Чарговая «геніяльная» ідэя камуніста Карпенкі.
«Нарэшце, рэформа адукацыі, – Падумала я. – А не. Гэта чарговая геніяльная ідэя камуніста Карпенкі, якога прызначылі, на вялікі жаль усіх бацькоў, дзяцей і педагогаў, міністрам адукацыі».
Прычым ідэя, якая ўваб’е чарговы цвік у труну беларускай адукацыі. У школах можа з’явіцца пасада кіраўніка па ваенна-патрыятычным выхаванні. То бок ідэолага ўжо мала. Цяпер яшчэ трэба і кіраўніка па ваенна-патрыятычным выхаванні. Калі так працягнуць прызначаць розных кіраўнікоў ды ідэолагаў, то ў школе настаўнікаў не застанецца, а замест вучобы будзе адно ваенна-патрыятычнае выхаванне.
Міністр адукацыі і камуніст Ігар Карпенка патлумачыў, чым будзе займацца такі кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні. Самае галоўнае, гэта клопат пра ветэранаў і вывучэнне гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Наконт ветэранаў, дык іх, па-першае, ужо засталося вельмі мала, каб дзеля гэтага адкрываць пасаду кіраўніка па ваенна-патрыятычным выхаванні ў кожнай школе.
Гэтыя грошы лепей на ветэранаў накіраваць. А па-другое, у ветэранаў ужо такі ўзрост, што іх трэба медыкам наведваць, а не школьнікам. Вялікая Айчыннай вайна скончыла 74 гады. Калі ўлічыць, што ў 1945 годзе самым маладым вайскоўцам было гадоў 18, то цяпер ім 92. А цяпер падумайце, ці шмат людзей у нашай краіне дажывае да такога ўзросту? Што ж да вывучэння гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, то з гэтым, як і з вывучэннем гісторыі ІІ Сусветнай вайны, цалкам справіцца настаўнік па гісторыі.
А ўвогуле заняўся б лепей міністр адукацыі лепей беларускай мовай у школах. А тое ў краіне нібыта дзве дзяржаўныя мовы, а школ на беларускай мове навучання практычна няма.
Юлія Сівец, «Радыё Рацыя»