Братчыкі будуць ладзіць асветніцка-навуковыя мерапрыемствы.
Арганізацыйны сход Грамадскага навукова-культурнага аб’яднання «Менскае Хрысціянскае Брацтва» адбыўся 27 кастрычніка, паведамляе «Новы час».
Больш за 20 чалавек сталі заснавальнікамі гэтага аб’яднання-брацтва. У яго ўвайшлі прадстаўнікі грамадскіх арганізацый і партый, навукоўцы, людзі розных узростаў і веравызнанняў, якія вырашылі даследаваць гісторыю станаўлення і развіцця хрысціянства ў Літве-Беларусі ад часоў Полацкага Княства, Вялікага Літоўскага Княства, Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў (ліцвінаў і палякаў), Расійскай імперыі і пазнейшага часу, паглыбляць вывучэнне Святога Пісання, пашыраць выкарыстанне роднай беларускай мовы ў набажэнствах.
Сход закончыўся навуковым дакладам кандыдата філалагічных навук Алеся Жлуткі «Сакс Граматык і ўзнікненне хрысціянства ў Полацкай Зямлі ў 2-й палове IX ст. ад Нараджэння Хрыстовага» і дыскусіяй пасля яго.
Братчыкі вырашылі і надалей ладзіць асветніцка-навуковыя мерапрыемствы (нядзельныя школы, семінары, канферэнцыі, чытанні і інш.).
Наступны сход Менскага Хрысціянскага Брацтва адбудзецца ў лістападзе і будзе прысвечаны 140-годдзю мітрапаліта Менскага і Беларускага Мелхіседэка Паеўскага (ІІІ Мелхіседэкаўскія чытанні).
Плануецца выданне брашураў, кнігаў і іншых патрэбных грамадству твораў.
Існаванне хрысціянскіх брацтваў мае на нашай зямлі даўнюю традыцыю, якая паходзіць з 2-й паловы XVI стагоддзя і доўжылася да канца XVIII стагоддзя. Брацтвы існавалі ў Вільні (з 1584 г.), Магілёве (з 1589 г.), Берасці Літоўскім (з 1591), Слуцку (з 1606), Менску Літоўскім (з 1612), Пінску (з 1633), Барысаве, Воршы, Полацку, Мсціславе і іншых гарадах Беларусі.