеграфа. Жыццё ў сталіцы тады было неспакойнае: у горадзе праходзілі рэвалюцыйныя хваляванні, і таму сям’я маленькага Барыса вярнулася на сваю гістарычную радзіму. Гэта была вёска Агароднікі, што знаходзілася непадалёк ад Навагрудка. У 1924 годзе хлопчыка залічылі ў польскую школу ў Карэлічах, а праз два гады ён перайшоў у Навагрудскую беларускую гімназію. Яго вучоба не абмяжоўвалася дакладнымі навукамі: Кіт актыўна вывучаў мовы, гісторыю і праяўляў здольнасці да музыкі. Пазней ён узгадваў, што хацеў нават паступіць на гістарычны факультэт універсітэта, але туды чарга была значна большая, чым для паступлення на матэматыка.

Далей быў фізіка-матэматычны факультэт Віленскага ўніверсітэта імя Стэфана Баторыя і атрыманне ступені магістра матэматыкі. У часы студэнцтва Барыс пачаў спробы выкладаць — весці ўрокі матэматыкі ў Віленскай беларускай гімназіі. У 1939 годзе Кіт стаў дырэктарам гэтай навучальнай установы. Але хутка Вільня адышла да Літоўскай рэспублікі і навуковец вярнуўся на Навагрудчыну.

Яго родную гімназію яшчэ ў 1934 годзе зачынілі польскія ўлады. Але навуковец дабіўся, каб яе дзейнасць была адноўлена, і стаў дырэктарам. Гэта дзякуючы яму ў Заходняй Беларусі былі адчынены сотні пачатковых школ і некалькі дзясяткаў сярэдніх навучальных устаноў. У той жа час Кіт выкладаў матэматыку ў Баранавіцкім педагагічным каледжы аж да самага прыходу нацыстаў. У гады акупацыі Кіт таксама працягваў выкладаць, нягледзячы на пагрозы нямецкай улады.

А далей адбылося чаканае. Кіта пачалі падазраваць у сувязях з партызанамі — нямецкая служба СД арыштавала выкладчыка і больш чым на месяц змясціла ў турму. Ад расстрэлу яго нібыта выратавалі былыя вучні. Займацца настаўніцтвам далей было занадта небяспечна, але ж Кіт працягнуў асветніцкую дзейнасць. У 1943 годзе ён стаў дырэктарам гандлёвай школы ў Маладзечне, напярэдадні атрымаўшы ў немцаў дазвол на яе стварэнне. Ва ўстанове разам з прафесійнай падрыхтоўкай вучні набывалі веды па гісторыі і культуры Беларусі. Барыс Кіт рабіў усё магчымае, каб далей развіваць свой праект, і намагаўся пераўтварыць школу ў гандлёвы інстытут. Праўда, навучанне ва ўстанове і так ішло па інстытуцкай праграме, што не афішавалася: імкнуліся хаваць ад немцаў. Яны ж абмяжоўвалі адукацыю мясцовага насельніцтва толькі пачатковымі класамі.

Аднак пастаянна хаваць гэтую дзейнасць не атрымлівалася. Хутка нацысты даведаліся аб моцнай сістэме адукацыі маладога дырэктара — і ён зноў апынуўся пад пагрозай расстрэлу. Кіту загадалі зачыніць школу, але выконваць указанне ён не спяшаўся. З рызыкай для свайго жыцця навуковец працягнуў адукоўваць вучняў, дзякуючы чаму яны змаглі завяршыць курс.

У 1944-м Барыс Кіт разам з сям’ёй выехаў на Нямеччыну. Адной з прычын стала пагроза расправы з боку савецкай улады, якая не магла станоўча ацаніць выкладчыцкую дзейнасць Кіта на падуладнай немцам тэрыторыі. У Мюнхене Кіт выкладаў матэматыку і адначасна атрымліваў медыцынскую адукацыю ў мясцовым універсітэце.

У 1948 годзе Барыс Кіт пераехаў у ЗША. Ён пасяліўся ў невялікім мястэчку Саўт-Рывер і ўладкаваўся ў фармацэўтычную фірму. Што ён тут рабіў? Дапамагаў беларускім эмігрантам наладжваць жыццё ў Штатах. А ў 1950 годзе адбыўся яго пераезд ў Лос-Анджэлес, у якім Кіт пачаў працаваць хімікам у розных кампаніях.

