Новости БеларусиTelegram | VK | RSS-лента
Информационный портал Беларуси "МойBY" - только самые свежие и самые актуальные беларусские новости

Як калекцыянэр з ЗША 10 гадоў ганяўся за хакейным джэрсі з «Пагоняй»

02.11.2019 спорт
Як калекцыянэр з ЗША 10 гадоў ганяўся за хакейным джэрсі з «Пагоняй»

Спартовая форма з выявай гістарычнага герба Беларусi — адна з самых рэдкіх у сьвеце.

Амэрыканскі зьбіральнік расказаў «Свабодзе», чаго яму каштаваў падобны рарытэт зь Беларусі.

Транзыт у мінулае

Дзьмітрый Шмярковіч нарадзіўся ў Адэсе, пераехаў з бацькамі ў Нью-Ёрк яшчэ дзіцём. Цяпер яму 41 год, ён кваліфікаваны лекар-нэўрапатоляг, мае прыватную практыку, спэцыялізуецца на хворых эпілепсіяй.

Вольны час прысьвячае любімаму захапленьню мільёнаў паўночных амэрыканцаў — хакею з шайбай. У ЗША і Канадзе гэта культавы спорт. Ня толькі наведвае матчы Нацыянальнай хакейнай лігі, але і сам выходзіць на лёд, гуляе ў аматарскіх турнірах.

А яшчэ зьбірае швэдры нацыянальных зборных — ад усясьветных грандаў да экзатычных калектываў. Удакладняе, што гаворка толькі пра арыгіналы: гульнявыя ўзоры, сувэнірная і заўзятарская прадукцыя не разглядаюцца.

Да Беларусі ён мае асабістыя адносіны: ягоная жонка — з-пад Горадні, там дагэтуль жыве яе бабуля. Зусім малой Надзея апынулася ў Ізраілі, а ўжо адтуль сямʼя перабралася ў Штаты. Летась упершыню Дзьмітрый наведаўся ў Беларусь і зразумеў, што выраз «трапіць у мінулае» — не перабольшаньне.

«У свой час падавалася, што Польшча ніколі ня выкараскаецца з дна, там і застанецца, — кажа ён. — А цяпер прыяжджаеш — пазнаць цяжка: так прыемна, проста неверагоднае задавальненьне атрымліваеш! Гэта я да таго, што і вам такога ж цудоўнага пераўвасабленьня жадаю. Мы трапілі пасярод зімы ў вёску пад Горадняй. Магу сказаць, што ўражаньні незабыўныя: усё ж у ХХІ стагодзьдзі побытавыя ўмовы павінны быць, мякка кажучы, лепшыя. Ня хочацца народ пакрыўдзіць, людзі якраз ні пры чым, гарадзенцы вельмі добрыя і гасьцінныя».

Калекцыя Дзьмітрыя Шмярковіча налічвае блізу 700 джэрсі ў розных варыяцыях. Па яго словах, кожная каманда празь нейкі час мяняе дызайн ці вытворцу, сьледам стараюцца «абнаўляцца» і зьбіральнікі. Адпаведна, «гардэроб» разрастаецца.

Спыніць калекцыянэра

За гэты час ён прыдбаў больш за дзясятак маек зборнай Беларусі, аднак не хапала самай важнай — з выявай гербу «Пагоня». Менавіта пад гістарычнай сымболікай беларусы ў 1992 годзе дэбютавалі на міжнароднай арэне і пачалі ўздымацца ў эліту зь ніжэйшых дывізіёнаў.

«Першае джэрсі ў маёй калекцыі зьявілася ў 2006 годзе — ад зборнай Ізраілю, — расказвае Дзьмітрый Шмярковіч. — Я за яе нават згуляў два выставачныя матчы ў 2011-м. Годам раней каманда выйграла першынства сьвету ў сваім дывізіёне і падрасла ў клясе. Была вялізная падзея, у тым ліку для шматлікай габрэйскай дыяспары. А калі неўзабаве разжыўся майкай з Румыніі, вырашыў засяродзіцца на швэдрах галоўных камандаў — ня толькі пад эгідай IIHF, самых розных. На сёньня калекцыя разраслася да сямі сотняў. Я не зьбіраю „прататыпы“, усе экзэмпляры гульнявыя».

