У госці да беластоцкіх школьнікаў завіталі беларусы, украінцы, армяне, чачэнцы і прадстаўнікі крымскіх татараў.
Сярод нас жывуць людзі іншых нацыянальнасцяў. Пра гэта школьнікам у Беластоку на адмысловых сустрэчах распавядалі прадстаўнікі грамадскіх ініцыятываў, паведамляе «Радыё Рацыя».
Ад беластоцкіх школьнікаў можна было пачуць, напрыклад, што да Беларусі трэба ехаць нават 1000 кіламетраў. Але цяпер, дзякуючы гэтаму праекту, яны ведаюць, што Беларусь вельмі блізка, больш таго, мы маем агульную культуру і падобную мову. А беларусы і прадстаўнікі іншых нацыянальнасцяў жывуць побач з намі тут, у Беластоку. І для гэтага ладзіўся праект, кажуць яго ініцыятары. Сярод якіх Альжбета Похуцкая з Беластока:
– Наш праект рэалізуецца ў рамках Падляшскага інкубатара сацыяльнай актыўнасці. Апекуном нашай групы нефармальнай, якая рэалізуе гэты праект, з’яўляецца Цэнтр падтрымкі пазаўрадавых арганізацый. Сустрэчы арыентаваныя на супольнаць пачатковых школ №4 і 26 у Беластоку, выключных з пункту гледжання сваёй культурнай разнастайнасці.
Сустрэчы ў фармаце кавярні і размовы прайшлі ў беластоцкіх пачатковых школах №№4 і 26. А ў госці да беластоцкіх школьнікаў завіталі беларусы, украінцы, армяне, чэчэнцы і прадстаўнікі крымскіх татараў, якія ужо даўно жывуць у Беластоку.