Гэта той самы выпадак, калі чалавек можа праявіць сябе ва ўсім: фізіцы, музыцы і медыцыне.
Сёння будзе гаворка пра навукоўца, які стаў знакамітым на ўсю Еўропу дзякуючы ўласным распрацоўкам. Што яшчэ стварыў беларускі Тэсла, чытайце ў матэрыяле Onliner.
Усё пачалося з Міншчыны. Якуб Наркевіч-Ёдка нарадзіўся 8 студзеня 1848 года ў маёнтку Атонава (ёсць думка, што насамрэч гэта быў маёнтак Турын Мінскай губерніі), паходзіў са старажытнага беларускага шляхецкага роду, а з боку маці ўвогуле быў у сваяцтве са знакамітым Тадэвушам Касцюшкам. У радавых маёнтках, дзе хлопчык правёў свае дзіцячыя гады, ён вывучыў французскую мову і выдатна асвоіў піяніна. Дарэчы, тады ж ён і пачаў складаць музычныя творы. Затым было паступленне ў Мінскую гімназію, а пасля — выезд у Еўропу. У наступныя гады Якуб атрымліваў веды ў найбуйнейшых навуковых цэнтрах заходняга свету, у тым ліку ў Парыжы і Рыме.
Падчас вучобы стала зразумела, што Наркевіч-Ёдка цікавіцца хіба не ўсімі прадметамі: фізікай, медыцынай, біялогіяй і псіхалогіяй. Да таго ж падчас навучання ў Парыжскай кансерваторыі ён удасканаліў здольнасці піяніста і пачаў даваць канцэрты для адукаванай французскай публікі. Малады навуковец атрымаў выдатную адукацыю, мог цалкам спадзявацца на добрую працу ў Еўропе, аднак вярнуўся, каб дапамагчы радзіме.
У 70-я гады XIX стагоддзя Якуб ператварае радавы маёнтак Наднёман у навуковы цэнтр, прызначаны для эксперыментаў. Наркевіч-Ёдка арганізуе лабараторыі і выкарыстоўвае ў іх лепшае абсталяванне. Затым, у 80-я, ён стварае метэаралагічную станцыю. Адразу праект не выстрэльвае, і Якуб працуе над ім, пакуль станцыя не становіцца адной з буйных у Расійскай імперыі.
Акрамя гэтага, вучоны пачынае канструяваць громаадводы — прыборы для памяншэння шкоды ад навальніц. Як яны выглядалі? Гэта былі канструкцыі з завостраным на адным канцы медным стрыжнем, злучаным саламянай вяроўкай або металічным дротам з цынкавай пласцінкай, што была ўкапана ў зямлю. Медны стрыжань размяшчаўся на драўлянай вышцы вышынёй каля 12 метраў. Ставілі гэтыя прыборы ў шахматным парадку. Афіцыйныя дадзеныя назіранняў пацвярджалі, што ў навукоўца атрымалася ўзяць нябесную электрычнасць пад кантроль, а над тэрыторыяй гэтых палёў колькасць маланак сапраўды была мінімальнай.
Громаадвод таксама выкарыстоўваўся для атрымання электрычнасці: з яго дапамогай Якуб праводзіў розныя эксперыменты над раслінамі і намагаўся паскорыць іх рост. У яго атрымалася. Усё было проста: ток, прапушчаны праз насенне ў глебе, стымуляваў яго, а ў паветры з дапамогай разрадаў электрычнасці ішло ўтварэнне азону. Акрамя таго, для сістэматычных вымярэнняў вільготнасці глебы Наркевіч-Ёдка сканструяваў адмысловы прыбор — лiзiметр.
У гэты час беларускі навуковец займаўся і тымі распрацоўкамі, што прынеслі яму сусветную вядомасць. Яшчэ ў сярэдзіне 80-х гадоў XIX стагоддзя Наркевіч-Ёдка пачаў даследаванні электрычнасці чалавечага цела. Калі тлумачыць сцісла, то кожнага чалавека ён разглядаў як своеасаблівы генератар току. Якуб паставіў задачу зарэгістраваць працэс паглынання і выпускання электрычнасці арганізмам і падчас правядзення эксперыментаў выявіў свячэнне рук чалавека ў полі высакавольтнага генератара. Але што гэта значыла? Такое адкрыццё прывяло да стварэння адмысловай электрычнай прылады, якая адлюстроўвала свячэнне на фотапласцінцы. Вынік свайго эксперыменту навуковец назваў «электраграфіяй». З дапамогай гэтай методыкі Наркевіч-Ёдка атрымаў больш за 1500 здымкаў, а яго працы называлі фотаздымкамі аўры і душы. Гэта праўда: адкрыццё Якуба ўражвала сучаснікаў, але разгорнутае навуковае тлумачэнне атрымала толькі праз шмат гадоў. Цяпер фізікі лічаць, што на электраграфічным здымку адлюстроўваюцца энергетычныя працэсы, якія змяняюць працу выхаду электронаў.
