Гішпанка зрабіла параўнаўчы аналіз літаратурных сітуацый у Гішпаніі і Беларусі напрыканцы ХХ стагоддзя.
Гішпанская літаратуразнаўца Анхела Эспіноса Руіс працягвае свае даследаванні беларускай літаратуры. Гэтым разам яна зрабіла параўнаўчы аналіз літаратурных сітуацый у Гішпаніі і Беларусі напрыканцы ХХ стагоддзя, паведамляе racyja.com.
З гэтым дакладам яна выступіла на Кангрэсе даследчыкаў Беларусі. Для параўнаўчага аналізу яна ўзяла творчасць паэтаў – лідара Таварыства маладых літаратараў «Тутэйшыя» Анатоля Сыса і лідара гішпанскай літаратурнай суполкі «Іншая пачуццёвасць» Луіса Гарсія Мантэра.
Кажа Анхела Эспіноса Руіс:
– Беларуская літаратура выбірае беларускае, нацыянальнае, сваё. Вяртаецца да мовы, да крыніцаў. Адмаўляецца ад эстэтыкі савецкага канону. Што датычна паэзіі, выразна адчуваецца прысутнасць Анатоля Сыса сярод «Тутэйшых». Алюзіі да Бацькаўшчыны ў лірыцы Гарсія Мантэра значна радзейшыя. У Гішпаніі такіх тэндэнцый было менш.
Паводле Анхелы Эспіноса Руіс, шмат якія асаблівасці літаратурнага развіцця прыканцы ХХ стагоддзя ў Гішпаніі і Беларусі былі агульнымі.
– У 80-ыя – 90-ыя гады ХХ стагоддзя як у Беларусі, так і ў Гішпаніі былі крытычным этапам для развіцця літаратуры. Паэты і пісьменнікі гэтых дзесяцігоддзяў спасылаліся на гісторыю, на новыя сусветныя тэндэнцыі, шукалі сваё. Такія ўмовы паспрыялі паўстанню ў абедзвюх краінах новых літаратурных гурткоў, таварыстваў, як «Тутэйшыя» у Беларусі і «Іншая пачуццёвасць» у Гішпаніі.
Сёлета Анхела Эспіноса Руіс на філалагічным факультэце мадрыдскага Універсітэта Камплутэнсэ абараніла доктарскую дысертацыю на тэму «Сімвалізм народнага паходжання ў прозе Яна Баршчэўскага і Густава Адольфа Бэкера». Анхела вядомая таксама і як беларуская паэтка, яна аўтарка трох беларускамоўных зборнікаў вершаў.