Паводле суразмоўцы, асобна ён зьбірае ўсё, што зьвязана з хакеем часоў СССР, зь яго легендамі, а таксама майкі хакеістаў з габрэйскімі каранямі. А зусім нядаўна пачаў пашыраць калекцыю жаночымі джэрсі.

Дзьмітрый Шмярковіч кажа, што як калекцыянэр у сваёй сфэры практычна дасягнуў столі. Многіх рэчаў, якія мае ён, няма ні ў калегаў са стажам, ні ў музэях хакейнай славы. Апошняе дзесяцігодзьдзе ідэяй-фікс заставаўся рарытэт зь Беларусі, але сёлета вакансію ўдалося нарэшце закрыць. Цяпер ужо можна задумацца пра заслужаны адпачынак, жартуе ён.

«Майка з „Пагоняй“ — адзін з пунктаў, які набліжае ад калекцыянаваньня да „пэнсіі“, — сьмяецца Дзьмітрый. — Бо калі аднойчы не спыніцца, будзеш шукаць да апошняга ўздыху. Але пакуль кропку ня стаўлю. Справа ў тым, што Беларусь пачала выступаць сваёй камандай у 1992 годзе. Форма з „Пагоняй“ ад брэнду Tackla — адзін стыль. А вось Reebok — ужо іншае. У мяне ёсьць другі варыянт, але я не спыняю высілкаў атрымаць і першы... Калі ж узяць усю гісторыю выступаў беларусаў (у тым ліку пад лукашэнкаўскім гербам), то гэта пад 30 маек розных стылёвых кірункаў».

Калі адкінуць майкі ў нацыянальна-гістарычным стылі, найбольшым гонарам для Дзьмітрыя Шмярковіча было займець джэрсі зборнай Беларусі зь зімовай Аліміпяды-2002 у Солт-Лэйк-Сіці. Тады выхаванцы галоўнага трэнэра Ўладзімера Крыкунова сталі сэнсацыяй хакейнага турніру, перагуляўшы на шляху да паўфіналу каманду Швэцыі.

«А яшчэ ёсьць узоры, якія ня маюць ніякіх шанцаў адрадзіцца, — працягвае Дзьмітрый Шмярковіч. — І тут справа ня ў стылі, а ў канцы той ці іншай сыстэмы, палітычнай эпохі. Я знайшоў майку каманды БССР са Спартакіяды 1986 году. Яшчэ не на руках, неўзабаве прыедзе. Дык вось гэта круцяк з круцякоў, бо 30 гадоў такая форма ўжо не выпускаецца. А паколькі яна такая рэдкая, у нашых колах гэта як брыльянт. Іншымі словамі, чым больш эксклюзіўны экзэмпляр, тым большае на яго паляваньне».

Элітарнае задавальненьне

Дзьмітрый згадвае, што праз знаёмых здабыў сьпіс гульцоў зборнай Беларусі першай паловы 1990-х, спрабаваў зьвязвацца зь імі наўпрост. Зь некаторымі нават перакрыжоўваўся ў Штатах, на адных пляцоўках гуляў аматарскія матчы. І пісьмова, і ў непасрэдных кантактах адказ быў адзін: майкі няма і паняцьця ня маю, ці ў каго засталося. Толькі пасьля 10 гадоў пошукаў высілкі былі ўзнагароджаныя.

Джэрсі з выявай «Пагоні» належала рэальнаму хакеісту, аднак з этычных меркаваньняў называць прозьвішча Дзьмітрый ня хоча. Як і цану, па якой удалося здабыць неаднаўляльны рарытэт. Толькі намякае, што «грошы прыстойныя». Наогул жа цэнавы роскід на швэдры вельмі значны — ад паўсотні да дзясяткаў тысяч даляраў. Як вобразна кажа калекцыянэр, гэта захапленьне, параўнальнае з тратамі на жанчын, брыльянты і спарткары.