Да спісу дасягненняў Наркевіча-Ёдкі дадаюць і вынаходніцтва радыё. Пра тое, што ён быў першым чалавекам, які адкрыў спосаб радыёперадачы, сведчыць справаздача Французскага навуковага таварыства ў 1898 годзе. Праўда, тэарэтычнага абгрунтавання для гэтай вынаходкі навуковец не прадставіў і таму «бацькам радыё» прызначаны не быў.
Чым яшчэ здзіўляў наш зямляк? Напрыклад, некаторыя іншыя яго эксперыменты выглядалі дастаткова загадкавымі. У 1890 годзе Наркевіч-Ёдка з дапамогай мачты з металічнага дроту вышынёй 27 метраў, пакаёвых кветак, якія выконвалi ролю дэтэктара, і тэлефонаў упершыню ў свеце прымаў электрамагнітныя выпраменьванні навальнічных разрадаў. Вучоны прадэманстраваў мінскай публіцы эксперымент, які нагадваў магічны фокус. Размясціў на адлегласці ад шпулькі Румкорфа пакаёвыя кветкi ў вазоне, галінку якiх злучыў дротам з тэлефоннай трубкай. Трубка выразна перадавала гукі, якія ўтваралiся спіраллю. Пра сенсацыю тут жа паведаміла сваім чытачам газета «Мінскі лісток». Хоць вонкава гэта і нагадвала рэгістрацыю радыёсігналаў, прыбор, які выкарыстаў Наркевіч-Ёдка, не з’яўляўся радыёпрыёмнікам у сучасным разуменні: яго дзеянне было заснавана не на рэгістрацыі электрамагнітных хваляў, а на з’яве электрамагнітнай індукцыі.
У 1891—1892 гадах навуковец праводзіць даследаванні «ў галіне перадачы гукавых і светлавых з’яў на адлегласць пры ўдзеле чалавечага арганізму». А яшчэ дэманструе магчымасць рэгістрацыі з дапамогай тэлефона штучна створанных электрычных разрадаў. І гэта быў стопрацэнтны поспех. За выдатныя вопыты навукоўца пачалі называць «электрычным чалавекам».
Гэтымі даследаваннямі Наркевіч-Ёдка не абмежаваўся: ён таксама цікавіўся медыцынай. Ва ўласным маёнтку Якуб арганізаваў санаторый, дзе спалучаў самыя розныя метады аздараўлення. Прааналізаваўшы інфармацыю з электраграфічных здымкаў, ён выказаў здагадку, што выявы знятых такім спосабам частак цела можна выкарыстоўваць для дыягностыкі розных захворванняў. Даследчык прапанаваў ужываць штучную і атмасферную электрычнасць, каб лячыць палаталагічныя змены арганізма. І сам жа паспрабаваў зрабіць гэта ў 1898 годзе. Метадам электратэрапіі зацікавіліся нават у Рыме ў Інстытуце фізіялогіі, дзе яго хутка пачалі выкарыстоўваць пад назвай «сістэма Ёдкі». Тую ж методыку Якуб ужываў ва ўласным санаторыі, спалучаючы яе з лячэбнай гімнастыкай і асаблівай дыетай, у рацыён якой уваходзілі мінеральная вада і кумыс.
Наркевіча-Ёдку называюць беларускім Тэслам. Аднак ён ніколі не забываўся і на свае музычныя здольнасці. Паводле легенды, на вежы свайго палаца Наркевіч-Ёдка ўсталяваў «музычную машыну». Ад ветру яна выдавала гарманічныя гукі — ад ціхіх да гучных і трывожных. Да таго ж вучоны ладзіў адмысловыя «святы лета», запрашаў шмат гасцей і арганізоўваў музычныя выступы.
Якуб Наркевіч-Ёдка быў жанаты і меў пяцёра дзяцей. У надрукаванай у Парыжы ў 1896 годзе біяграфічнай кнізе «Жыццё і дзейнасць Якуба Наркевіча-Ёдкі» ёсць цікавае апісанне знешнасці галоўнага героя. Кажуць, ён быў «сярэдняга росту, рухомы, з мяккай жэстыкуляцыяй і праніклівым позіркам, з хрыплаватым і ў той жа час вельмі мяккім голасам, уяўляў сабой тыповы прыклад змешвання заходняга славяніна з унутраным містыцызмам паўночных народаў і неўтаймоўным энтузіязмам жыхароў Міжземнамор’я. Такія людзі не застаюцца незаўважанымі, яны не пакідаюць абыякавымі навакольных, нешматлікія застаюцца абыякавымі да ўплыву зыходзячай ад іх асаблівай чароўнасці, поўнай такту і прыязнасці».
Беларускі вучоны памёр у 1905 годзе падчас паездкі па Італіі і Аўстрыі. Пахавалі Наркевіча-Ёдку ў радавым маёнтку Наднёман, дзе яго праводзілі натоўпы мясцовых жыхароў. Улетку 2002 года была выканана рэстаўрацыя фамільных радавых могілак Наркевічаў-Ёдкаў і ўсталяваны памятны знак-валун у гонар Якуба Наркевіча-Ёдкі.