Беларуская дыяспара сустрэла гурт авацыямі.
Этна-трыа ''Тройца'' 17-20 кастрычніка візітавала ў канадскім горадзе Таронта.
Гурт заснаваны ў 1994 годзе вядомым збіральнікам фальклору Іванам Кірчуком. У сучасны склад гурта таксама ўваходзяць барабаншчык Юры Паўлоўскі і гітарыст Юры Дзмітрыеў. За час свайго існавання гурт даў сотні канцэртаў у шмат якіх краінах свету, у тым ліку ў Германіі, Нідэрландах, Аўстрыі, Венгрыі, Польшчы, Іспаніі, Швейцарыі, Бельгіі, Партугаліі, Славеніі, Харватыі, Эстоніі, Літве, Латвіі, Расіі, Чылі, Малайзіі, піша Новы Час.
І, нарэшце, візітаванне ў Паўночнай Амерыцы з адзіным канцэртам у канадскім горадзе Таронта 18 кастрычніка. Візіту гурта папярэднічала шматмесячная інтэнсіўная рэклама ў сацыяльных сетках. І вось 17 кастрычніка апоўдні разышлася навіна са здымкамі з аэрапорту Пірсан: ''Тройца'' ў Таронта!'' 18 кастрычніка — знаёмства з месцам, дзе павінен адбыцца канцэрт, абсталяваннем, музычнымі інструментамі, праверка гуку.
Доўгачаканы пятнічны вечар. У Таронта прыбылі нашыя суродзічы з розных гарадоў Антарыё. У памяшканні клубу беларуская гамонка сотняў людзей. Прыўзняты настрой у прысутных. У праграме этна-трыа гучалі спевы ''Русальная'', ''Вясельная Мар'я'', ''Шэльма'', ''Яблынь мая'' (карагодная), ''Семь чарак гарэлкі'', ''Зіма з Летам'', ''Купальская -Канапелька'', ''Мядзьедзь'' і інш. Гэта трэба было бачыць, якоя карагоды вадзілі ў залі клуба пад спевы ''Тройцы''! Незвычайная чаруючая музыка, незвычайныя словы спеваў, незвычайнае адзенне Майстра, незвычайныя адчуванні аўдыторыі. Чаканні спраўдзіліся. Мары здзейсніліся. Цуд здарыўся.
З выказванняў аднаго з тых, хто пабываў на канцэрце: ''Падавалася, што ўся беларуская грамада правінцыі сабралася ў Моd Тheatre Club. Шыкоўнае выступленне. Зацэньваю на дзесяць з дзесяці. Усе вельмі задаволены. Выдатная дэманстрацыя нашага нацыянальнага мастацтва праз сучасныя формы выканання! Жыве Традыцыя! Жыве Беларусь!''
Наслухаўшыся ўражанняў ад канцэртнай праграмы ''Тройцы'' беларусы Вялікага Таронта, што не мелі магчымасці трапіць у Моd Тheatre Club у пятніцу, у суботу 19 кастрычніка пацягнуліся ў даунтаун мегаполіса, дзе на Сэнт Клэрэнс авеню ў цагляным будынку Цэнтру мелася адбыцца сустрэча з легендарным гуртом. Парафія Св. Кірылы Тураўскага (БАПЦ), Згуртаванне Беларусаў Канады і Арт-Гасцёўня ''Родны Край'' зарганізавалі сумесную з этна-трыа ''Тройца'' сяброўскую вячэру, аўтограф-сесію і прэзентацыю на тэму ''Магія Беларускага Фальклору'' ад лідара гурта Тройца'' беларускага музыкі, кампазітара, фалькларыста, выкладчыка Івана Кірчука. Ягоная 45-хвілінная лекцыя літаральна зачаравала запоўненую залю Беларускага Цэнтру ў Таронта. Дзіўныя гучанні, прадуцыруемыя разнастайнымі музычнымі інструментамі, перамяжаліся спевамі незвычайных тэмбраў з багатаю гамаю гукавых адценняў. Што прыемна было назіраць, нават звычайна гаманлівыя дзеткі, якіх бацькі з выхаваўчаю мэтаю прывялі с сабою й на гэты раз, глядзелі й слухалі не варухнуўшыся. Распаволены бадзёры стыль кіравання вечарынаю Ірыны Тоўсцік спрыяў агульнаму настрою, разняволенасці прысутных. Безумоўна, тую дзею, што мела месца ў прыгожы суботні вечар ў Беларускай Хаце, трэба сапраўды бачыць і чуць, каб зацаніць хараство высокага майстэрства. Па сканчэнні монаспектаклю больш за 70 удзельнікаў вечарыны стоячы працяглымі авацыямі шчыра дзякавалі Івану Кірчуку, Юру Паўлоўскаму і Юру Дзмітрыеву.
Першаярах БАПЦ Архіяпіскап Святаслаў, Старшыня Галоўнай Управы Алёна Лявончанка падзякавалі ўдзельнікам эта-трыа ''Тройца'' за прыгожы расповед, музыку, спевы, за свята, падараванае Беларускай грамадзе ў Канадзе.
Апрануты ў старажытныя літвінскія строі Алесь Кот выказаўшы колькісь добрых словаў у адрас ''Тройцы'' ад імя прысутных ў залі удзельнікаў мастацкай вечарыны, аддзякаў артыстам кнігамі, заўважыўшы, што прэзентуемыя выданні з разраду тых, што ў Беларусі не друкуюцца з-за забароны. Кожны з сябраў этна-трыа атрымаў кніжкі ''Беларускія фестывалі й выстаўкі ў Ню-Дзэрзі'' Янкі Запрудніка, ''Мова ў гісторыі беларускага пісьменства'' (факсімільнае выданне) Аўгена Калубовіча, ''Дэпутаты Незалежнасці' С. Навумчыка і Зянона Пазьняка ', ''Палын-палын'' Зянона Пазьняка. Асабіста кіраўніку ''Тройцы'' Івану Кірчуку сталася ўручанаю кніга Зянона Пазьняка ''Тэрра Дэй'', а ўсяму гурту — чырвона-бел-чырвоны канадскі сцяг.
Затым чарга да спадара Івана за аўтографамі, што ён пакідаў на аўдыёдысках і праграмках, прыкладзеных да набытых нашымі суродзічамі прыгожых з выяваю этна-трыа ''Тройца'' маек. Узрушаныя ўбачаным і пачутым у гэты дзень людзі не разыходзіліся з Беларускага Цэнтру Таронта амаль да паўночы. Шэсць гадзінаў прыемнага адпачынку, напоўненых разнастайна аранжыраваным артыстамі і арганізатарамі шоу, незабыўнымі ўражаннямі ад прафесійна выкананых мелодыяў, легендаў, спеваў з нашай далёкай беларускай мінуўшчыны, сустрэчаў са знаёмымі, абмену думкамі за келіхам добрага віна і смачнаю ежаю.
Колькі пазітыву ўнесена ў жыццё нашых суродзічаў на Чужыне! Пачуццё дакранання да роднага, адчуванне духоўнай сувязі з Бацькаўшчынай — тое, што так патрэбна нам эмігрантам, каб не сканаць aд бездухоўнасці. Каб не спраўдзілася сказанае аднойчы ў роспачы: ''У заможнай далечы, у духоўнай галечы душу беларуса лёс пакалечыў...''
Рэспект і падзяка актывісту беларускай суполкі ў Канадзе Змітру Леановічу, хто больш за год таму ўзяўся за арганізацыю першага візітавання легендарнага этна-трыа ''Тройца'' ў Паўночную Амерыку і давёў справу да лагічнага канца.