«Пра „Пагоню“ я ўпершыню пачуў у 2009 годзе, — згадвае ён. — Унікальны ўзор, які нядоўга праіснаваў: у 1996-м адбыўся рэбрэндынг, старыя майкі папросту зьніклі! Ня ведаю, спалілі іх ці неяк утылізавалі, але нідзе няма! Мой канадзкі сябра Браян Харпэр зьбірае толькі брэнд Tackla. Неяк у інтэрнэце натрапіў на чырвоную „Пагоню“ за 50 даляраў, рэдкае шанцаваньне. І так захапіўся, што заняўся дасьледаваньнем такіх рарытэтаў, узяўся за кнігу. Дык вось такая майка толькі ў яго. Я шукаю аналягічную з прапановай вялізных грошай чацьвёрты год».

Зрэшты, зьбіральнік не адчайваецца: з улікам, што на пошук майкі ад Reebok запатрабавалася 10 гадоў, на аўтэнтычную Tackla фора ў часе яшчэ ёсьць.

Агулам, па яго інфармацыі, у прыватных калекцыях у Эўропе і ЗША захоўваецца 5–6 гульцоўскіх маек з «Пагоняй». Дарэчы, адна зь іх — у менскага журналіста і хакейнага аматара Аляксандра Старыкевіча.

Рарытэты пад аховай

Як тлумачыць суразмоўца, у кожнага ягонага экзэмпляра свая вартасьць: некаторыя з прычыны надзвычайнай рэдкасьці і каштоўнасьці даводзіцца трымаць пад сыгналізацыяй. Хакейная «Пагоня» — менавіта з гэтага шэрагу.

«Тое, што дарагое, канечне ж, пад аховай, — кажа ён. — Што тычыцца „Пагоні“, яна адносіцца да катэгорыі, прабачце, „хрэн дзе знойдзеш“. Надзвычай рэдкая рэч. З чым яе групую? У мяне ёсьць майка Вялікай Брытаніі 1934-га (у працэсе дастаўкі яшчэ старэйшая — Паўднёвая Афрыка 1930 году). Або першае джэрсі Ізраілю, у якой згуляны адзін матч у 1986-м. Ці майка Брытанскага Ганконгу 1987-га. „Пагоня“ ў гэтым пераліку — настолькі яна рэдкая. Нядаўна доблесная амэрыканская пошта згубіла яшчэ адну неаднаўляльную рэч — вельмі дарагую майку ГДР, разьбіраюся».

Акрамя таго, у калекцыі Дзьмітрыя Шмярковіча ёсьць экзэмпляры, носьбітаў якіх нават пры вялікай фантазіі ніяк не аднясеш да хакейных дзяржаў. Напрыклад, джэрсі гульцоў зборных Кеніі, Марока, Тунісу ці Туркмэністану. А сёлета арганізаваны чацьвёрты па сіле хакейны дывізіён, дзе будуць і Малайзія, і Тайлянд, і Філіпіны, і іншая экзотыка.

«Нешта зьяўляецца, а пра штосьці мала вядома. Бо стыль unlucky (нешчасьлівы. — Рэд.) — пад нож. І вашай фэдэрацыі трэба форму з ручнічком, у якой летась вылецелі з эліты, спаліць і забыцца... Ці хто ў курсе, што Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка такая модная, што аж кожны год мяняе дызайн формы? Напрыклад, у мяне адзінага ў сьвеце на руках джэрсі Макао. Некалі швэдар Паўднёвай Карэі каштаваў 100 баксаў у дрэнны дзень, паўночнакарэйскага не было нічога. Цяпер наадварот: на ўсю Паўночную Амэрыку былі ўсяго чатыры майкі КНДР, а сёньня аддаюць за бесцань».

Паводле суразмоўцы, у асяродку міжнародных калекцыянэраў існуе вострая канкурэнцыя за валоданьне рэдкімі экзэмплярамі, колькасьць якіх ідзе на адзінкі. Джэрсі зь беларускай «Пагоняй» — адзін з самых ласых рарытэтаў для любога зьбіральніка.

Последние новости:
Популярные:
архив новостей


Вверх ↑
Новости Беларуси
© 2009 - 2024 Мой BY — Информационный портал Беларуси
Новости и события в Беларуси и мире.
Пресс-центр [email protected]