Галоўная дзейнасць, па якой мы ведаем Кіта, узрушыла яго жыццё ў сярэдзіне 1950-х. Больш за 20 гадоў Барыс Кіт аддаў праграме касмічных даследаванняў у ЗША і меў магчымасць асабіста пазнаёміцца з «бацькам амерыканскай касманаўтыкі» Вернерам фон Браўнам. Навуковец займаўся сістэмнай аналітыкай і прымаў удзел у розных праектах, што былі скіраваныя на развіццё міжкантынентальных ракетных сістэм. Кіт пачынае працаваць у кампаніі North American Aviation. Тут ён шчыруе над наватарскім праектам першай амерыканскай міжкантынентальнай ракетнай сістэмы Navaho, праектам падарожжа чалавека на Месяц Apollo, караблём Shuttle. Дарэчы, гэта яго навуковая праца-даследаванне якасцей вадкага вадароду як касмічнага паліва дала выдатныя вынікі. Менавіта на вадародзе «Апалоны» паляцелі ў космас. Так што Кіт сапраўды быў адным з тых навукоўцаў, што адправілі чалавека на Месяц. Так беларус здзейсніў рэвалюцыю ў сістэмах ракетных рухавікоў і, натуральна, вывеў касманаўтыку на новы ўзровень.

Фото: «Радыё Свабода»

У 1958 годзе Барыс Кіт пачаў працаваць у Міністэрстве паветраных сіл ЗША, у аддзеле касманаўтыкі. Ён займаў пасаду дзяржаўнага саветніка і эксперта па развіцці міжнароднай касманаўтыкі, пры гэтым спецыялізуючыся на савецкіх касмічных праграмах. А праз два гады Кіт здзейсніў адно са сваіх галоўных дасягненняў, выдаўшы першы ў гісторыі навукі падручнік па паліве для ракетных сістэм. Кніга атрымала назву Rocket Propellant Handbook.

У гэтым жа годзе вучоны прымае ўдзел у першай значнай сустрэчы савецкіх і амерыканскіх спецыялістаў, якая тычылася пытанняў касманаўтыкі. У выніку перамоў нарадзілася сумесная савецка-амерыканская касмічная праграма «Саюз-Апалон». У 1964 годзе Кіт выдае кнігу «Гісторыя і сучасны стан савецкай астранаўтыкі», а ў 1972-м выходзіць на пенсію. У адпачынку яму прыходзіць запрашэнне вярнуцца на стары кантынент і пачаць выкладчыцкую дзейнасць у нямецкім Франкфурце-на-Майне. На Нямеччыне Кіт выкладае ў Гейдэльбергскім універсітэце і падтрымлівае многія беларускія праекты — да прыкладу, арганізацыю беларускага радыё ў Аўстраліі. Напрыканцы 1960-х ён наведвае з лекцыямі Японію, Індыю, Мексіку, Іспанію, Канаду, Англію, Швецыю, Фінляндыю, Нарвегію і Германію.

Заслугі вучонага былі адзначаны ўнясеннем ягонага імя ў спецыяльную капсулу часу, умураваную ў сцяну амерыканскага Капітолія.

Напачатку 90-х гадоў Барыс Кіт, які, па яго словах, заўсёды ганарыўся сваім беларускім паходжаннем, нарэшце змог прыехаць на радзіму. Прычына доўгага невяртання простая: праца на адказных пасадах, а таксама ўдзел у засакрэчаных распрацоўках перашкаджалі візітам у Беларусь.

Але ж дома выбітнага навукоўца сустракалі цёпла. Беларуская пісьменніца і літаратуразнаўца Лідзія Савік напісала аб суайчынніку кнігу «Космас беларуса». Кажуць, што Кіт плакаў, калі чытаў сігнальны асобнік гэтага выдання. А яшчэ ён працаваў над уласнай аўтабіяграфіяй разам з Васілём Быкавым, які назваў яго «першым беларусам у свеце». Другі знакаміты пісьменнік, Рыгор Барадулін, напісаў чатыры радкі вершаў, у якіх складана не пазнаць таго самага Кіта:

Як ні сягне высока птах,

Ляцеціме ў гняздо наніз.

Зямля стаіць на трох кітах.

Адзін з кітоў — спадар Барыс.

На радзіме навуковец атрымаў званне ганаровага грамадзяніна Навагрудка і стаў доктарам навук Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Для прысвечанага яму музея на малой радзіме Кіт асабіста перадаў значную частку свайго архіва.

Барыс Кіт быў жанаты, меў дзяцей, унукаў і праўнукаў. Навуковец дажыў да 107 гадоў і сваё даўгалецце тлумачыў беларускімі генамі. Ён памёр у 2018 годзе і пахаваны ў нямецкім горадзе Вісбадэне. Паводле інфармацыі Белстата, сярод мужчын на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь не было старэйшых за Барыса Кіта людзей.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]